Аляксандр Яфімаў: «Нехта вельмі не хоча, каб Астапчук ставіла новыя рэкорды»
Фота: https://www.golos-ameriki.ru

Трэнер спартсменкі распавёў «Народнай Волі», што для вяртання ў вялікі спорт яго выхаванка павінна вярнуць вялікую суму грошай.

Нагадаем, беларуская штурхальніца ядра Надзея Астапчук заваявала залаты медаль на Алімпіядзе-2012 у Лондане, але ў хуткім часе стала вядома, што яе допінг-проба аказалася станоўчай. У выніку медаль забралі, а спартсменку дыскваліфікавалі на 4 гады.

У жніўні 2016 года дыскваліфікацыя закончылася, але прыйшла яшчэ адна непрыеная навіна: пасля пераправеркі па новых тэхналогіях допінг-проб Алімпіяды-2008 у Надзеі Астапчук знайшлі     забаронены прэпарат, пасля чаго таксама пазбавілі бронзавага медаля Гульняў.

Днямі старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі распавёў у эфіры на «Беларусь 5», пры якой умове Надзея Астапчук можа зноў выступаць на афіцыйных спаборніцтвах.

«Перад Астапчук стаіць задача вяртання ўсіх прэміяльных, – паведаміў ён. – Гэта даволі вялікая сума. Так прадугледжана рэгламентам, калі яна хоча вярнуцца ў спорт. Тэарэтычна гэта магчыма. Зараз абмяркоўваем з ёй гэтую сітуацыю, якім чынам паступіць. Ад правіл ніхто не адступіцца. Але і ў яе, і ў нас ёсць жаданне, каб спартсменка працягвала выступаць».

– Надзея працягвае трэніравацца і спадзяецца, што ўсё-такі зможа ўдзельнічаць у спаборніцтвах, – кажа трэнер спартсменкі Аляксандр Яфімаў.  – Мы пачалі займацца са снежня мінулага года, а гэтым летам Надзя выйшла на дастаткова высокі ўзровень – трэніровачны вынік быў 19,06.

Усе верылі, што спартсменку дапусцяць да спаборніцтваў, але Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі ў апошні момант нас тармазнула. Гэта вельмі балюча ўдарыла па Надзеі, пасля гэтага яна нават перастала трэніравацца. Некалькі месяцаў адыходзіла ад такой навіны, а зараз ізноў прыйшла на трэніроўкі.

Дарэчы, Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі мае ўсе дакументы, што з Астапчук усе дысцыплінарныя абмежаванні знялі. Застаецца «дробязь» – выплаціць прэміяльныя, пачынаючы з 2008 года.

– Пра якую суму ідзе размова? Некаторыя кажуць пра некалькі сот тысяч долараў…

– Я не магу сказаць дакладна па той простай прычыне, што не ведаю яе. Мая справа трэніраваць, а не лічыць чужыя грошы.

– Як, на ваш погляд, можна будзе вырашыць складаную сітуацыю? Наўрад ці Надзя знойдзе такую вялікую суму…

– Не ведаю, тут, відаць, вырашэнне пытанняў будзе ісці праз нашу федэрацыю. Можа быць, выхад з сітуацыі ў рэшце рэшт знойдуць. Зрэшты, тут усё ў тумане, але іншае мне вядома дакладна — спартсменка вельмі хоча быць ізноў у спорце.

– За кошт чаго яна зараз вяртаецца на высокі ўзровень? Столькі ж не трэніравалася…

– У яе цудоўны фундамент! Дарэчы, мы разлічвалі выступіць на спаборніцтвах ужо на пачатку ліпеня гэтага года, але перад Астапчук паставілі шлагбаум.

І справа, можа быць, нават не ў грашах, якія патрабуе зараз Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі, а ў канкурэнцыі. Нехта вельмі не хоча, каб Астапчук ставіла новыя рэкорды. Чаму нельга разглядаць такі варыянт? Некаторыя цудоўна разумеюць, што Надзея Астапчук, калі вернецца на стадыён, можа адціснуць убок вельмі многіх. Вось яе і трымаюць на адлегласці. Гэта, безумоўна, мая асабістая версія, але хіба ў нас не было выпадкаў, калі прадстаўнікі розных федэрацый лабіравалі інтарэсы сваіх краін? Успомніце: па чыёй віне зборная Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ не патрапіла на апошнюю Алімпіяду? А пасля Гульняў, калі ўсе медалі былі размеркаваны без нас, з каманды знялі абвінавачанні.

Таму, безумоўна, прабіць гэтую бюракратычную сцяну будзе надзвычай складана. Не ведаю, ці ўдасца знайсці паразуменне з Міжнароднай федэрацыяй лёгкай атлетыкі і ці пойдзе тая насустрач спартсменцы, якую я працягну трэніраваць.

– Зараз вы трэнерам працуеце афіцыйна?

– Афіцыйна я пенсіянер. А ў камандзе ў мяне пасада гучыць крыху незвычайна: кансультант жонкі, якая працуе трэнерам.

Артыкул выйшаў у газеце «Народная Воля», №103 за 28 снежня 2018 года.