Як знакаміты спартсмен трэніруе сваіх дзяцей
Сяргей Далідовіч з дочкамі Сашай, Дашай і Златай. Фота з сайта: http://squeezy.ru

Алімпіяда-2018 у Пхёнчхане стала для лыжніка Сяргея Далідовіча сёмай і апошняй. Пакуль спартсмен нідзе стала не працуе, бо вырашыў сканцэнтравацца на трэніроўках дзвюх сваіх дачок, якія таксама займаюцца лыжнымі гонкамі. Днямі гэтая каманда з трох чалавек вярнулася з Мурманскай вобласці, дзе праводзіла трэніровачны збор за ўласныя грошы.

Каля двух месяцаў там знаходзіліся, – кажа Сяргей. – Снегу шмат, трасы выдатныя! Дзесьці знаёмыя дапамагалі, дзесьці самі здымалі жыллё. Увогуле, у мяне з’явілася ідэя дакладна падлічыць, у колькі канкрэтна абыходзіцца для сямейнага бюджэту такая падрыхтоўка – зборы, пераезды, спаборніцтвы. І крыху пазней я гэта абавязкова зраблю. Сума, думаю, прыстойная назбіраецца, але ёсць і свой плюс. У святле апошняга распараджэння, што спартыўныя школы павінны заключаць з бацькамі дзяцей дамовы, мы дзяржаве не будзем нічога павінны, калі хтосьці з дачок збярэцца выступаць за іншую зборную. Усе грошы, якія зараз укладваюцца ў іх падрыхтоўку, з маёй кішэні.

– А чаму дзеці не трэніруюцца ў спартыўнай школе?

– Тут досыць складаная сітуацыя. Старэйшай дачцэ Вользе 18 гадоў, яна юніёрка. Узрост ёй ужо не дазваляе займацца ў ДЮСШ, а школы вышэйшага спартыўнага майстэрства ў Мінску няма. У Раўбічах ёсць рэспубліканскі цэнтр, але там збіраюць спартсменаў з усёй краіны. Атрымліваецца, што ў цэнтр яе не хочуць браць, а ДЮСШ яна ўжо перарасла. І калі б тата не быў лыжнікам і не меў зараз дастаткова вольнага часу, то на занятках гэтым відам спорту можна было б ставіць крыж. І гэта ўлічваючы тое, што ў нас у краіне юніёрак можна, вобразна кажучы, па пальцах пералічыць. Летам на рэспубліканскіх спаборніцтвах беглі, здаецца, усяго дзесяць юніёрак, якіх сабралі па ўсёй краіне. Гэта разам з маёй дачкой, якую я рыхтую сам.

А ў сярэдняй дачкі, 13-гадовай Дар’і, выйшаў невялікі канфлікт з трэнерам, і той адмовіўся яе трэніраваць. Не хачу зараз распавядаць, хто там вінаваты, але ў выніку давялося займацца з абедзвюма дочкамі. Зараз рыхтуемся да спаборніцтваў, пабачым, чаго мы вартыя.

– З федэрацыяй вы падтрымліваеце стасункі?

– У нас добрыя адносіны, яны падтрымліваюць, чым магчыма. Ды і спартсменкі ж трэніруюцца за свой кошт, мы асабліва нічога не просім. Трэба сказаць, што дома ў нас умовы для трэніровак шыкоўныя. У Драздах – бясплатная траса, у Раўбічах трэба плаціць за трэніроўку сімвалічна – 3–4 рублі. Зала таксама бясплатная, таму што дачка вучыцца ва ўніверсітэце.

Мы пайшлі сваім шляхам, але я гэта называю адкладзенымі інвестыцыямі. На хуткі вынік, безумоўна, разлічваць не даводзіцца, для гэтага патрэбны час, праца і цярпенне. Я наогул лічу, што ад 13–15-гадовых дзяцей не варта патрабаваць нейкіх вялікіх дасягненняў.

– Не было жадання адкрыць у Беларусі сваю прыватную школу альбо лыжны клуб?

– Ёсць некаторыя напрацоўкі. У нас, напрыклад, ёсць ДЮСШ, якая знаходзіцца ў сталічнай гімназіі №16, але ад яе ўсё роўна каля кіламетра да трасы. А добра было б, калі б на самой трасе было нейкае памяшканне, каб дзеці маглі пераапрануцца, падрыхтавацца. Закрытыя футбольныя манежы і лядовыя палацы ёсць, а памяшканняў для лыжнікаў няма.

На мой погляд, у нашых умовах адкрыць прыватную школу сёння нерэальна, але нешта падобнае абавязкова патрэбна, калі мы хочам, каб лыжныя гонкі развіваліся. У прыватнасці, у сталіцы. Бо, калі паглядзець, колькі мінчан выступае ў чэмпіянаце краіны, то карціну ўбачым сумную.

А ўвогуле, пытанні наконт рэзерву трэба не толькі федэрацыі задаваць, але і трэнерам. Ведаю, што грошай на падрыхтоўку зараз даюць столькі, колькі нам раней і не снілася. Іншыя сталі каштоўнасці ў людзей. Трэба, каб найперш у трэнера было жаданне выхаваць спартсмена, а не зарабіць. На жаль, зараз на першым месцы стаяць грошы. Можа быць, калі станем багацейшыя, тады і лыжы пакоцяць лепш.

Артыкул надрукаваны ў газеце «Народная Воля», №102 за 26 снежня 2018 г.