Кірыл Казакевіч. Фота з асабістага архіва

Кірыл Казакевіч – студэнт эканамічнага факультэта Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Акрамя гэтага ён прыватны прадпрымальнік, які запусціў у Гродне незвычайны праект, звязаны з паслугамі насельніцтву, – стварыў кампанію па вынасе смецця з кватэр. Праект стаў магчымым тады, калі некалькі гадоў таму амаль ва ўсіх жылых дамах Гродна заварылі смеццеправоды. Людзі прывыклі, што смецце можна выкінуць адразу за дзвярыма кватэры, а зараз трэба прайсці 10-20 метраў, а то і ўсе сто.

«А калі вось такое дрэннае надвор’е, ты прыйшоў з працы, і табе ўжо не хочацца
цягнуцца зноў на двор, а смецце вывальваецца з вядра…» – разважае Кірыл.

І прапаноўвае выносіць смецце за 7 рублёў у месяц. Напачатку кожны жылец дома выстаўляе смецце каля дзвярэй у канкрэтны час, і на працягу тыдня пакеты што-дня выносяцца бясплатна. Калі чалавеку спадабаецца такая паслуга, з ім заключаюць
дамову, і працэс пайшоў.

«Для кожнага дома ёсць канкрэтны час, – распавядае Кірыл. – Скажам, у адным мы забіраем мяшкі са смеццем у 19.30, у другім – у 19.40 і г.д. Нікому ў дзверы не звонім, нікога не турбуем, а сістэмна пад’езд за пад’ездам, дом за домам абслугоўваем».

Ідэю падглядзеў у інтэрнэце

Кірыл распавядае, што некалькі гадоў падпрацоўваў у самых розных фірмах і ўвесь час думаў над бізнес-праектам, які мог бы стварыць і ўзначаліць сам. Падоўгу сядзеў у інтэрнэце на бізнес-форумах і ідэю па вынасе смецця ўпершыню ўбачыў на расійскіх сайтах. Паводле яго слоў, многія ў суседняй краіне спрабавалі здзейсніць гэты праект, але не ва ўсіх гэта атрымлівалася.

Многіх, паводле слоў Казакевіча, падобная паслуга прыводзіла проста ў замяшальніцтва, паколькі людзі не здагадваліся, што нешта падобнае можа існаваць у нашай краіне. Але, калі пачалі гэтым карыстацца, дзяліцца са знаёмымі і суседзямі,
працэс крануўся з месца.

Людзі, паводле меркавання Казакевіча, за тыдзень хутка прывыкаюць да зручнай паслугі. Са стокватэрнага дома прыкладна каля 70 чалавек пагаджаюцца на тое, каб тыдзень ім выносілі смецце бясплатна, і пасля гэтага прыкладна 35–40 чалавек заключаюць дамову.

«Рэкламу мы нідзе не даём, я гэтага не вітаю, мой бізнес грунтуецца на тым, каб мінімум затрат і максімум прыбытку, – гаворыць Кірыл. – Я вельмі доўга думаў над тым, як аўтаматызаваць гэты працэс, і ў выніку распрацаваў сваю сістэму. Зараз я толькі кірую працэсам і сачу за яго ходам. У кожным раёне ёсць упраўляючы, ёсць людзі, якія займаюцца заключэннем дамоў з кліентамі, і ёсць тыя, хто непасрэдна выносіць смецце».

Зараз Казакевіч і ягоныя памагатыя аказваюць свае паслугі ў трох буйных мікрараёнах горада: «Дзевятоўцы», «Вішняўцы» і «Фолюшы». Іх паслугамі, са слоў Кірыла, карыстаюцца звыш 450 чалавек.

Хто працуе ў фірме і хто ў ёй абслугоўваецца?

Кірыл кажа, што аддае перавагу маладым супрацоўнікам. У штаце зараз працуюць
тры чалавекі і яшчэ 10 – па дамове.

«Большасць з іх гэта такія ж студэнты, як і я, – распавядае малады прадпрымальнік.
– Праўда, апошнім часам мы пачалі даваць заяўку ў Цэнтр занятасці, і адтуль таксама пачалі прыходзіць людзі старэйшага веку. Ёсць у нас адзін спадар, які прыходзіць працаваць пасля сваёй асноўнай работы. Для многіх, мушу ска-заць, работа адразу выглядае даволі нязвыкла, але кожны бачыць, што перасільвацца не даводзіцца, а капейку зарабляюць».

Колькі дакладна зарабляюць людзі, выносячы смецце з чужых кватэр, Кірыл не сказаў, але зазначыў, што ён плаціць болей, чым мінімальны заробак у краіне. «Уявіце, што работа ў тых, хто заключае дамовы з кліентамі, пачынаецца ў 17.30 і працягваецца максімум да 21 гадзіны, – кажа Кірыл.

– А тыя, хто выносіць смецце, звычайна прыходзяць пасля 19 гадзін і заканчваюць работу пасля 21 гадзіны. Як правіла, адзін чалавек абслугоўвае каля 200 кватэр. Думаю, што за гэтыя грошы ёсць сэнс працаваць. Тым больш што субота і нядзеля ў нас выхадныя дні».

«Думаем пашырацца…»

Казакевіч распавядае, што сам не чакаў, як імкліва можа развівацца ягоны бізнес.
У планах прапанаваць свае паслугі ўсяму гораду, вось толькі пакуль не стае рабочых рук. Зараз, паводле яго слоў, вядзецца праца над рэгістрацыяй малога прадпрыемства.

«Нягледзячы на тое, што там будуць большыя падаткі, але ў нас абаротных
сродкаў хапае, і я думаю пра іншыя магчымасці, – кажа Казакевіч. – Мы распрацавалі новую паслугу, прапануем мыццё пад’ездаў праз дзень. Прычым не хлоркай, а сучаснымі сродкамі. Ужо пралічылі, што гэта будзе каштаваць для жыхароў 5 рублёў 50 капеек у месяц».

Паводле слоў Кірыла, на гэтую ідэю іх навялі самі жыхары дамоў. Зараз гэтую паслугу аказвае ЖЭС, пад’езды мыюцца толькі раз на месяц, людзі за гэта плацяць грошы і застаюцца незадаволенымі. Гэтая паслуга, са слоў Казакевіча, зараз тэсціруецца ў некаторых дамах і пакуль робіцца бясплатна.

Артыкул выйшаў у газеце “Народная Воля”, № 100 (4352) за 18 снежня 2018 г.

Поделиться ссылкой: