Алена Маслюкова: «У школу вяртацца не збіраюся…»
Фота з сайта: http://spring96.org

Былая настаўніца гісторыі, якую ў 2014 годзе звольнілі са светлагорскай сярэдняй школы №10, трапіла ў спіс намінантаў штогадовай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці».

Гэтай прэміяй адзначаюцца найбольш значныя, выбітныя і яскравыя асобы, арганізацыі і падзеі, знакавыя для развіцця беларускага трэцяга сектара. Прэмія заснавана Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі ў 2009 годзе.

Па традыцыі, пераможцы вызначаюцца ў некалькі розных намінацыях.

Сёлета ў намінацыю «Лідар/лідарка года» разам з Аленай Маслюковай трапілі Ірына Альхоўка – старшыня праўлення МОО «Гендерные перспективы», якая прасоўвала праект закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, Павел Белавус – заснавальнік Арт-Сядзібы, адзін з арганізатараў святкавання 100-годдзя БНР каля Вялікага тэатра оперы і балета, Вольга Вялічка – дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса, якая арганізавала сацыяльны праект стварэння зручнай вопраткі для людзей з інваліднасцю, выставу «Жыццё ў поўным колеры» і Генадзь Фядыніч – старшыня Незалежнага прафсаюза РЭП, які нягледзячы на пераслед і крымінальную справу, працягвае бараніць правы працоўных.

Алена Маслюкова ў спісе намінантаў прадстаўлена як лідар ініцыятывы супраць запуску ў Светлагорску завода па вытворчасці беленай цэлюлозы, які пабудавалі кітайцы. «Народная Воля» ўжо расказвала пра гэта супрацьстаянне жыхароў горада і мясцовай улады.

Алена Маслюкова разам з паплечнікамі падала сёлета 11 (!) заявак у райвыканкам на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць працы шкоднага і небяспечнага прадпрыемства (ніводная заяўка не была задаволена), накіравалі калектыўны зварот у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У верасні Алена была аштрафавана на 25 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – флэшмобе супраць шкодных выкідаў завода. Урэшце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызнала, што смяр-дзючыя газы, якія ўтвараюцца на вытворчасці, увогуле не павінны трапляць у паветра. Прызначана паўторная экалагічная экспертыза.

18 снежня стала вядома, што з рэспубліканскага бюджэту выдзелена 350 тысяч рублёў на закупку сучаснага абсталявання для вымярэння забруджвання паветра ад працы Светлагорскага завода па вытворчасці беленай цэлюлозы.

«Зараз завод на поўную моц не працуе, знаходзіцца ў стадыі пробнага пуску», – кажа яшчэ адзін светлагорскі актывіст, прадпрымальнік Анатолій Змітровіч.

Алена Маслюкова пра навіну, што яна сярод прэтэндэнтаў на атрыманне прэміі грамадзянскай супольнасці, даведалася, знаходзячыся ва ўкраінскіх Чаркасах.

Знаёмімся з працай і грамадскімі ініцыятывамі ва Украіне, – расказвае Алена. – Цікавы і карысны досвед для беларусаў. Файны прыклад, як можна рэфармаваць краіну праз грамадзянскую актыўнасць. А што тычыцца прэміі, то навіна для мяне нечаканая, але прыемная. Я заўсёды мела сваё меркаванне і вучыла сваіх вучняў адстойваць свае правы і інтарэсы, каб была карысць для ўсіх…

На пытанне, ці сумуе Алена без працы ў школе, яна адказвае катэгарычна:

Вяртацца ў школу не збіраюся. Тое, чым займаюся зараз, прыносіць мне задавальненне. Я вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамагаў і верыў у нашу ініцыятыву, у вынік нашай працы. Без супольнай працы нашай ініцыятыўнай группы ніякага выніку не было б. Кожны ўносіў у агульную справу часцінку сябе, сваёй волі і розуму. Разам мы непераможныя, разам мы моц!

Артыкул быў надрукаваны ў газеце «Народная Воля», №102 за 26 снежня 2018 г.