Урад Грэцыі на працягу многіх гадоў узначальвалі цесць, унук і праўнук ураджэнца Беларусі

На старонцы таварыства плацёжнай сістэмы БЕЛКАРТ у Фэйсбуку з’явілася інфармацыя пра ўраджэнца Беларусі Сігізмунда Мінейкі, удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага і папулярызатара першых сучасных Алімпійскіх гульняў.

Сігізмунд (Зыгмунт) Мінейка нарадзіўся ў 1840 годзе на тэрыторыі Ашмянскага павета (цяпер Гродзенская вобласць) у шляхецкай сям’і. Скончыў Віленскі ліцэй і Акадэмію Генштаба ў Санкт-Пецярбургу. Пасля пачатку паўстання Каліноўскага ўзначаліў атрады касінэраў з Ашмянскага павета. За ўдзел у паўстанні быў прысуджаны да смяротнага пакарання, пазней замененай на 12 гадоў катаргі ў Сібіры. Неўзабаве збег у Францыю, дзе скончыў Акадэмію французскага Генштаба ў Парыжы. Прымаў удзел у франка-прускай вайне 1870 года.

Усё астатняе жыццё Сігізмунда Мінейкі было звязана з Грэцыяй, дзе ён кіраваў інжынернымі ведамствамі. Пад яго кіраўніцтвам былі праведзены сенсацыйныя археалагічныя раскопкі, а таксама адноўлены старажытны стадыён Панацінаікас (Калимармаро). На гэтым стадыёне ў 1896 годзе прайшлі першыя ў сучаснай гісторыі Алімпійскія гульні. А ўжо праз год Мінейка прыняў удзел у грэка-турэцкай вайне.

За свае заслугі перад Грэцыяй Сігізмунд Мінейка атрымаў званне ганаровага грамадзяніна краіны. Муж дачкі Мінейкі — Георгіяс Папандрэу — тройчы займаў пасаду прэм’ер-міністра Грэцыі. Такім жа дасягненнем можа пахваліцца і ўнук Зыгмунта Андрэас. А праўнук Георгіяс кіраваў урадам Грэцыі зусім нядаўна — у 2009-2011 гадах.