Фота: nn.by

Напярэдадні Новага года, 31 снежня 2018 года горад Мінск атрымае незвычайны падарунак — манументальна-дэкаратыўны арт-аб’ект, выкананы ў выглядзе скульптурнай кампазіцыі «Белы птах».

Устаноўка арт-аб’екта на тэрыторыі, прылеглай да праспекта Пераможцаў (набярэжная, злева ад Палаца спорту), будзе зрэалізавана ў межах спецыяльнага сацыяльна-культурнага праекта «Веліч роднай мовы» Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў пры садзейнічанні і падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, піша «Наша Ніва».

Спецыяльна распрацаваны праект «Веліч роднай мовы» пакліканы папулярызаваць родную мову, пашырыць яе прысутнасць у паўсядзённым жыцці горада, па-новаму, з дапамогай арт-аб’ектаў, раскрыць семантыку беларускага слова. Унікальнасць праекта складаецца ў спалучэнні адукацыйнай і мастацкай функцый, сімвалы роднай мовы падаюцца пры дапамозе прыёмаў і сродкаў выразнасці мастацтва.

Ідэя праекта прадугледжвае ўстаноўку арт-аб’ектаў у гарадскім асяроддзі (парках, плошчах, адкрытых прасторах) з тэматычнай прывязкай да месца ўстаноўкі, выкананых у выглядзе скульптурнай кампазіцыі або малой архітэктурнай формы.

Прыклады такіх слоў — Каханне, Нябёсы, Маці, Запавет, Мова і інш. — якія нясуць у сабе выключна пазітыўнае пазіцыянаванне менталітэту беларускага народа, яго духоўнай спадчыны. Асобнай задачай для праекта з’яўляецца развіццё турыстычнага патэнцыялу сталіцы і ўсёй Рэспублікі.

Да распрацоўкі арт-аб’ектаў далучыліся беларускія мастакі і дызайнеры, члены творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь, якія працуюць у сумежных тэхніках і жанрах, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў мастацкага профілю, а таксама студэнты, з ліку найлепшых, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і кафедры «Дызайну архітэктурнага асяроддзя» архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта.

Аўтарам скульптурнай кампазіцыі «Белы птах» выступіў вядомы беларускі мастак-скульптар, сябра Беларускага саюза мастакоў, Валерый Малахаў.