БЕЛАРУСКІ БІЁГРАФ ДЖОРДЖА ВАШЫНГТОНА
ДЖОРДЖ ВАШЫНГТОН. Фота: http://www.h-rf.ru

Хачу   расказаць   чытачам «Народнай Волі» пра тых нашых слынных землякоў, якія па розных прычынах лічацца хутчэй прадстаўнікамі суседніх краін, і таму іх дзейнасць, на жаль, амаль не вядома беларусам.

Юліян Урсын Нямцэвіч (1758–1841).

Знакаміты польскі пісьменнік, аўтар шэрагу раманаў, п’ес, паэтычных твораў, перакладчык, асветнік, палітычны дзеяч (дэпутат Чатырохгадовага сойма Рэчы Паспалітай, адзін з аўтараў  Канстытуцыі 3 мая 1791  года).

БЕЛАРУСКІ БІЁГРАФ ДЖОРДЖА ВАШЫНГТОНА
Юліян Урсын Нямцэвіч. Фота: http://podmoskovnye.ru

Нарадзіўся ён у вёсцы  Скокі  каля  Брэста  ў  шляхецкай  сям’і. Ад’ютант і сябра Тадэвуша Касцюшкі    падчас паўстання 1794 года супраць падзелу  Рэчы Паспалітай, разам з ім быў   арыштаваны, кінуты  ў  Петрапаўлаўскую  крэпасць.  Пасля  вызвалення  абодва   вымушаны   былі   з’ехаць   у   Амерыку,  дзе  Нямцэвіч  правёў з  перапынкам  дзесяць  гадоў  (з 1797-га  па  1807-ы).  Быў знаёмы  з  Джорджам Вашынгтонам,  Томасам  Джэферсанам, Джонам Адамсам.

У   1803 годзе падчас   знаходжання ў Варшаве ён надрукаваў кнігу пра першага прэзідэнта ЗША «Кароткія звесткі аб жыцці  і справах генерала  Вашынгтона»  (Krotka wiadomosc  о zyciu i sprawach   Generala Washingtona), якая стала  адной  з  першых  публікацый пра гэтага  знакамітага  чалавека.  Асаблівасць і вартасць  кнігі  Ю.У.Нямцэвіча  ў  тым,  што  яна напісана  на  падставе  асабістых  стасункаў  аўтара  з  чалавекам,  якому  Амерыка  абавязана  сваёй  незалежнасцю  і  палітычнай  сістэмай. Нашаму земляку пашчасціла правесці амаль тры тыдні  ў  сям’і  Вашынгтона, назіраць  за  ладам  яго  жыцця, звычкамі, адносінамі з роднымі і   знаёмымі,   гутарыць з  им на розныя тэмы,   даведацца   пра меркаванні  генерала  па  многіх пытаннях. Гэтыя звесткі  і склалі змест кнігі, якая пабачыла  свет  у  Варшаве  ў  1803  годзе,  праз  чатыры  гады  пасля  смерці  прэзідэнта.

У кнізе 120 старонак. Першая частка ўяўляе сабой кароткі нарыс пра біяграфію Вашынгтона, заснаваны на публікацыях іншых людзей. Нямцэвіч распавядае пра юнацтва Вашынгтона, пра     яго  сямейнае жыццё,  пра  яго ваенны   талент,   пра   абранне  галоўнакамандуючым амерыканскай  арміяй, пра ролю генерала ў  Вайне  за  незалежнасць,  пра  праблемы,  якія  таму  прыйшлося   вырашаць   падчас  гэтых падзей.

«Мусіў змагацца з зайздрасцю і  непаслухмянасцю. Неаднойчы салдаты неаплачваемай міліцэйскай арміі, даўно церпячы голад, недахоп адзення і нават абутку, альбо пакідалі лагер і разыходзіліся па дамах, альбо, узбунтаваўшыся, са зброяй дамагаліся належнага ім.

Сваёй паважнасцю, сталасцю, красамоўствам сунімаў гэтыя бурныях валяванні, улагоджваў узрушаныя пачуцці, знішчаў намеры, якія маглі несці з сабою самыя страшныя вынікі. Цяжка было     знаходзіцца ў такіх далікатных абставінах і цяжка было выйсці з іх з вялікай славай» (тут і далей пераклад Я.А.Язвінскай).

Нямцэвіч распавядае пра тое, як горача сустракала Вашынгтона і яго армію насельніцтва Нью-Ёрка, Філадэльфіі і іншых гарадоў, вызваленых ад англійскага войска.

«Усе бачылі ў ім вызваліцеля айчыны, усе дзівіліся яго сціпласці, ветлівасці, людскасці, з якой ён абышоўся з лаялістамі (так звалі тых   амерыканцаў, якія на пачатку рэвалюцыі перайшлі на бок   англічан), мудрасцю спосабаў, якімі ўлагоджваў лютасць бакоў, якія пасля сямі гадоў раздзелу ўпершыню ўбачыліся разам».

Далей аўтар вядзе размову пра добраахвотную адстаўку генерала з пасады галоўнакамандуючага і поўнасцю цытуе яго прамову з гэтай нагоды, а таксама красамоўна апісвае збянтэжанасць, якую гэты ўчынак выклікаў у амерыканцаў. Даволі падрабязна Нямцэвіч распавядае пра жыццё Вашынгтона ў гады, калі той быў проста прыватнай асобай, пра яго гаспадарчыя клопаты, пра добраўпарадкаванне рэчышча ракі Патамак, паблізу якой стаяла (і стаіць зараз) яго сядзіба Маўнт-Вернан, пра будаўніцтва мастоў і каналаў, што рабілася па ініцыятыве і з непасрэдным удзелам   генерала. Потым аўтар пераходзіць да прычын і падзей, якія прывялі да стварэння Злучаных Штатаў, і апісвае сцэну, падчас якой Бенджамін Франклін, які, як планавалася, павінен быў узначаліць гэтае аб’яднанне, узяўшы за руку Вашынгтона, пасадзіў яго на сваё месца са словамі: «Вось чалавек, які павінен быць нашым прэзідэнтам».

Каментарый, які робіць Нямцэвіч у канцы першай часткі сваёй кнігі, заслугоўвае таго, каб прывесці яго поўнасцю: «Гэта было шчасце Амерыкі (якое, на жаль, дано не ўсім краінам), што новы яе ўрад пачаўся пад кіраўніцтвам чалавека, які навучыў народ любіць і шанаваць сваю канстытуцыю. Ён суняў бурлівыя змовы, устанавіў справядлівасць, заахвочваў навукі, земляробства і гандаль, заснаваў банкі, увёў просты і выдатны спосаб анулявання даўгоў Рэспублікі і пратэрмінаванай платы войску. Адным словам, увёў сучасную фінансавую сістэму.

Двойчы абраны прэзідэнтам, Вашынгтон правёў восем гадоў на гэтай важнай пасадзе. Для такога чалавека, як ён, было дастаткова часу, каб даць новым законам пэўны і паслядоўна несупынны рух і прывесці ўсё ў прыстойны выгляд. Яго пераемніку засталася больш лёгкая праца.

Адважны без ліхацтва, чалавечны без слабасці, шчодры без марнатраўства. Колькі разоў ён прыходзіў на дапамогу няшчасным, колькі разоў узнагароджваў адважныя і прыгожыя ўчынкі!… Спалучаў таленты і дабрачыннасць, якія ўпрыгожваюць чалавека – грамадзяніна і чыноўніка: мудрасць, памяркоўнасць, святло, чалавечнасць і сціпласць, цноту, якія забяспечвалі яму пашану   і павагу суграмадзян-сучаснікаў і нашчадкаў. Такім ён быў як галоўнакамандуючы ад 1775-га да 1783 года, як прыватная асоба ад 1783-га да 1789-га, нарэшце, як прэзідэнт Злучаных Штатаў з гэтага года аж да сваёй абдыкацыі ў 1796-м».

Не варта думаць, што Нямцэвіч стварае з асобы Вашынгтона нейкага ідала. Ён падкрэслівае, што той падчас і памыляўся, але яго дабрадзейнасць і паслугі, якія ён аказаў сваёй айчыне, намнога пераўзыходзяць яго недахопы. Аўтар біяграфіі адзначае, што не толькі талент і мудрасць Вашынгтона, але і аб’ектыўныя фактары спрыялі поспеху Амерыкі: «Сотні разоў я ў думках услаўляў цудоўнае спалучэнне шанцаў і абставін, якія зрабілі Амерыку свабоднай і арганізаванай    нацыяй».

У незалежнасці Амерыкі Нямцэвіч бачыць здзяйсненне асветніцкіх ідэалаў свабоды і справядлівасці, якія, на жаль, не здзейсніліся ў Францыі, і выказвае занепакоенасць, каб дасягненні Амерыканскай рэвалюцыі не былі пахаваны пад цяжарам людскіх заганаў, бо «тады можна думаць, што чалавек не варты свабоды і што ўлада народа з’яўляецца пустой і нікчэмнай марай».

Відавочна, што гэтыя словы напісаны чалавекам, які мае вопыт палітычнай дзейнасці і які прайшоў цяжкі шлях надзей і ўзрушэнняў, спадзяванняў і расчараванняў, чалавекам, які цяжка перажывае за лёс сваёй айчыны, што марнее пад гнётам несвабоды.

Першая частка кнігі заканчваецца аповедам пра абдыкацыю, гэта значыць дабравольнае   складанне Вашынгтонам прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

Аўтар прыводзіць у кнізе поўны тэкст прамовы Вашынгтона ў Кангрэсе ў час гэтай падзеі.

Другая частка «Кароткіх звестак аб жыцці і справах генерала Вашынгтона» ўяўляе сабой дэталёвы аповед пра першае знаёмства Ю.У.Нямцэвіча з Вашынгтонам напрыканцы мая 1798 года і пра яго гасцяванне ў маёнтку Маўнт-Вернан з 2 па 14 чэрвеня 1798 года. Знаёмства адбылося ў доме пані Марты Петэрс, унучкі генералавай жонкі, куды Нямцэвіча прывёз яго прыяцель спадар Лоў, жанаты на другой унучцы. (блізняты Элізабет і Марта – дзве ўнучкі генералавай жонкі). Вось як апісвае Нямцэвіч сваё хваляванне перад сустрэчай з генералам Вашынгтонам: «Можна ўявіць, як білася маё сэрца, калі ўбачыў я чалавека, якога паважаў з юначых гадоў, чалавека, якога так не хапала для выратавання маёй няшчаснай радзімы».

Аўтар даволі падрабязна апісвае сваё першае ўражанне аб Вашынгтоне, яго постаць, твар, вопратку і перадае змест іх кароткага дыялогу і далейшай агульнай бяседы, якая ў асноўным тычылася праблем земляробства.

Нямцэвіч прыводзіць жарт Вашынгтона ў адрас аднаго са знакамітых людзей і робіць выснову, што памыляюцца тыя, хто лічыць, што ў генерала адсутнічае пачуццё гумару, бо, як ён кажа, яны «бачылі яго толькі ў лагерах альбо ў прэзідэнцкім крэсле».

На наступны дзень Нямцэвіч ізноў сустрэўся з генералам у тым жа доме, а потым яшчэ два дні, 24 і 25 мая, сустракаўся з ім у доме спадароў Лоў. На развітанне Вашынгтон запрасіў Нямцэвіча пагасціць у яго маёнтку Маўнт-Вернан, куды той і накіраваўся зранку 2 чэрвеня разам са спадаром Лоў.

Аўтар апісвае свае ўражанні ад гэтага падарожжа. Так, ён са здзіўленнем адзначае, што ў Мэрылэндзе бачыў мноства маладых людзей, якія гулялі ў більярд. Высветлілася, што гульня   была заканадаўча забаронена ў Вірджыніі, таму гульцы перапраўляліся на другі бераг ракі Патамак у другі штат, каб там правесці час за сваёй улюбёнай гульнёй.  Нямцэвіч дэталёва пералічвае расліннасць паабапал дарогі, выказвае здзіўленне інфармацыяй аб тым, што прычынай урадлівасці пшаніцы было тое, што зямля ўгнойвалася галовамі селядцоў, наракае на дарагавізну табаку ў краіне, якая славіцца ў свеце вырошчваннем гэтай расліны, і робіць іншыя цікавыя назіранні.

Далей Нямцэвіч дэталёва апісвае маёнтак Вашынгтонаў Маўнт-Вернан, адзначае разумнасць     архітэктуры самога будынка і расліннага атачэння.

Іх сустрэла гаспадыня – спадарыня Марта Вашынгтон, сам генерал прыехаў вярхом на кані крыху пазней. Пакуль генерал пераапранаўся, госці агледзелі дом. Нямцэвіч адзначае якасць і стан карцін, якімі аздоблена зала: партрэты генерала і яго жонкі, дзяцей пані Вашынгтон, графа Лафаета з сям’ёй і г.д З замілаваннем паэтычна апісвае прыгожыя краявіды, якія адкрываліся   вачам з галерэі: рака Патамак, дрэвы, караблі, рознакаляровыя і рознапамерныя птушкі   –   кардыналы, робінсы, калібры. Апісвае прыезд яшчэ адной унучкі пані Вашынгтон, панны Касціс, якая ўразіла Нямцэвіча незвычайнай прыгажосцю і талентамі.

Потым генерал паказаў гасцям свае сад і агарод. На некалькіх старонках Нямцэвіч апісвае прыгажосць раслін, адзначае, чым адрозніваліся альбо былі падобныя яны на расліны ў родных Пулавах пад Варшавай, асабліва звяртаючы ўвагу на незнаёмыя яму дрэвы і кусты. Падкрэслівае густ Вашынгтона, які адчуваецца ва ўсім маёнтку.

У нядзелю 3 чэрвеня генерал Вашынгтон быў заняты напісаннем лістоў, а Нямцэвіч з панам Лоў аглядалі наваколле. Нядзельным вечарам у Вашынгтонаў было даволі многа гасцей, але, як адзначае Нямцэвіч, не было ни музыкі, ні гульняў, бо ў нядзелю «ў Амерыцы ніхто не дазваляе   сабе нават ценю забавы». А дзявятай гадзіне ўсе адправіліся адпачываць.

4 чэрвеня, у панядзелак, Нямцэвіч і пан Лоў паехалі па палетках і землях Вашынгтона. Нямцэвіч падрабязна паведамляе са слоў сябра пра тое, як атрымаў Вашынгтон тую ці іншую маёмасць, колькі каштаваў той ці іншы кавалак зямлі, як выкарыстоўваюцца землі, якія хатнія жывёлы гадуюцца ў гаспадарцы, як працуюць млын і бровар. Чым выклікана такое падрабязнае выкладанне аўтарам гэтых звестак? Па-першае, яны былі цікавы самому Нямцэвічу, бо ён заўсёды марыў мець свой кавалак зямлі і працаваць на ім, па-другое, быў упэўнены, што гэта зацікавіць і яго суайчыннікаў, якім і была прызначана яго кніга.  Аўтар таксама паведамляе пра становішча муржынаў (чорных рабоў), пра ўмовы іх жыцця і працы, пра правядзенне вольнага часу і пра іх характары. Ён робіць цікавае назіранне наконт валодання рабамі англійскай і французскай мовамі: у англійскамоўных сем’ях чарнаскурыя рабы адносна добра валодалі англійскай мовай, у той час як сярод нявольнікаў у французскіх сем’ях валоданне французскай мовай было больш слабае.   Нямцэвіч выказвае думку, што «амерыканскія паны больш кантактуюць, больш размаўляюць са   сваімі нявольнікамі, чым французы». Уся інфармацыя пра становішча, звычаі і паводзіны рабоў атрымана ім як з асабістых назіранняў, так і з аповедаў гасцінных гаспадароў. У Вашынгтона было каля 500 рабоў. Рабаўладанне заўсёды выклікала ў Нямцэвіча абурэнне, таму тут ён адзначае, што     польскія прыгонныя сяляне больш шчаслівыя за рабоў. Пазней ён пазначыць, што ў адпаведнасці з апошняй воляй Вашынгтона яго рабы былі адпушчаны на свабоду.

У наступны дзень сам генерал паказваў госцю свае землі, здзіўляючы таго ўласнымі тэхнічнымі вынаходствамі розных сельскагаспадарчых прылад, напрыклад, сеялкі і малатарні. За абедам і ўвечары яны доўга размаўлялі на гаспадарчыя і палітычныя тэмы. Тут Нямцэвіч адмятае існуючыя   меркаванні пра маўклівасць і некамунікабельнасць генерала: Вашынгтон станавіўся гаваркім, калі быў зацікаўлены ў тэме бяседы, як, напрыклад, пры размове пра Французскую рэвалюцыю.

Нямцэвіч цытуе яго прамову: «Ніхто не адчуў большую за мяне радасць, калі я даведаўся аб Французскай    рэвалюцыі. Прызнаюся, што я ніколі не спадзяваўся, што Францыя калі-небудзь стане сапраўды народнай рэспублікай.  Краіна, у звычаях сапсаваная, у межах расцягнутая, маючая   шматлікі народ. У народным характары неспакойная і ні ў чым не ведаючая меры. Але я разумеў, што французы створаць нешта падобное і нават лепшае за англійскую канстытуцыю.

Правілы і дзеянні першага сходу былі скіраваны на гэта, але неўзабаве памылкі караля, а хутчэй за ўсё, акружаючых яго асоб, слепата шляхты … адчынілі ганарыстым і запальчывым дэмагогам поле для крывавых сутычак і з сабою, і з усім светам. Тады знікла першая мэта, дзеля якой пачалі рэвалюцыю.  Надышлі вар’яцкія і нягодныя правілы; увесь народ праліваў кроў, пакутаваў праз задумкі і заўзятасць некалькіх задзірыстых верхаводаў…  Адно за адным шлі заваяванні, але ж чым скончылася?  Ці сама Францыя зараз вальнейшая і шчаслівейшая, чым была?  …Па-мойму, усё з-за ганарыстасці і жадання грошай.  О, бедная свабода! Як жа цябе зняважылі!»

Нямцэвіч адзначае вялікую эмацыйнасць і ўзрушанасць Вашынгтона ў час прамаўлення  гэтых  слоў:  гнеў  вымусіў яго спыніцца.

Тут Нямцэвіч ужо на падставе сваіх назіранняў абагульняе свае ўражанні пра Вашынгтона.

«Вашынгтон можа памыляцца, бо ён чалавек, але, кажучы наогул, гэта вялікі чалавек, беззаганны і бескарыслівы, яго цнота роўная паслугам, якія ён аддаў сваёй айчыне.  У бітвах паказаў адвагу і выдатнае веданне ваеннай справы, у неспрыяльныя і цяжкія часы – сталасць і вытрымку, ва ўсіх абставінах – сціпласціь і бескарыслівасць. Служыў усю вайну без аніякай платы, а ў час ўсеагульнага парыву ўдзячных суайчыннікаў ніколі не хацеў прыняць ніякай узнагароды; даказаў нарэшце, што ніколі не прагнуў славы і магутнасці; маючы магчымасць застацца да смерці на чале ўрада і пры найвышэйшай уладзе, добраахвотна адмовіўся ад прэзідэнцтва».

Нямцэвіч апісвае распарадак дня Вашынгтона: устае а пятай гадзіне раніцы, піша альбо чытае да сёмай. А сёма усе дамашнія і госці павінны быць у сталовай. Сняданак яго складаецца з гарбаты і ляпёшак (лазанкаў) з маісу (кукурузы), змазаных гарачым маслам і мёдам. Адразу пасля снедання на кані аб’язджае свае ўладанні, дае распараджэнні аканому, часта сам бярэцца за сякеру альбо іншыя прылады.  Пасля дзвюх гадзін вяртаецца дамоў, пераапранаецца і ідзе да стала.  Любіць пагутарыць з прыяцелямі за кілішкам мадэры, пасля абеду чытае газеты, якіх штодзённа атрымлівае каля дванаццаці асобнікаў, адказвае на лісты, зноў вяртаецца да размовы, а дзявятай ідзе адпачываць.

З вялікай прыязнасцю аўтар кнігі апісвае пані Вашынгтон як прыемную, чулую і спагадлівую  жанчыну,  цікавую  суразмоўцу;  яна  распавядала  свайму  госцю  пра  былыя  часы,  пра  звычкі  сваіх  суайчыннікаў. Яна падарыла Нямцэвічу філіжанку са сваёй манаграмай і назвамі ўсіх штатаў,  злучаных  у  адну  краіну,  а  яе  ўнучка  –  панна  Касціс  –  свой малюнак  з  прыгожымі  кветкамі.  Такія адносіны былі, несумненна, вельмі дарагімі для Нямцэвіча.

«Для мяне ў гэтым шаноўным доме было столькі прыхільнасці і павагі, што і сваяку мец немагчыма», – піша ён.

Хоць Нямцэвічу было цёпла і ўтульна ў доме Вашынгтонаў, але туга па радзіме раз-пораз ахоплівала яго. Неаднойчы ў яго дзённіку адчуваюцца настальгічныя ноткі, бо Маўнт-Вернан і рака Патамак нагадвалі яму родныя мясціны.

«Як ні прыгожа спяваюць тут птушкі, – піша Нямцэвіч, – але далёка ім да чуллівых і салодкіх  напеваў  нашых  салаўёў».

У Маўнт-Вернане ён атрымаў  лісты  ад сяброў з Польшчы.  «Маё ўзрушэнне, – піша ён,  –  было  такім  моцным, што выклікала гарачку; я думаў аб маіх сябрах, аб маёй беднай айчыне,  у  думках мне  хацелася  перанесціся  туды;  і  ноччу  снілася  мне, што я ў Польшчы… Але гэта быў толькі сон».

У наступныя два  дні  ён  знаёміцца  яшчэ  з  адной  сям’ёй  сваякоў  сваіх гаспадароў, і ў час прагулкі доктар Сцюарт чытае свайму новаму знаёмаму цэлую  лекцыю  пра  праблемы, звязаныя  з  рабствам, якую Нямцэвіч  прыводзіць  цалкам.  Яго суразмоўца патлумачыў Нямцэвічу эканамічную  неэфектыўнасць  рабскай  працы,  з  аднаго  боку,  а  з  другога  –  падкрэслівае  немагчымасць  адмовіцца  ад  яе  ва  ўмовах  плантатарскага  ўкладу  амерыканскага  земляробства,  прыходзячы  такім  чынам  да  высновы,  што  амерыканцы  сталі  свайго роду закладнікамі рабаўладальніцтва.

У адзін з вечароў гаворка зайшла пра аўтараў, якія пісалі пра гісторыю амерыканскай рэвалюцыі, – Гордана і Рамзея. Генерал даў ацэнку іх кнігам. На яго погляд, перавага першага – у падрабязных звестках  пра  ваенныя  падзеі,  а  другі  прыцягвае  сцісласцю  і  прыгажосцю  стылю,  трапнасцю  вобразаў,  глыбінёй  заўваг  і  назіранняў.

Як даведаўся Нямцэвіч, абодва аўтары правялі шмат часу ў Маўнт-Вернане, каб  азнаёміцца  з  багатым  архівам  генерала  Вашынгтона. А пані  Вашынгтон  паказала  яму  калекцыю  медалёў  і  сувеніраў,  зробленых падчас рэвалюцыі.

У астатнія  дні  многа  гаварылася  пра  пагрозу  Амерыцы з боку напалеонаўскай Францыі, і, хаця Вашынгтон не меў ніякіх стасункаў з Джонам  Адамсам,  які  змяніў  яго  на  прэзідэнцкай  пасадзе,  ён  выказаў  меркаванне, што той добра ведае, што трэба рабіць у такіх абставінах.

15  чэрвеня  Нямцэвіч  пакінуў  Маўнт-Вернан.

«Назаўтра, 15-га, устаўшы перад світаннем, я ў апошні раз абышоў зялёныя гаі Маўнт-Вернана, апошні  раз  кінуў  позірк  на  адкрыты  краявід,  на  чыстую  і цудоўную  плынь  Патамака,  і  а шостай  гадзіне  раніцы,  выказваючы ўдзячнасць  за  гасцінны  прыём,  жаль  ад  раставання  больш  смуткам  і  маўчаннем, чым словамі, развітаўся з шаноўным генералам, з яго паважанай жонкай, з прыгожай і ветлівай міс Касціс.

Мусіць, яшчэ напярэдадні, гэта значыць 14 чэрвеня, Нямцэвіч напісаў Вашынгтону ліст, у якім выказаў вялікую ўдзячнасць за дабрату і гасціннасць гаспадароў Маўнт-Вернана. У лісце Вашынгтона  ў  адказ  сярод  іншых  слоў  ёсць  такія: «Тое, што айчына  велькапана  не  такая  шчаслівая,  якімі  патрыятычнымі  і  шляхетнымі  былі  яе  намаганні,  з’яўляецца  няшчасцем,  якое горка  аплакваюць  усе  прыхільнікі  свабоды  і  правоў  чалавека,  і  калі  б  мае малітвы ў час жорсткіх выпрабаванняў маглі б мець нейкую сілу, то вы  былі  б  зараз  пад  уласным  вінаградным  і  фігавым  дрэвам  (выраз  з Бібліі) такімі ж шчаслівымі і цешыліся б такімі пажаданымі дарамі, як цешыцца сваімі люд Злучаных Штатаў».

У лісце Вашынгтон запрашае свайго адрасата зноў пры магчымасці наведаць Маўнт-Вернан. «На жаль, – піша Нямцэвіч, – я не скарыстаўся ветлівым  запрашэннем  гэтага  дастойнага  чалавека.  Я пражываў  у  іншых краях; праз паўтара года пасля гэтага ён пайшоў з жыцця».

Кніга  заканчваецца  лістом  пана  Лоў  да  Нямцэвіча,  у  якім  той  падрабязна   апісвае   апошнія   гадзіны   жыцця   і   абставіны   смерці   генерала Вашынгтона, і прамовай Джона Адамса ў Кангрэсе, дзе ён паведамляе пра смерць генерала.

На  жаль,  ні  «Кароткія  звесткі  аб  жыцці  і  справах  генерала  Вашынгтона»,  ні  мастацкія  творы  Ю.У.Нямцэвіча  (за  выключэннем  адной  з  гістарычных  песень),  ні  яго  шматлікія  кнігі  падарожжаў  па  Беларусі  і  Амерыцы  і  дзённікі  не  знаёмы  суайчыннікам.  А  яны,  без сумнення,  заслугоўваюць  увагі  як  шараговага  чытача,  так  і  даследчыкаў нашай літаратуры.

Але  радуе  тое,  што  ў  Скоках  адрэстаўраваны  музей-сядзіба  Нямцэвічаў,   які   стаў   сапраўднай   пярлінай   сярод   турысцкіх   славутасцяў   Брэстчыны,   а   таксама   некалькі   год   таму   выйшла   цудоўная, інфармацыйна насычаная і па-мастацку займальная кніга Анатоля Гладышчука «Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі».