Дэсант беларускіх палітыкаў высадзіўся ў Парыжы
Ігар Барысаў і Дзмітрый Кучук у Парыжы.

Праўда, не ў французскім, а ў беларускім.

«Парыж – гэта такая даволі дэпрэсіўная вёска ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці, дзе шмат закінутых дамоў, а людзі, якіх мы там сустракалі, падчас не зусім добра трымаліся на нагах», –  падзяліўся з «Народнай Воляй» сваімі ўражаннямі ад паездкі старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

У Парыжы прадстаўнікі БСДП (Грамада) разам з першым намеснікам Беларускай партыі «Зялёныя»

Дзмітрыем Кучуком з мясцовай Эйфелевай вежы агучылі 35 сацыяльных пытанняў да беларускай улады.

«Палітычны парадак дня ў Беларусі сфарміраваны – гэта правядзенне свабодных і справядлівых выбараў па стандартах АБСЕ, а таксама ўнясенне змен у Канстытуцыю з мэтай абмежавання тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта і надання парламенту большай часткі паўнамоцтваў, а таксама рэфармаванне ўсіх дзяржаўных сфер, пачынаючы ад адукацыі і сканчваючы войскам. Сацыяльны ж парадак дня дагэтуль быў фонавым пытаннем, аднак менавіта сацыяльныя пытанні ўяўляюць  найбольшы інтарэс для простых грамадзян», – гаворыць Ігар Барысаў.

У знак салідарнасці з пратэстным рухам «жоўтых камізэлек», які пачаў распаўсюджвацца па Еўропе і дамагаецца паляпшэння эканамічнага становішча найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, лідары сацыял-дэмакратаў і «зялёных» у беларускім Парыжы таксама апранулі жоўтыя камізэлькі.

Чаго патрабуюць?

Вось некаторыя з патрабаванняў, якія апазіцыйныя палітыкі выставілі ўладзе:

1.Павышэнне мінімальнага заробку на 100 еўра. Зараз ён 305 руб. (126 еўра).

2.Павышэнне мінімальнай пенсіі на 50%. Зараз яна 216 руб. (90 еўра).

3.Павышэнне мінімальнай стыпендыі на 100%. Зараз яна 87 руб. (36 еўра).

4.Вяртанне ў страхавы стаж перыяду знаходжання ў адпачынку па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, вучобы ў ВНУ, догляду людзей з інваліднасцю.

5.Увядзенне 36-гадзіннага працоўнага тыдня.

6.Выдача 13-га заробку ўсім работнікам дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.

7.Адмена дарожнага падатку.

8.Рэгістрацыя незалежных прафсаюзаў на прадпрыемствах.

9.Увядзенне абавязковай страхавой медыцыны за кошт працадаўцы.

10.Правядзенне пенсіённай рэформы і зніжэнне пенсіённага ўзросту для мужчын да 60 гадоў.

«З кожным месяцам жыццё становіцца больш дарагім, нават кошты на звычайныя прадукты  паступова падвышаюцца, – падкрэслівае Ігар Барысаў. – Часам падаецца, што гэта незаўважнае  падвышэнне, але па выніку месяца разумееш, што грошай сышло больш, чым заўсёды».

«Напрыклад, у Беларусі выплата 13-й зарплаты цяпер не практыкуецца, а мы настойваем на тым, каб яе выплачвалі», – гаворыць намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук.

Дарэчы, Дзмітрый з’яўляецца дырэктарам смеццесартавальнай станцыі. І прызнаецца, што і на яго прадпрыемстве 13-га заробку сёння няма.

«Цяпер у нас бізнес трохі ў крызісе, ёсць цяжкасці з выплатай заробкаў, – гаворыць Дзмітрый. — Мы не вельмі вытрымліваем канкурэнцыю і чакаем, калі зменяцца правілы гульні на рынку, спадзяёмся, што будуць створаны роўныя ўмовы як для прыватных прадпрыемстваў, якія  займаюцца адходамі, так і для сістэмы ЖКГ. Цяпер нам цяжка канкурыраваць з дзяржаўнымі  прадпрыемствамі. А ў наступным годзе, думаю, мы выплацім сваім работнікам 13-ы заробак».

Дзмітрый Кучук лічыць, што з сацыяльным парадкам дня шчыльна пераплятаюцца экалагічныя пытанні.

«Дастаткова ўзяць пытанне будаўніцтва АЭС. Акрамя  таго, што  сама  па  сабе  атамная  станцыя  не  з’яўляецца экалагічна чыстым аб’ектам, так улада ўжо анансавала,  што  электраэнергія для грамадзян будзе даражэй, чым  для прамысловых  прадпрыемстваў. Гэта яшчэ адзін аргумент,  чаму  будаўніцтва АЭС павінна  быць  спынена,  –  яна  будзе  біць  па  гаманцах  простых  беларусаў», – гаворыць Кучук.

Ініцыятары акцыі  адзначаюць, што ў Францыі пратэстоўцы былі пачуты і мінімальны заробак ім быў падвышаны на 100 еўра.

«Калі  беларусы  не  будуць пасіўнічаць, то і ў нас атрымаецца ўздзейнічаць на ўладу і дамагчыся выканання сацыяльнага парадку дня, – кажуць Ігар Барысаў і Дзмітрый Кучук. – І калі беларусы праявяць салідарнасць, мы здолеем дамагчыся  выканання нашых патрабаванняў».

На  першым  этапе  кампаніі  ініцыятары  заклікаюць далучыцца  хаця  б  да  акцыі салідарнасці  ў  інтэрнэце – фатаграфавацца ў жоўтых камізэльках і выстаўляць хэштэг #хачуякупарыжы,  а  таксама падпісаць у інтэрнэце петыцыю да Адміністрацыі прэзідэнта з пазначанымі вышэй патрабаваннямі.

Ад рэдакцыі

Нарэшце грамадскасць пачула голас Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Адчуваецца, што новы яе кіраўнік сур’ёзна ўзяўся за арганізацыйную і палітычную работу.

Партыя  вылучыла  шмат  патрабаванняў  да  ўлад.  Але  рэдакцыі, як і чытачам газеты, цікава ведаць, якія варыянты вырашэння праблем бачаць беларускія сацыял-дэмакраты. Таму ёсць канкрэтная прапанова: рыхтуйце, партыйцы, артыкулы з тлумачэннем, што неабходна зрабіць, каб кожны з 35 пунктаў стаў рэальнасцю.