Алексіевіч і чырвоныя чалавечкі...
Фото Сергея Гапона, gazetaby.com

Мяркуючы па накладах, кожная другая беларуская кніга не  даходзіць нават да раённых бібліятэк, не кажучы пра вясковыя. На новыя кнігі (далёка не танныя) не хапае  грошай,  зарабляць  якія  бібліятэкі  мусяць  самі  –  праз  гэтак  званыя  платныя  паслугі.  Каб выканаць  даведзены  аддзеламі  культуры  план  па  тых  паслугах,  бібліятэкаркі   часам   вымушаны   скідвацца   са   сваіх   мізэрных   заробкаў.  Што і казаць,  сітуацыя  ганебная  –  і  з  дзяржаўным  абіраннем звышцярплівых бібліятэкарак, і з абнаўленнем фондаў.

Выпхнутыя з ласкі Мінкульту на жабрацкі цвінтар перыферыйныя   бібліятэкі   заўсёды з   удзячнасцю   прымаюць   кніжныя навінкі  ў  дар.  Думаю, калегі-пісьменнікі  пацвердзяць:  тое  ўжо  стала  прыемным  абавязкам  аўтараў і  выдаўцоў,  якія  зрэдку ў тыя бібліятэкі завітваюць. Таму громам з яснага неба прагучала вестка, што бібліятэчныя сеткі   трох   абласцей   –   Брэсцкай, Гродзенскай   і   Магілёўскай   –   адмовіліся ад пераднавагодняга падарунка – пяцітомніка Святланы  Алексіевіч  «Галасы  Утопіі».

«Белгазпрамбанку», які  выступіў  у  ролі  шчодрага  Дзеда  Мароза,  было  патлумачана:  кніг  названай аўтаркі ў нас хапае, просім з намі клопату не мець.

Прызнацца, мне стала  сорамна  за  бібліятэчных  начальнікаў.  Нездарма  ж  у  народзе  кажуць:  доранаму  каню  зубоў  не  лічаць.  Што   значыць:   выхаваны   чалавек   падарунак   прымае,   а   ўжо   потым   распараджаецца   ім,   як   душа   пажадае.   Бібліяначальнікі   дэманстратыўна не прынялі: у нас ёсць.

Што ў вас ёсць?  У лепшым  выпадку  –  рускамоўныя  выданні  трыццацігадовай даўнасці, пашкуматаныя савецкай цэнзурай. А вам прапаноўваліся (бясплатна!) шыкоўна выдадзеныя па-беларуску кнігі, якія  сталі  з’явай  ва  ўсім  свеце:  па  іх  ставяцца  спектаклі,  здымаюцца  фільмы,  урэшце,  яны  адзначаны,  відаць,  вядомай  і  вам  Нобелеўскай  прэміяй.  Кнігі тыя запатрабаваны  чытачамі  і  ў  Японіі,  і  ў  Францыі,  і  ў Германіі, і ў Іспаніі, і ў ЗША (толькі за паслянобелеўскія гады – 356 выданняў), а на Гродзеншчыне, Брэстчыне і Магілёўшчыне – не? Хто гэта вызначыў?

Шаноўная дырэктарка Гродзенскай  абласной  бібліятэкі  Лідзія Мальцава,  вы  што,  адмысловы  чытацкі  рэферэндум  праводзілі?  Заўтра да вас прыйдуць студэнты-філолагі з ГрДУ, каб пачытаць на роднай мове «Час second-hand» –  і  што  вы  ім  скажаце?  Прабачце, нямашака?  Але ж вы і пальцам не паварушылі, каб  атрымаць  названую кнігу.

А   чым   кіравалася,   адмаўляючыся   ад   Алексіевіч   кіраўніца   Магілёўскай  абласной  бібліятэкі  Ілона  Сарокіна?  Хіба  магілёўскую  зямлю  абмінула  чарнобыльская  навала?  Хіба на Магілёўшчыне  26  красавіка   не   праводзяцца   розныя   тэматычныя   мерапрыемствы?   Вось  на  іх  якраз  і  прыдалася  б  «Чарнобыльская  малітва».  Вы  яе  не  чыталі,  спадарыня  дырэктарка?  Спраў  многа,  часу  няма?  Усё  ж  адшкадуйце  паўгадзіны  і  прачытайце  хоць  бы  дзесяць  першых  старонак  –  споведзь  Людмілы  Ігнаценка,  маладой  жонкі  ліквідатара,  чые  апошнія  чатырнаццаць  дзён  у  бальніцы  апісаны  з  такой  сілай,  што ў чытача крамянее сэрца. Калі яно ў вас не закрамянее – кідайце бібліятэку, з кнігай працаваць вам супрацьпаказана.

А  на  якой  падставе  фактычна  забараніла  чытаць  Алексіевіч  па-беларуску  дырэктарка Брэсцкай  абласной  бібліятэкі  Алена Стрыжэвіч?   Няўжо   чакае,   калі   нядаўна   адкрыты   ў   горадзе   над   Бугам   Рускі   культурны   цэнтр   прывязе   вагон   бясплатнай   літаратуры з Масквы? Магчыма, і прывязе. Нават два вагоны. Але Алексіевіч  там  дакладна  не  будзе  –  не  працуе  яе  пяцікніжжа  на  «русский мир», як ты яго ні прыпрагай да таго сцялежанага воза.

А  прыпрагальшчыкаў,  як  ні  дзіўна,  да  гэтай  пары  ў  Беларусі  хапае.  Што  праўда,  за  апошні час  іх  значна  паменшала.  І  ўсё  ж  на  розных  інтэрнэт-форумах  працягваюць  гучаць  галасы:  Алексіевіч  –  руская  пісьменніца,  яна  чужая  беларускай  культуры,  яе  нашы  надзённыя  праблемы  не  хвалююць…  А  вось  і  хвалююць.  У  гэтым  я  лішні  раз  пераканаўся  25  сакавіка  на  плошчы  перад  Оперным  тэатрам  і  29  кастрычніка  ў  Курапатах.  І  там,  і  там  прагучала  вагомае слова нобелеўскага лаўрэата.

Паказальны прыклад з крытыкам Сяргеем Дубаўцом. Адносна нядаўна ён таксама выступаў як прыпрагальшчык, сцвярджаючы, што  «Нобель  Алексіевіч  можа  стаць  апошнім  цвіком  у  труну  беларускай   мовы».   Як   бачым   –   не   стаў.   Гэта   зразумеў   і   сам   бескампрамісны  крытык,  узяўшыся  за  пераклад  «Часу  second-hand»  на  першую  дзяржаўную.  Што  ж,  як  гаварыў  Янка  Брыль  (адзін з літаратурных настаўнікаў Алексіевіч), не хістаюцца толькі слупы, асабліва глыбока ўкапаныя.

Непахісных  прыпрагальшчыкаў  я  пераконваць  не  збіраюся,  толькі   параю   пацікавіцца,   кім   лічаць   «рускую   пісьменніцу   Алексіевіч» адэпты таго самага «русского мира». І на сямі валовых скурах  не  спішаш  іхніх  характарыстык  накшталт:  «бесталанная  русофобка»,  «антисоветчица  и  предательница»,  «ненавидящий  Россию выкормыш Запада», «могильщик великой империи».

З   апошняй   характарыстыкай   можна   і   пагадзіцца.   Калі   пісьменніца  і  заганяе  кудысьці нейкія  «цвікі»,  то  хутчэй  у  труну,  дзе  ніяк  не  ўціхамірацца  чырвоныя  чалавечкі.  Даўно  нябожчыкі,  яны  сіляцца  ажыць  і  вылезці  на  белы  свет,  дзе  пад  крамлёўскай  кіслароднай  маскай  ляжыць  у  рэанімацыі  іх  дзяржава-монстр.

Дарэчы,  якраз  з  гэтай  прычыны  творы  Алексіевіч  не  маюць  шанцаў  трапіць  у  школьныя  праграмы,  на  варце  якіх  у  крэсле  міністра   адукацыі   акурат   і   сядзіць   чырвоны   чалавечак,   што   намерыўся  з  дзяржаўным  размахам  адзначаць  100-годдзе камсамола.

Што да заўжды балючага ў нашым грамадстве моўнага пытання, то скажыце: для вас у дзяцінстве істотна было, на якой мове напісаны «Рабінзон Круза»? Прызнацца, школьнікам я пра гэта і не задумваўся, наўзáхап  глынаючы  тыя  «прыгоды  марахода»  па-беларуску  (за  што  сёння кланяюся перакладчыцы Алене Васілевіч). Гэтак і з Алексіевіч. Усё напісанае ёю ёсць на беларускай мове.

Бярыце  і  чытайце.  Папярэдне  замовіўшы  праз  бліжэйшую  ад  вас  бібліятэку  на  сайце  lib.artbelarus.by.  У  навагоднім  падарункавым  мяшку   «Белгазпрамбанка»   засталося   ўсяго   600   камплектаў   «Галасоў  Утопіі».  Спяшайцеся,  пакуль  Брэст,  Гродна  і  Магілёў  не  адумаліся…