І продкі, што ўжо на тым свеце, слухалі родныя песні
Фота Кацярыны Мядзведскай

Вось і мінуў 2018 год. Але многія падзеі, сустрэчы, якія адбыліся летась, застануцца ў памяці назаўжды.

Мне пашчасціла некалькі дзён правесці на сваёй малой радзіме. А нарадзіўся я ў вёсцы Гарывада Рэчыцкага раёна. Ля хаты бабулі поўзаў галышом у пяску, а затым, калі падрос, вучыўся ў райцэнтры, дзе мая дарагая матуля працавала на фанерна-мэблевым камбінаце.

І вось цягнік спыняецца на станцыі. Мы з салістам тэатра фальклору «Матуліна хата» Аляксеем Падальніцкім сыходзім на перон, і ён у поўны голас пачынае спяваць:

Родны прытулак, матуліна хата,

Родны з дзяцінства парог.

Ты выпраўляла, ты сустракала,

Нізкі табе, дарагая, паклон!

Маці, матуля, мама, –

Слова няма даражэй!

Маці, матуля, мама,

Ты ўсіх на свеце мілей!

Песню падхопліваюць многія з прысутных на пероне, і прывакзальная плошча напаўняецца нейкім   незвычайным святлом.

Мабыць, кожны ўспомніў сваю матулю, свой родны парог. У мяне перад вачыма паўстала не толькі маці, але за некалькі хвілін прамільгнула ўсё басаногае дзяцінства. На свет я з’явіўся ў 1941 годзе, падчас вайны не было чаго есці. Памятаю, як аднойчы ўбачыў на зямлі недаедзены некім   агрызак яблыка, падняў яго, выцер аб нагавіцу – і ў рот. Працаваць пачаў з дзесяці гадоў – пас коз, збіваў скрынкі ў складзе, дапамагаў маці па гаспадарцы.

Сустрэча з землякамі атрымалася надзвычай радаснай і ў той жа час шчымлівай.

Клуба ў маёй роднай вёсцы цяпер няма, але з суседняй вёскі, якая называецца Перасвятое, прывезлі лаву і ў прыгожым месцы пад адкрытым небам мы распачалі канцэрт. Жыхары Гарывады разам з намі і спявалі, і танчылі, вочы іх, як і нашы, ззялі ад радасці. Мікрафоны разносілі галасы далёка за вёску, і было бачна, як верхавіны сосен на могілках калыхаліся – нашы продкі з таго свету чулі знаёмыя родныя песні.

На канцэрце прысутнічалі дачка і сын майго хроснага бацькі – Зіна і Генадзь. Яны потым пачаставалі ўсіх артыстаў смачным салам, бярозавым сокам, яблыкамі… Вяскоўцы доўга не хацелі развітвацца з намі. Я шчыра падзякаваў за душэўны прыём старшыні Перасвятоўскага сельсавета Вячаславу Іванавічу Марозу, дырэктару мясцовай школы мы падарылі набор цукерак, а ад яго атрымалі цудоўны альбом пра рэчыцкі край.

Напрыканцы нашай сустрэчы мікрафон узяў старэйшы жыхар вёскі (на жаль, прозвішча не ведаю), ён сказаў, што з’яўляецца падпісчыкам «Народнай Волі» і вельмі рады чуць беларускую мову. На маіх вачах з’явіліся слёзы, калі ён абняў мяне і па-бацькоўску заспяваў:

Бывайце здаровы,

Жывіце багата!

А вёска Гарывада –

Ваша хата.

Артысты мясцовага ансамбля «Жывіца» і нашай «Матулінай хаты» падхапілі словамі:

Жадаем вам, каб заўсёды, навекі

Цяклі з вашай фермы малочныя рэкі!

Каб была ў дастатку і хлеба, і сала,

А скварка на патэльні заўсёды скакала!

У тыя яшчэ цёплыя дні канцэрты з нашым удзелам адбыліся і ў іншых населеных пунктах рэгіёна. І ўсюды – удзячныя апладысменты, абдымкі, радасныя ўсмешкі.

Ці можна забыць такія хвіліны? Таму я хоць і са спазненнем, але хачу выказаць глыбокую падзяку мастацкаму кіраўніку Рэчыцкага палаца культуры Людміле Грызуновай, старшыні Салтаноўскага сельсавета Наталлі Шынгірэй, старшыні Перасвятоўскага сельсавета Вячаславу Марозу, якія напоўнілі знаходжанне артыстаў тэатра фальклору «Матуліна хата» на роднай мне рэчыцкай зямлі вялікай увагай, душэўнасцю і цеплынёй.

Будуць мінаць гады, але такое ніколі не забудзецца.