Уладзімір Ліпскі запрашае на літаратурны спектакль “Дзялюся крыламі”
Фота: sb.by

Творчы вечар Уладзіміра Ліпскага пройдзе ў Тэатры юнага гледача 10 студзеня

Мерапрыемства разлічана на тое, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да сучаснай беларускай літаратуры, вывесці на вялікую сцэну мастацкае слова. Вечар праводзіцца з нагоды саракагадовага юбілею пісьменніка на пасадзе галоўнага рэдактара “Вясёлкі”.

Гледачоў чакае літаратурны спектакль, напоўнены чытаннем твораў аўтара, прыемным музычным акампанементам і сустрэчай са знакамітымі людзьмі.

Уладзімір Ліпскі — беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат міжнароднай прэміі імя Альберта Швейцара і расійскай прэміі імя Аляксандра Грына. Трыццаць гадоў узначальвае Беларускі дзіцячы фонд. Ініцыятар і старшыня журы Усебеларускіх фестываляў народнага гумару ў Аўцюках. У творчым скарбе пісьменніка амаль семдзесят кніг для дзяцей і дарослых. Яго творы перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, нямецкую мовы.

У праграме літаратурнага спектакля “Дзялюся крыламі” прывітанне Міністра інфармацыі Беларусі, пісьменніка Алеся Карлюкевіча, прачытаюць творы аўтара народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, заслужаны артыст Леанід Улашчанка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і вядомы рэжысёр, артыст Валерый Анісенка, пісьменнікі Анатоль Зэкаў, Васіль Дранько-Майсюк, Рыгор Бабчанок, папулярны спявак Іван Буслай, вядучы спартыўных праграм Белтэлерадыёкампаніі Стас Ліпскі, пераможцы рэспубліканскага дзіцячага конкурсу “Жывая класіка”. Слова пра пісьменніка скажа дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, вядомы журналіст і педагог Мікалай Супрановіч. Павіншаваць любімага пісьменніка з розных раёнаў Беларусі прыедуць прыхільнікі яго творчасці і чытачы знакамітых дзіцячых часопісаў “Вясёлка”, “Буся”. Яны падрыхтавалі сцэнкі і ўрыўкі з кніг Уладзіміра Ліпскага. Знакамітыя гумарысты з Аўцюкоў прадставяць кнігу пісьменніка “Тармазні над “Аўцюкамі”, батлеечны тэатр бібліятэкі імя Васіля Віткі ажывіць урывак з кнігі аўтара “Грошык і таямнічы кошык”. Пацешаць гледачоў творамі свайго любімага аўтара самыя юныя артысты з дзіцячага садка “Ліхтарык”.

Акрамя ўрачыстай часткі вечера, гледачы змогуць паслухаць чароўную музыку ансамбля цымбалістаў “Васількі” з мінскай гімназіі №10, натхніцца выстаўкай таленавітага фатографа і відэографа Дзмітрыя Сапсая, паглядзець фільм пра юбіляра, пазнаёмяцца з выстаўкай малюнкаў да сенсацыйнага рамана Уладзіміра Ліпскага “Цар”, які рыхтуецца да выдання. Для жадаючых падрабязней азнаёміцца з творчасццю Уладзіміра Ліпскага будзе арганізавана кніжная выстаўка аўтара, на якой можна набыць яго новую кнігу “Мая Беларусь”. Таксама будуць прадстаўлены дзіцячыя часопісы “Вясёлка”, “Буся”, “Домік”.