Ігар КОМЛІК: «Пра шампанскае на Новы год трэба забыць»
Фото: spring96.org

Фігурант “справы прафсаюзаў” расказаў “Народнай Волі”, што яму забаронена з 19 снежня.

Нагадаем, што суд прызнаў лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінаватымі ў парушэнні ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры) і прыгаварыў кожнага да 4 гадоў “хатняй хіміі” з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

На мінулым тыдні Ігара Комліка выклікалі ва Упраўленне выканання пакаранняў Фрунзенскага раёна Мінска і азнаёмілі з умовамі адбыцця абмежавання волі.

Абмежаванні пачалі дзейнічаць з 19 снежня.

Узялі падпіску, што азнаёмлены з правіламі, – кажа Ігар Комлік. – І трэба сказаць, што абмежаванняў даволі шмат. Напрыклад, у працоўныя дні абавязаны знаходзіцца ва ўласнай кватэры кожны дзень з 21.00 да 6 гадзін раніцы. У выхадныя і святочныя дні наогул не маю права выходзіць з дома, таму  нават  прагуляцца па вуліцы не магу.

Таксама не маю права наведваць фізкультурна-аздараўленчыя, масава-спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, дзе прадаюць спіртныя і слабаалкагольныя напоі. Мяне нават папярэдзілі, што можна ездзіць на веласіпедзе па вуліцы, але не набліжацца да месцаў, дзе, скажам, прадаюць разліўное піва.

– На якой адлегласці трэба трымацца ад бочкі з півам?

Пра гэта, на жаль, не паведамілі. Але сказалі, што родныя да мяне могуць прыйсці ў госці, а мне да іх нельга. Напрыклад, я жыву ў адным доме з сынам, але ў розных кватэрах. Сынможа наведваць мяне, а я да яго схадзіць не магу.

Увогуле, трэба  адзначыць,  што Дэпартамент  выканання пакаранняў вельмі клапоціцца пра маё  здароўе, бо чатыры гады забаронена ўжываць алкаголь. Нават на Новы год нельга падняць келіх з шампанскім, бо ў любы час дня і ночы дахаты да мяне можа завітаць любы прадстаўнік міліцыі.  Дарэчы, інспектар ва Упраўленні выканання пакаранняў параіла мне назапасіць прадуктаў на чатыры дні  навагодніх святаў, бо схадзіць у магазін не будзе магчымасці.

– Вы працуеце  прадстаўніком  прафсаюза РЭП па Мінску і Мінскай вобласці, а значыць, працоўныя   абавязкі   прадугледжваюць службовыя камандзіроўкі…

Выезд за межы сталіцы забаронены. Тры месяцы будуць прыглядацца да маіх паводзін, а затым, калі ўсё добра, у якасці заахвочвання могуць і дазволіць выехаць з горада. Але ў любым выпадку на гэта трэба будзе браць спецыяльны дазвол.

Я, дарэчы, запытаўся ў інспектара, як Дэпартамент выканання пакаранняў ставіцца да працоўнай тэрапіі. Меў на ўвазе магчымасць з’ездзіць на лецішча. Аказваецца, і туды мне пакуль нельга, хаця часам трэба нешта і прывезці, і папрацаваць там.

– Ці можна вам удзельнічаць у акцыях, якую будзе арганізоўваць ваш прафсаюз?

Здаецца, ніякай забароны няма, калі мерапрыемства дазволена.  Калі ж акцыя несанкцыянаваная, то могуць прыцягнуць да адказнасці. Тры такія парушэнні – і будуць судзіць ужо па крымінальным артыкуле.

P.S. Як паведаміў іншы фігурант “справы прафсаюзаў” Генадзь   Фядыніч, яго пакуль не выклікалі ва Упраўленне выканання пакаранняў, а таму і абмежаванняў яшчэ няма.

Артыкул выйшаў у газеце «Народная Воля», № 101 (4353) за 21 снежня 2018