Нацбанк: Як папаўняюцца золатавалютныя рэзервы Беларусі
Фото: thinktanks.by

Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 студзеня склалі 7 157,6 млн. долараў ЗША, паведамляюць у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь на 1 студзеня 2019 года, па папярэдніх зветсках, склалі 7 157,6 млн. долараў ЗША (у эквіваленце).

За снежань 2018 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 282,3 млн. долараў ЗША (на 3,8 працэнта) пасля росту ў лістападзе 2018 года на 332,3 млн. долараў ЗША (на 4,7 працэнта).

У снежні 2018 года Урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 940 млн. долараў ЗША, у тым ліку датэрмінова – 470 млн. долараў ЗША.

Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у снежні спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на таргах ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа». Станоўчы ўплыў на ўзровень рэзерваў таксама аказала павелічэнне кошту манетарнага золата.

Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння Урадам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен быў скласці не менш за 6 млрд. долараў ЗША.

У цэлым па выніках 2018 года зніжэнне рэзерваў склала 157,7 млн. долараў ЗША (2,2 працэнта).

Пры гэтым Урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь за 2018 год выканана абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 5,7 млрд. долараў ЗША.

Папаўненне золатавалютных рэзерваў у 2018 годзе ажыццяўлялася ў асноўным за кошт недаўгавых крыніц: паступлення ў бюджэт падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў у замежнай валюце, а таксама куплі замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку. Станоўчы ўплыў на ўзровень золатавалютных рэзерваў таксама аказалі выпуск Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў валютных аблігацый на ўнутраным рынку і паступленне сродкаў ад размяшчэння еўрааблігацый на знешніх фінансавых рынках.

У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2020 года павінен скласці не менш за 7,1 млрд. долараў ЗША.