«Не трэба баяцца ехаць на працу за мяжу і пасля пяцідзесяці»
Фота з сайта: http://peopleandcountries.com

Гродзенец Віктар Быстрыцкі, страціўшы працу, доўгі час нікуды не мог уладкавацца ў сваім горадзе і паспрабаваў шчасця ў Польшчы…

“Сямейнае” скарачэнне

Віктару Быстрыцкаму 54 гады. Жанаты,    мае    дачку-студэнтку,    якая вучыцца за мяжой.

Працаваў на  гродзенскім  мэблевым  прадпрыемстве   “ЗОВ-мэбля”   інжынерам.   Аднак   два   гады   таму,   калі  на  прадпрыемстве  пачаліся  рознага  кшталту  пературбацыі  і  быў арыштаваны  ўласнік,  спадар  Віктар  і  яго  жонка  Наталля  трапілі пад скарачэнне.

“Я   больш   за   месяц   штодня   шукаў   працу   ў   інтэрнэце,   хадзіў   па   розных   прадпрыемствах   і  канторах,  каб  хоць  за  нешта  зачапіцца,    але    зразумеў,    што    без  знаёмства  і  блату  нічога не  атрымаецца.  Калі  і  прапаноўвалі  працу,  то  з  такім  заробкам,  за  які  сям’ю  не  ўтрымаць,  –  згадвае  спадар  Віктар.  –  Тая  ж  сітуацыя  была і ў жонкі”.

Нейкі   час   сям’я   вымушана   была   жыць   на   пенсію   бацькоў   Наталлі, што вельмі прыгнятала. Хаця  ў  Віктара  і  была  “карта  паляка”,  у  фірмы,  якія  прапаноўвалі  працу  ў  Польшчы,  спачатку  ісці  не  рашаўся:  маўляў,  не  той  узрост,  каму  я  там  патрэбны?  Але жыццё прыціснула.

“І    мне    адразу    прапанавалі  некалькі  вакансій!”  – узгадвае  спадар Быстрыцкі.

“Праз месяц да мяне пераехала жонка”

Працаваць  Быстрыцкі  пачаў  у  Беластоку  не  па  спецыяльнасці  –  уладкаваўся  ў  фірму,  якая  займаецца  вырабам  вокнаў.  Шліфаваў  шкло. Работа не з лёгкіх.

“Затое заробак адразу даў магчымасць  зняць  кватэру,  грошай  ставала  і  на  ўсё  астатняе,  –  згадвае  Віктар.  –  Шмат  у  чым  дапамагла  “карта  паляка”,  бо  давялося  афармляць   менш   розных   папер.   Былі   і   складанасці,  але  яны  забыліся  хутка  пасля вырашэння пытанняў”.

Гродзенец     зняў     жыллё     ў     прыватным   доме   на   тры   сям’і. Гаспадары,   расказвае,  прыстойныя   людзі,   якія   з   часам   нават   сталі  блізкімі  сябрамі.  Ужо  праз  месяц   да   яго   прыехала   жонка,   яна  знайшла  працу  на  мэблевай  фабрыцы.

Праўда, Наталлі     давялося     даўжэй  афармляць  рознага  кшталту  паперы,  каб  атрымаць  права  на  часовае  пражыванне  ў  Польшчы,  бо  не  мела  “карты  паляка”  і  па  нацыянальнасці руская.

“Едучы    ў    Польшчу, жонка хвалявалася, што не ведае мовы, – распавядае   Віктар.   –   А   тут   працадаўцы   ёй   сказалі: працуй   і   вучы мову, гэта, маўляў, нескладана.   І   сапраўды – усяму   можна   навучыцца, трэба толькі  прыкласці  намаганні.  Зараз Наталлю ўжо ніхто не можа адрозніць ад полькі”.

Галоўнае, кажа спадар Быстрыцкі, што ніхто ні разу, калі ён    ягоная жонка  ўладкоўваліся  на  працу,  не  запытаўся,  колькі  ім  гадоў,  –  размова  ішла  толькі  пра  ўмовы працы і заробак.

Што   тычыцца   стаўлення   да іншаземных   работнікаў, нават з “картай   паляка”, тут   бывае   па-рознаму.

“Памятаю, як   толькі   ўладкаваўся працаваць, то пачуў, як калега  казаў  начальніку:  маўляў,  дайце гэтую, больш чорную, працу “рускаму”,  –   згадвае   Быстрыцкі. – Але гэта быў адзіны выпадак у  маёй практыцы, калі я сутыкнуўся  з  праявай  ксенафобіі.  Паводле польскага заканадаўства,  таму, хто    замахнецца    прынізіць    ці  абразіць  чалавека  на  нацыянальнай  альбо  рэлігійнай  глебе,  пагражае да трох гадоў турмы”.

На ўсё хапае

Праз год Віктар змяніў  працу   –   цяпер   ён   працуе   ў   ахове вядомага гіпермаркета “Аўшан”.   Распавядае, што зарабляе   2500 злотых (прыкладна 700 долараў) штомесяц. Можна зарабляць і  болей, калі  пагаджаешся  працаваць без выхадных. Такую ж суму зарабляе і ягоная жонка, якая засталася  на  мэблевай  вытворчасці.

За жыллё плацяць 600 злотых (160 долараў) у месяц  плюс  выдаткі  за электраэнергію і інтэрнэт.

“Што тычыцца харчавання, то   дазваляем   сабе   што   хочам,  бо  сапраўды  цэны  даступныя,  –  кажа спадар  Віктар.  –  Уявіце: свежая  свіная  каркавіна  ў  “Аўшане” каштуе  8  злотых  за  кілаграм  –  трошкі  больш  за  2  долары,  або  4,5  рубля,  а  ў  нас  у  Гродне  такое мяса  каштуе  як  мінімум  8  рублёў. Адзенне  і  абутак  купляем  з  жонкай  падчас  распродажаў  –  таксама   затанна.   Можам   і   нешта   адкласці  на  чорны  дзень.  Сёлета  ўпершыню за доўгія гады дазволілі сабе пабываць на моры”.

З радзімай не развітваемся

У гродзенскай  кватэры Быстрыцкіх  жывуць бацькі Наталлі, якім ужо па 80 гадоў. Віктар  і  Наталля  ўвесь  час  знаходзяцца   з   імі   на   сувязі,   часта прыязджаюць  у  Гродна,  прывозяць прадукты, лекі і іншыя неабходныя рэчы.

Ці   сумуюць па сваім горадзе, сябрах, блізкіх? Спадар Віктар кажа, што  за  працай  асабліва  няма  калі  сумаваць.  Ды і жывуць усяго  ў  70  кіламетрах  ад  роднага   горада,   таму   сувязі   не   перарываюцца.

“Мушу    вам    сказаць, што    ў нас за два гады і  ў  Польшчы  ўжо   з’явілася   шмат сяброў,   з   якімі  часта  разам  праводзім  час,  бываем   у   гасцях.   Палякі   –   людзі   адкрытыя і, калі   адчуваюць такую ж шчырасць, хутка  становяцца сябрамі”.

Пакуль сям’я Быстрыцкіх паехала толькі на часовую працу, бо ў Гродне Наталліны бацькі, недалёка ад  горада  лецішча,  дзе прывыклі адпачываць. Але…

“Мы   падалі   дакументы,   каб   атрымаць   права   на   пастаяннае  пражыванне,  –  кажа  спадар

Віктар.   –   Я   нават   пацікавіўся,   колькі   тут   каштуе   кватэра.   Але  пакуль  мы  нічога  не можам  загадваць. Зараз зразумела толькі адно:   на   радзіме   мы   не   можам   зарабіць  на  жыццё,  а  тут  нам  хапае  на  ўсё.  А  таму  бліжэйшыя  гады  з’язджаць  адсюль  не  збіраемся.  Я  вельмі  баяўся,  што  ў  сваім  узросце не здолею тут прыжыцца. А   аказалася,   што   ўсё   не   так   страшна.  Не трэба  баяцца  ехаць  на  працу  за  мяжу  і  пасля  пяцідзесяці”.