Зоя Белахвосцік

Яе дзед Глеб Глебаў і бацька Валянцін Белахвосцік – абодва народныя артысты, служылі ў купалаўскай трупе – асобы-эпохі нацыянальнага тэатра. Можна сказаць, Зоя Белахвосцік ужо нарадзілася знакамітай. Думаеце, гэта лёгкая ноша? Гэтыя родавыя бліскаўкі маглі стаць не ўпрыгажэннем, а прыкрай мішурой у творчай біяграфіі, калі б са светлым німбам сямейнай вядомасці продкі не падарылі ёй велізарную працаздольнасць, дысцыплінаванасць і сціпласць. І, натуральна, зерне акцёрскага дару.

З гадамі ўсё гэта сплавілася ў самабытны талент, якім Зоя Валянцінаўна, таксама актрыса Купалаўскага тэатра, хутка адмяла ўсякія сумненні ў яе праве на прафесію. Яна вельмі рана атрымала званне заслужанай артысткі. А вось наступная прыступка, званне народнай, трохі затрымалася, быццам правяраючы яе на трываласць…

– Зоя Валянцінаўна, “Народная Воля” віншуе вас з высокім званнем народнай артысткі! Няхай гавораць, што гэта ўсё ўмоўнасці, але…

– …але яны ёсць у кожнай дзяржаве, толькі па-рознаму называюцца. Мне, несумненна, прыемна. Дый многія гледачы думалі, што народная я даўно, і цяпер вельмі здзівіліся гэтаму паведамленню. Прызнацца, гэты нюанс асабліва дарагі – калі афіцыйнае рашэнне ідзе ўслед за народным меркаваннем, а не наадварот.

– Калі вы 36 гадоў таму прыйшлі ў Купалаўскі, вы былі ўпэўнены, што гэта назаўжды?

– Вядома.

– То бок вы такі адналюб?

– Адналюб ва ўсім!

– І будні вас не стамляюць? Ніколі не хацелася крута скокнуць?

– Скокнуць можна было ў маладосці, тым больш былі ўсякія прапановы. Але калі гэтыя прапановы паступалі – напрыклад, у Польшчу з’ехаць, – у мяне якраз у тэатры адбывалася нешта добрае, ды і ў краіне справы наладжвалiся. І я не разумела, навошта гэта трэба рабіць. Потым быў перыяд, калі я пра гэта пашкадавала, але толькі крыху. Наогул, пасля інстытута я зусім не спадзявалася трапіць адразу ў Купалаўскі…

– Напэўна, з-за дзядулі і таты, знакамітых артыстаў-купалаўцаў?

– І гэта таксама.

– Дынастыя доўга ціснула на вас?

– Доўга. Першыя дзесяць гадоў дакладна. Актрысе лепш пачынаць свой творчы шлях
незнаёмкай. А калі за тваёй спінай такая, як у мяне, тэатральная сям’я, гэта велізарная адказнасць, вялікі цяжар. Хрыбет можа і не вытрымаць. Таму маёй дачцэ яшчэ горш. У мяне хоць тата ды дзядуля, а актрысу Валянціну Гарцуеву параўноўваюць яшчэ і “па жаночай лініі” – якая яна ў параўнанні са мной. Не ведаю, як яна ўсё гэта пераносіла спачатку. Зараз яе пазіцыі ўмацаваліся…

Поўны тэкст інтэрв’ю з Народнай артысткай Беларусі Зояй Белахвосцік чытайце ў газеце «Народная Воля» за 9 студзеня.