Ёсць такія героі – прыродаахоўнікі. Хто яны і як іх знайсці?

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» шукае людзей, чыя праца, актыўнасць і значныя ўчынкі спрыяюць захаванню дзікай прыроды і біяразнастайнасці Беларусі. Яны могуць быть намініраваны на званне Абаронцаў дзікай прыроды, якое надае глабальная асацыяцыя прыродаахоўных арганізацый BirdLife International.

Летась гэтае званне надавалася ўпершыню. Яго атрымалі 22 чалавекі ва ўсім свеце, сярод іх трое — з Беларусі.

Гэта — вядомы арнітолаг і навукоўца Уладзімір Іваноўскі, які за дзясяткі гадоў вывучэння і аховы драпежных птушак змайстраваў сотні штучных гняздоўяў. Супрацоўнік заказніка “Выганашчанскае” Мікалай Варабей, які спыніў браканьера, атрымаўшы цяжкія раненні. А таксама старшы дзяржаўны інспектар Тураўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Міхаіл Ярмоліч, які садзейнічаў затрыманню групы замежных паляўнічых, якія ўчынілі нелегальнае масавае забойства качак увесну.

Хто можа стаць намінантам ганаровага звання ў гэтым годзе?

Зразумела, групы людзей або асобы, якія адзначыліся выбітнай працай у ахове дзікай прыроды Беларусі на нацыянальным або лакальным узроўні.

Званнем Абаронцаў дзікай прыроды (Nature’s Heroes) ганаруюць за дасягненні ў маніторынгу біяразнастайнасці, кіраванні ахоўнымі тэрыторыямі, народнай навуцы, далучэнні людзей да аховы прыроды, а таксама за іншыя значныя ўнёскі ў ахову дзікай прыроды.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» як нацыянальны партнёр BirdLife International у Беларусі запрашае прапанаваць свайго намінанта. Для гэтага трэба да 13 студзеня 2019 года ўключна запоўніць анлайн-форму.