Ці «падкладзе свінню» беларускі рубель?

Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавёў “Народнай Волі” пра тое, чаго варта чакаць на валютным рынку ў бліжэйшы год.

– Для беларускага рубля 2018 год быў досыць спакойны, – адзначае эксперт. – На сённяшні дзень у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года рубель умацаваўся ў дачыненні да валютнага  кошыка прыкладна на 1,5 працэнта.

Адным словам, можна было заўважыць валютныя ваганні. Калі ў дачыненні да долара рубель аслабеў дзесьці на 8 працэнтаў, то ў той жа час умацаваўся на тыя ж 8 працэнтаў да расійскага рубля. І гэта следства знешніх фактараў – таго, што сам расійскі рубель знізіўся ў дачыненні да долара.

– Ці спраўдзіліся чаканні ўлад па інфляцыі?

– Нацыянальнаму банку ўдалося ўтрымаць прагноз нават з запасам. Па планах, інфляцыя павінна была складаць за год не больш за 6 працэнтаў, а па факце атрымаем каля 5,5 працэнта.

– Які ваш прагноз па валютным курсе на наступны год?

– Калі будуць адсутнічаць вельмі сур’ёзныя знешнія форс-мажорныя абставіны, то кошт валютнага   кошыка можа вырасці даволі ўмерана – у межах 3–3,5 працэнта. Пры гэтым долар, магчыма, вырасце больш і дасягне да канца наступнага года адзнакі ў 2 рублі 25 капеек.

– Апошнім часам зніжаюцца сусветныя цэны на нафту. Гэта можа справакаваць падзенне беларускага рубля ў дачыненні да долара?

–   Калі казаць пра кошт рубля да валютнага кошыка, то гэта дастаткова нейтральная навіна. Больш за ўсё нізкая цана на нафту б’е па расійскім рублі, і гэта можа насамрэч прывесці да зніжэння курса расійскай валюты да амерыканскай. У такім выпадку ў Беларусі долар будзе расці, а расійскі рубель зніжацца. Але ў апошнія гады нават на расійскі рубель уплыў нафтавых цэн дастаткова абмежаваны.

– У 2018 годзе банкі некалькі разоў зніжалі працэнтныя стаўкі. Ці працягнецца гэтая тэндэнцыя ў наступным годзе?

– Банкі зніжалі стаўкі ўслед за зніжэннем стаўкі рэфінансавання Нацыянальным банкам. Але на апошнім снежаньскім пасяджэнні Нацбанк узяў паўзу і стаўку не знізіў. Таму мне падаецца, што па меншай меры ў першым паўгоддзі наступнага года рэзерваў для зніжэння стаўкі рэфінансавання няма.

Дарэчы, у Асноўных накірунках грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год Нацбанк ужо традыцыйна падкрэсліў, што яму важна падтрымліваць стаўкі па дэпазітах станоўчымі ў рэальным выражэнні.   Гэта азначае, што дэпазіты ў рублях павінны прыносіць людзям рэальны даход нават з улікам інфляцыі. Таму нейкага сур’ёзнага зніжэння працэнтных ставак па крэдытах і дэпазітах у наступным  годзе, напэўна, не варта чакаць.

Артыкул выйшаў у газеце «Народная Воля», № 103 за 28 снежня 2018 года.