Уладзімір Макей: “Мы з'яўляемся саюзнікамі з Расіяй, але Беларусь праводзіць незалежную знешнюю палітыку”
Фота з сайта Міністэрства замежных спраў Беларусі

У інтэрв’ю японскай тэлерадыёкампаніі «NHK» міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей акрэсліў асноўныя рысы двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Расіяй.

“Беларусь і Расія маюць цесныя адносіны ва ўсіх сферах і галінах. Мы з’яўляемся саюзнікамі, якія супрацоўнічаюць і ў ваеннай сферы, і ў палітычнай, і ў гандлёва-эканамічнай, і ў гуманітарнай. У рамках Саюзнай дзяржавы, якая існуе з 1999 года, мы дасягнулі многага. Галоўным дасягненнем з’яўляецца забеспячэнне роўных правоў для грамадзян Беларусі і Расіі. Сёння грамадзяне Беларусі не адчуваюць сябе чужымі ў Расіі і адпаведна рускія — у нашай краіне. Яны могуць спакойна вучыцца, працаваць, набываць нерухомасць, атрымліваць медыцынскую дапамогу і г.д. Таму можна сапраўды казаць пра брацкія адносіны паміж Беларуссю і Расіяй.

Але гэта, на жаль, не азначае, што паміж дружаснымі дзяржавамі не могуць узнікаць спрэчкі і непаразуменні. На жаль, часам у нашых адносінах з’яўляюцца моманты, звязаныя, я б сказаў, з павярхоўнай штучнай бухгалтэрыяй, калі падлічваецца, хто і колькі паклаў на шалі ў той ці іншай сферы супрацоўніцтва і хто каму павінен. Мы зыходзім з таго, што мы — брацкія дружасныя дзяржавы i, працуючы ў рамках і Саюзнай дзяржавы, і Еўразійскага эканамічнага саюза, павінны імкнуцца да стварэння ў ЕАЭС адзінай эканамічнай прасторы, якое дазволіла б забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы.

Але не трэба разглядаць гэтыя рэчы як трагічныя. Мы знаходзімся ў пастаянным дыялогу, і жыццё паказвае, што мы заўсёды вырашалі гэтыя пытанні ў рамках адкрытага, шчырага дыялогу з нашымі расійскімі сябрамі. Мы маем намер працягваць курс на далейшае паглыбленне і развіццё адносін з Расійскай Федэрацыяй.

Перакананы, што ў любым выпадку мы заўсёды будзем ўзаемавыгадна вырашаць праблемныя пытанні, якія часам узнікаюць. Расія і Беларусь з’яўляюцца адзін для аднаго галоўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі.

Нашы эканомікі цесна пераплецены, ўзаемадапаўняльныя. Мы атрымліваем з Расіі шэраг сыравінных тавараў, якія выкарыстоўваем пры вырабе тэхнікі, потым гэтая тэхніка пастаўляецца на расійскі рынак, і Расійская Федэрацыя мае патрэбу ў гэтай тэхніцы. Мы стварылі ў нашых краінах шэраг сумесных прадпрыемстваў, вытворчасцей, якія выпускаюць прадукцыю, неабходную і для Расіі, і для Беларусі. Таму нам трэба ісці далей па шляху стварэння адзінай прамысловай, адзінай сельскагаспадарчай палітыкі. Гэта вельмі важна не толькі для таго, каб забяспечыць уласную патрэбнасць дзяржаў, але і для таго, каб працаваць разам на трэціх рынках. Мы зыходзім з такога пасылу. Мы лічым, што неабходна сесці за стол перамоваў і, як пра гэта сказаў наш прэзідэнт у Санкт-Пецярбургу, адкрыта абмеркаваць усе пытанні зыходзячы з таго, што мы павінны прыйсці, магчыма, часам да кампрамісных, але ўзаемавыгадных рашэнняў.

Кажучы пра тое, што мы сапраўды з’яўляемся цеснымі саюзнікамі з Расіяй, я, тым не менш, хацеў бы падкрэсліць, што Беларусь, як любая незалежная дзяржава, імкнецца праводзіць і праводзіць знешнюю палітыку, гандлёва-эканамічную палітыку зыходзячы з абсалютна ўласных нацыянальных інтарэсаў. Мы зыходзім у нашай палітыцы з таго, што неабходна нашай краіне, што важна для нашага народа. Зразумела, што мы цесна ўзаемазвязаны, але, тым не менш, Беларусь, як незалежная, суверэнная дзяржава, заўсёды імкнулася праводзіць і будзе праводзіць абсалютна незалежную знешнюю палітыку, якая накіравана на карысць народа”.