
Кажуць, час гоіць раны мінулага. Магчыма, у гэтага храма даўно прытупілася крыўда на тых, хто яго калісьці разбураў. А, магчыма, знявечаныя сцены і сёння памятаюць усё…
Мы ў вёсцы Пачаявічы, што ў Чашніцкім раёне Віцебшчыны.
Захаваліся звесткі, што, верагодней усяго, гэтая святыня была пабудавана яшчэ перад пачаткам першага падзелу Рэчы Паспалітай.
З самай сярэдзіны ХІХ ст. гаспадары гэтых зямель, прадстаўнікі знакамітага ў Вялікім Княстве Літоўскім магнацкага роду Храптовічаў, будуюць тут заможную сядзібу.
Прыбыткова працавалі: вадзяны ды паветраны млыны, бровар, сыраварня, вялізная жывёлагадоўчая ферма. Быў закладзены фруктовы сад.
Мясцовыя жыхары сцвярджалі: у 1930-ыя гады царква яшчэ дзейнічала. Успаміналі, між іншым, пра Саюз бязбожнікаў…
…які быў заснаваны ў 1925 г. А ў 1929-ым на з’ездзе ў Мінску да асноўнай назвы Саюза дадалі яшчэ адно слова – “ваяўнічы”.
Мала гэтага, у 1933 г. Саюзам абвешчана пяцігодка па знішчэнні культавых храмаў і духоўных людзей. А час той быў: першая палова ХХ ст.!
Якім годам скончылася гэтая пяцігодка? Ажно 1937-м! І той год працягнуў многапакутны, вынішчальны і жудасны час для нашага краю, для нашай Бацькаўшчыны.
Трэба свята помніць, дзе і калі нарадзілася, адкуль яна паўзла, гэтая зараза. Хаця, і сярод “сваіх” не мала было ворагаў роду чалавечага…
Аўтар праекта “Нашы руіны” Уладзімір Цвірка.
Фота аўтара.