Пра Беларусь 1917–1922-х гадоў даведваемся са старонак старых газет

Сёння з друку выйшла падрыхтаванае Нацыянальнай бiблiятэкай Беларусi мультымедыйнае выданне «Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 гг.», паведаміў “Народнай Волі” намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.

Падзеi стогадовай даўнiны кардынальна змянiлi жыццНационаё многiх народаў свету. Беларусь таксама наблізілася да выбару свайго гістарычнага шляху. Канцэпцыя беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў 1917–1922 гг. прайшла эвалюцыю ад Першага Усебеларускага з’езда і абвяшчэння незалежнасці БНР, а таксама ССРБ, ЛітБелССР і да ўваходжання БССР у склад Савецкага Саюза і фарміравання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы.

Беларускія газеты, заснаваныя ў складаны час узрушэнняў, перамен і пабудовы новага дзяржаўнага ладу, сталі сапраўдным летапісам жыцця беларускага народа, каштоўнымі першакрыніцамі і неперадузятымі сведкамі свайго часу.

У мультымедыйным выданні прадстаўлены электронныя копіі каля 2400 нумароў газет, якія выходзілі ў 1917–1922 гг. на тэрыторыі сучаснай Беларусі і за яе межамі, але мелі дачыненне да Беларусі (Вільня, Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск, Масква, Орша, Смаленск і інш.) — з фондаў Нацыянальнай бібліятэкi Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь i iншых арганiзацый Беларусі і замежжа.

Электроннае выданне падрыхтавана на беларускай і рускай мовах і разлічана на навукоўцаў, выкладчыкаў, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў ВНУ, краязнаўцаў, а таксама на ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй.

Дарэчы, 10 студзеня 2019 г. а 16 гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi (пр. Незалежнасці, 116) адбудзецца прэзентацыя гэтага выдання. Уваход вольны!