Падчас II Еўрапейскіх гульняў спартсмены будуць бясплатна атрымліваць лекі
Фота: http://www.noc.by

Падчас II Еўрапейскіх гульняў у Мінску спартсмены, якія пражываюць у Алімпійскай вёсцы, змогуць бясплатна атрымаць неабходныя лекі, паведамляе прэс-служба Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Пра гэта казаў сёння на Рэспубліканскім навучальным семінары “Пытанні медыцынскага і антыдопінгавага забеспячэння II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч.

“На спартыўных аб’ектах і ў месцах пражывання атлетаў ўпершыню будзе наладжана работа паліклінік. Напрыклад, у Алімпійскай вёсцы спартсмены бясплатна змогуць атрымаць неабходныя лекі”, — казаў Дзмітрый Піневіч.

Дырэктар фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Георгій Катулін адзначыў, што медыцынскае і антыдопінгавае забеспячэнне з’яўляецца адным з асноўных кірункаў у падрыхтоўцы да II еўрапейскіх гульняў.

“Вядома, будуць працаваць незалежныя аглядальнікі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва. Яны ўжо падалі заяўку на пражыванне ў Алімпійскай вёсцы. Усё гэта робіцца для таго, каб быць у гушчы падзей і ажыццяўляць антыдопінгавы кантроль”, — упэўнены Георгій Катулін.

Плануецца, што кожны чацвёрты спартсмен будзе правярацца на наяўнасць допінгу ў арганізме.

Нагадаем, з 21 па 30 чэрвеня ў Мінску пройдуць II Еўрапейскія гульні. Удзел у іх возьмуць больш за 4 тысячы атлетаў з 50 краін. Будзе разыграна 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.