Ці не надышоў час перагляду альбо скасавання дагавора 1999 года паміж Расіяй і Беларуссю аб стварэнні Саюзнай дзяржавы?
Фота: https://www.sonar2050.org/

Незвычайныя баталіі разгарнуліся напярэдадні Новага года паміж Мінскам і Масквой. Крэмль намёкамі і адкрыта паставіў перад А.Лукашэнкам ультыматум: у дагаворы 1999 года аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, маўляў, ёсць радкі наконт адзінага эмісійнага цэнтра і адзінай валюты – згодны перайсці на расійскі рубель, а таксама на тое, каб валютны друкарскі станок знаходзіўся ў Маскве, тады будзеце мець нейкія прэферэнцыі па газе і нафце. Калі ж пагадзіцца на такія кабальныя ўмовы, то і дурню зразумела, да чаго гэта можа прывесці: да развітання Беларусі з незалежнасцю, суверэнітэтам. У сувязі з такімі драматычнымі абставінамі востра паўстае пытанне: Ці не надышоў час перагляду альбо скасавання дагавора 1999 года паміж Расіяй і Беларуссю аб стварэнні Саюзнай дзяржавы?

ВІКТАР МАРГЕЛАЎ, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва:

– Я думаю, што такі час надышоў даўно. Мне давялося ўдзельнічаць у рабоце Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы, і я ўважліва перачытаў шэраг дакументаў, у тым ліку азнаёміўся з тэкстам гэтага дагавора. Шчыра кажучы, быў у шоку ад таго, наколькі прымітыўна ён складзены. Уражанне   такое, што яго ніхто і не збіраўся выконваць.

Акрамя таго, жыццё не стаіць на месцы і ўносіць свае карэктывы ў розныя аспекты. Тое, што мы раней лічылі дабром, сёння такім не з’яўляецца. Напрыклад, палажэнне аб адзінай валюце. У 1999 годзе, магчыма, 80 працэнтаў насельніцтва за гэта прагаласавала б, а сёння – дакладна не. Зараз мы разумеем каштоўнасць нацыянальнай валюты, разумеем, што можам страціць у выпадку, калі пазбавімся такога рычага.

АРСЕНІЙ СІВІЦКІ, палітычны аналітык, дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў:

– Відавочна, што ў сённяшніх геапалітычных умовах, калі Расія метадычна павялічвае ціск на Беларусь як эканамічны, так і ваенна-палітычны і інфармацыйны, для Крамля гэты дагавор 1999 года аб Саюзнай дзяржаве з’яўляецца нагодай, каб інкарпарыраваць Беларусь у свой склад,иузмацніць свой кантроль і ўплыў над нашай краінай. Відавочна, што беларускі лідар не пойдзе на такія стратэгічныя саступкі, якія падрывалі б суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны.  Бо тыя гарантыі, якія Масква можа гіпатэтычна даць узамен на саступкі, яна ж можа вельмі хутка і перагледзець. Даверу няма, асабліва пасля 2014 года, калі па сутнасці Расія здзейсніла ваенную агрэсію супраць сяброўскай Украіны, з якой у яе былі падпісаны ўсе магчымыя дамовы аб супрацоўніцтве.

На маю думку, мы зараз знаходзімся ў сітуацыі, калі беларускі бок будзе настойваць на тым, каб дагавор 1999 года перагледзець. Скасаваць складана, бо тады наступствы для Мінска будуць сур’ёзныя, Расія на такі крок будзе рэагаваць вельмі агрэсіўна. Але і перагледзець няпроста, таму, магчыма, застаецца толькі сабаціраваць альбо, як кажуць, забалбатаць, як гэта ўжо атрымлівалася раней. Таму, напэўна, і створана гэтая рабочая група па вывучэнні сітуацыі.

НАТАЛЛЯ САЎЧУК, настаўніца пачатковых класаў, Брэст:

– На маю думку, трэба скасаваць гэты дагавор. Я лічу, што краіны, як і людзі, мусяць вельмі адказна выбіраць сабе сяброў, думаць, у якім накірунку рухацца і развівацца. Для нас, жыхароў Заходняй Беларусі, больш прыязным выглядае сяброўства з еўрапейскімі краінамі. Мы туды ездзім, бачым, як там жывуць людзі, якія ў іх ёсць свабоды, як гэтыя краіны развіваюцца, на якіх каштоўнасцях будуюць сваё існаванне.

Мы можам параўноўваць. І калі наш усходні сусед, як мантру, паўтарае “інтэграцыя, інтэграцыя”, то заходнія краіны ставяцца да Беларусі лагодна, дружалюбна, паважліва. Я асабіста не хачу быць у складзе нейкай Саюзнай дзяржавы, лічу, што наша Беларусь можа і павінна быць незалежнай.

УЛАДЗІМІР ХІЛЬМАНОВІЧ, праваабаронца, Гродна:

– Дагавор аб Саюзнай дзяржаве супярэчыць беларускай Канстытуцыі, фактычна яго палажэнні перакрэсліваюць суверэнітэт беларускай дзяржавы. Яго трэба было скасаваць на наступны дзень пасля таго, як ён быў падпісаны.

ВАСІЛЬ КАВАЛЕЦ, пчаляр, г.п. Старобін Мінскай вобласці:

– Сучасная сітуацыя ў свеце такая, што ніводная краіна не можа існаваць самастойна, без інтэграцыі. Адбываецца пэўная спецыялізацыя краін у сферы эканомікі і гэтак далей. Аднак абавязковай умовай інтэграцыйных працэсаў з’яўляецца захаванне суверэнітэту краіны і роўнасць      партнёраў. Што тычыцца Расіі і нашых інтэграцыйных працэсаў, то я іх вітаю. Аднак на прынцыпах роўнасці. А мы што назіраем? Пастаянныя “войны” – малочная, газавая і г.д.

Лічу, што трэба спытацца ў нашага грамадства, як яно ставіцца да дагавора “Аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”, выгадны ці не гэты дагавор Беларусі, ці спрыяе яе развіццю, ці, можа, сапраўды нейкія аспекты, пункты лепей змяніць, перагледзець…

ВІКТАР ЛАМЕКА, прадпрымальнік, г. Зэльва Гродзенскай вобласці:

– Саюзны дагавор для беларускага народа не меў выгады ні тады, калі яго падпісвалі, ні цяпер. Ён закансерваваў нас у мінулым. Расійская Федэрацыя працягвае навязваць Беларусі і іншым сатэлітам тую мадэль развіцця, якая ўжо вычарпала сябе ў савецкія часы. Гэтая мадэль не пабудавана на агульначалавечых каштоўнасцях, як гэта зроблена на Захадзе і выпрабавана часам.  У гэтую мадэль не закладзены рост прыватнай ініцыятывы, яна не прадугледжвае справядлівай судовай сістэмы, не дае магчымасці чалавеку самарэалізавацца. Ні ў Расіі, ні ў Беларусі ўлады не ставяць такіх задач.

Тое, што Лукашэнка пачаў гаварыць аб тым, што мы не дапусцім страты суверэнітэту, выглядае, на мой погляд, непераканаўча. Бо, калі ён падпісваў такі дагавор, усім было зразумела, што мы ў выніку гэтага можам згубіць суверэнітэт.

АЛЕСЬ ДЗЕРГАЧОЎ, пенсіянер, г. Смаргонь:

– Фактычна Саюзная дзяржава не існуе, бо што тады азначаюць падатковыя манеўры Расіі, якія напроста супярэчаць саюзнай дамове? Усё робіцца ў аднабаковым парадку, а голас Беларусі ў гэтай сітуацыі ніхто нават і не ўлічвае.

Навошта пустыя размовы пра адзіны суд? Думаю, што не дойдзе справа і да агульнай валюты… На маю думку, надышоў час не проста перагледзець, а менавіта скасаваць гэты дакумент.

ЛЮДМІЛА БЯЛЬКЕВІЧ, хатняя гаспадыня, г. Салігорск:

– Паглядзіце, у Расіі ўсё менш паразумення з краінамі Еўропы, яна паўсюль бачыць ворагаў. Навошта нам тая сумесная дзяржава з такой Расіяй? Акрамя таго, Расія вялікая ў параўнанні з Беларуссю, у яе багатыя нетры, і наўрад ці больш моцная краіна ў складзе Саюзнай дзяржавы адмовіцца ад ціску на больш слабую. На маю думку, трэба перагледзець дагавор “Аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”.

НІНА ЯРМАЛІНСКАЯ, выхавальніца дзіцячага садка, г. Салігорск:

– Трэба абавязкова перагледзець той дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. А лепей нават і ўвогуле скасаваць. Ён не спрыяе іміджу нашай краіны, пагражае яе суверэнітэту. Яшчэ гэтая інтэграцыя небяспечна тым, што нашым беларускім хлопцам разам з расійскімі давядзецца ваяваць у нейкіх гарачых кропках – у той жа Сірыі ці яшчэ дзе. А навошта нам гэта?

СЯРГЕЙ ЧАРКАСАЎ, кіраўнік Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларускага незалежнага прафсаюза:

– Беларусь – еўрапейская краіна, і наша будучыня звязана менавіта з Еўропай. Дагавор “Аб стварэнні Саюзнай дзяржавы” трэба перагледзець.

У тым выглядзе, у якім ён ёсць зараз, – гэта фактычна зліццё з Расіяй. Я лічу, што такога не павінна быць!