Віктар Маргелаў: «Не ўсё так бязвоблачна...»
Віктар Маргелаў. Фота з сайта: https://ex-press.by.

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва расказаў «Народнай Волі», ці ёсць эфект ад дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які быў прыняты каля года таму.

Нагадаем, дакумент быў падпісаны напрыканцы мінулага года. Дэкрэт павінен палепшыць бізнес-клімат у краіне і прадугледжвае «кардынальныя змены механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу». Ці лягчэй стала жыць малому бізнесу ў гэтым годзе?

– Ёсць паказчыкі колькаснага і якаснага развіцця, – кажа Віктар Маргелаў. – Калі казаць пра колькасныя, то некаторыя адзначаюць станоўчую дынаміку. У прыватнасці, Міністэрства эканомікі дэкларуе, што летась створана больш за 7 тысяч малых прадпрыемстваў. Для параўнання – да прыняцця дэкрэта ў многіх рэгіёнах гэтыя лічбы зніжаліся.

Прагучала таксама, што ў межах дэкрэта па Указе «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання» за мінулы год створана каля тысячы гандлёвых аб’ектаў у вёсках. Калі верыць афіцыйным лічбам, то гэта сур’ёзны вынік.

Таксама можна канстатаваць, што знізіліся рызыкі. Менш стала праверак, дзяржаўныя органы ў шэрагу выпадкаў больш лаяльна ставяцца да дробных парушэнняў прадпрымальнікаў, спрасціліся многія працэдуры.

– Адным словам, ёсць эфект?

– Безумоўна, ёсць, але ж не ўсё так і бязвоблачна. Напрыклад, доля малога і сярэдняга бізнесу ў агульнай выручцы знізілася. І застаецца шмат пытанняў. Якая павінна быць доля малога бізнесу ў рознічным гандлі? Які павінен быць баланс інтарэсаў паміж буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі і астатнімі ўдзельнікамі рынку? Зараз мы павінны перш за ўсё збалансаваць сваю эканоміку, таму адказваць на гэтыя пытанні проста неабходна.

Адным словам, я не сказаў бы, што з прыняццем дэкрэта адбылося нешта рэвалюцыйнае. Зрухі назіраем, але вялікіх лічбаў росту няма. Мы не павялічылі сур’ёзна заробкі ў галіне малога бізнесу і прыбытковасць большасці відаў бізнесу. Няма пакуль указа аб ліцэнзаванні, які аблегчыў бы некаторыя віды дзейнасці. Будзем спадзявацца, што наступны год будзе больш багаты на пазітыўныя змены для бізнесу.

Артыкул выйшаў у газете “Народная Воля”, № 102 за 26 снежня 2018 года.