Фота: Радыё Свабода

18 мая 1944 года салдаты 2-га Польскага корпуса, у склад якога ўваходзілі ў тым ліку ўраджэнцы Беларусі, узялі нямецкую крэпасць Монтэ-Касіна ў Італіі. Гэтым самым была адкрыта дарога да Рыма. А разам з тым войскі антыгітлераўскай кааліцыі расчысцілі сабе яшчэ адзін шлях да канчатковай перамогі над гітлераўскай Германіяй і яе саюзнікамі.

Юры Грыбоўскі, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральна-Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, адным з першых пачаў вывучаць удзел беларусаў у баях у Італіі. У свой час ён абараніў у Беларусі і Польшчы кандыдацкую дысертацыю пра ўдзел беларусаў у польскім войску. Ён аўтар каля 100 публікацый, прысвечаных гэтай праблеме. Пра ўклад нашых землякоў у разгром нацызму карэспандэнт «Народнай Волі» пагаварыў з вучоным.

– Некаторыя даследчыкі бітву ля Монтэ-Касіна называюць адной з найбольш крывавых баталій Другой сусветнай вайны. Што там адбылося?

– Узвышша Касіна поруч з іншымі было адным з умацаваных раёнаў на нямецкіх абарончых лініях «Густава» і «Гітлер», якія праходзілі ад Адрыятычнага да Тырэнскага мора. Гэтыя лініі перакрывалі далейшае прасоўванне англа-амерыканскіх войск на Рым. Першыя спробы авалодаць узвышшам Касіна войскі саюзнікаў зрабілі яшчэ ў студзені 1944 года. Усе спробы ўзяць вяршыню канчаліся, аднак, паражэннямі. 24 сакавіка 1944 года камандаванне саюзнікаў вырашыла накіраваць у раён Монтэ-Касіна 2-гі Польскі корпус пад камандаваннем генерала Уладыслава Андэрса. У наступленні польскім вайскоўцам прызначалася адна з найцяжэйшых задач. Першы штурм пачаўся 11 мая, аднак польскія часці, несучы значныя страты, былі вымушаны адысці. У выніку другой атакі 17–18 мая нямецкая абарона была прабіта. 18 мая на руінах кляштара Святога Бенедзікта польскія салдаты ўзнялі брытанскі і польскі сцягі.

– Сярод палякаў былі, наколькі вядома, і беларусы. Колькі? І як яны там апынуліся?

– Гэта былі грамадзяне Рэспублікі Польшча, жыхары заходнебеларускіх зямель, якія ў 1939–1941 гадах трапілі ўглыб СССР як ваеннапалонныя альбо ахвяры сталінскіх дэпартацый. У 1941 годзе яны, як польскія грамадзяне, добраахвотна
ўступілі ў Польскую армію, якая тады фарміравалася ў СССР на падставе пагаднення
паміж польскім эміграцыйным і савецкім урадамі. У 1942 годзе гэта армія была эвакуіравана ў Іран, а адтуль у Ірак і на Блізкі Усход, дзе ў 1943 годзе ўзнік 2-гі Польскі корпус. У складзе корпуса служыла не менш як дзве тысячы беларусаў. Пад Монтэ-Касіна больш за ўсё беларусаў знаходзілася ў 3-й дывізіі карпацкіх стралкоў і 5-й крэсовай пяхотнай дывізіі. Менавіта гэтыя злучэнні апынуліся на першай лініі агню і панеслі найбольшыя страты. Вядомы прозвішчы соцень беларусаў, якія за ўдзел у бітве атрымалі Памятны крыж Монтэ-Касіна. Некалькі былі ўзнагароджаны вышэйшай польскай вайсковай узнагародай – Крыжам Ордэна Віртуці Мілітары.

Пра гераізм беларусаў з 2-га корпуса падчас бітвы сведчаць шматлікія рапарты, успаміны польскіх афіцэраў. Подзвігі нашых землякоў апісаў вядомы польскі журналіст,
ураджэнец сучаснага Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці Мельхіёр Ваньковіч. Адзін з удзельнікаў бітвы, наш зямляк Пятро Сыч у сваіх успамінах сведчыў, што беларусы
«шчодра абмылі сваёй крывёй шурпатыя, дзікія горы каля манастыра Монтэ-Касіна». Пасля бітвы ля падножжа гары Касіна былі створаны польскія вайсковыя могілкі, на якіх пахаваны салдаты 2-га корпуса. Аб прысут-насці беларусаў сярод пахаваных яскрава сведчаць праваслаўныя крыжы. Я налічыў іх ажно 52: 90 працэнтаў пахаваных
пад імі – ураджэнцы Беларусі. Пры гэтым рэлігійная прыкмета дазваляе нам вызначыць толькі мінімальную колькасць беларусаў, якія загінулі, бо сярод салдат каталіцкага
веравызнання таксама былі ўраджэнцы Беларусі.

У бітве бралі ўдзел тыя, хто пазней стаў вядомым дзеячам беларускай эміграцыі: спявак Пятро Конюх, Віктар Астроўскі – сын Радаслава Астроўскага, Аркадзь і Мікалай Міклашэвічы – родныя браты Ларысы Геніюш. Адначасова ў розных выданнях
з’яўляецца інфармацыя, што пад Монтэ-Касіна ваявалі такія вядомыя беларусы, як Кастусь Акула, Аляксандр Надсан. Гэта памылка, бо ў той час названыя асобы з’яўляліся кадэтамі камандзірскай школы Беларускай краёвай абароны на акупіраванай немцамі
тэрыторыі Беларусі, а ў 2-м Польскім корпусе ў Італіі апынуліся толькі на пачатку 1945 года. Яны бралі ўдзел у баях на італьянскім фронце, напрыклад, за Балонню, але пад Монтэ-Касіна іх дакладна не было.

– Якім чынам звязаны з Беларуссю генерал Уладыслаў Андэрс?

– Напярэдадні Другой сусветнай вайны ён камандаваў Навагрудскай кавалерыйскай брыгадай Войска Польскага, штаб якой знаходзіўся ў Баранавічах. У 1939 годзе брыгада ўдзельнічала ў баях з нямецкімі захопнікамі.

– Ці жывуць яшчэ на свеце беларусы, якія ўдзельнічалі ў бітве ля Монтэ-Касіна?

– На пачатку 2000-х гадоў, калі я пачаў даследаваць гэту тэму, у Беларусі яшчэ жылі некалькі ветэранаў. Мне пашчасціла сустрэцца з Якубам Конанам, які жыў пад Маладзечна. Пазней, калі я наведаў Англію, то пазнаёміўся там з іншымі землякамі.
Пра іх лёсы вы можаце прачытаць у кнігах «Забытыя жаўнеры польскага войска ў часы Другой сусветнай вайны: матэрыялы і ўспаміны» (2003), «Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна» (2004), а таксама ў маёй манаграфіі «Беларусы ў польскіх рэгулярных ваенных фарміраваннях у 1918–1945 гадах», якая выйшла ў 2006 і 2007 гадах на беларускай і польскай мовах.

– Як захоўваецца памяць пра бітву ля Монтэ-Касіна ў Беларусі і за мяжой?

– У Беларусі на працягу доўгіх гадоў пра ўдзел у бітве нічога не было вядома. У БССР пра гэта не гаварылася па ідэалагічных прычынах, а «андэрсаўцы » нават не лічыліся ветэранамі вайны. Увесну 1951 года адбылася масавая дэпартацыя сямей «андэрсаўцаў» у Іркуцкую вобласць на спецпасяленні. Пасля распаду СССР сітуацыя змянілася, але па-ранейшаму веды пра тых, хто ў гады вайны змагаўся ў шэрагах польскіх вайсковых фарміраванняў на заходніх франтах Другой сусветнай вайны, былі вельмі малыя. Гэта тычылася як шырокіх колаў грамадства, так і навукоўцаў. Мне давялося шмат папрацаваць у архівах Мінска, Варшавы, Лондана, каб стварыць поўную карціну ўдзелу беларусаў у тых падзеях. Але для большасці беларусаў гэта па-ранейшаму «белая пляма». Пацвярджае гэта настyпны прыклад. Калі выйшла мая кніга, да мяне пачало звяртацца многа людзей з розных куткоў Беларусі, якія знайшлі ў ёй звесткі пра сваіх сваякоў. Раней яны практычна нічога не ведалі пра лёс блізкіх. Інакш справа выглядала на эміграцыі. Пасля 1945 года большасць салдат 2-га корпуса засталася за мяжой. Яны памяталі пра бітву і шанавалі памяць пра ўдзел у ёй сваіх землякоў: у 1979 годзе ўсклалі аздоблены бела-чырвона-белай стужкай вянок на могілках ля падножжа гары Касіна ў сувязі з 35-й гадавінай бітвы.

– У якіх яшчэ бітвах на заходніх франтах Другой сусветнай вайны адзначыліся беларусы?

– Геаграфія даволі шырокая. Пэўная колькасць нашых землякоў трапіла ў розныя фарміраванні, якія ўваходзілі ў склад Польскіх узброеных сіл на Захадзе. Гэта 1-я танкавая дывізія пад камандаваннем генерала Станіслава Мачака, што ў 1944–1945 гадах удзельнічала ў баях у Францыі, Бельгіі, Заходняй Германіі. Вядомы прозвішчы беларусаў з Асобнай парашутнай брыгады, якая брала ўдзел у найбуйнейшай паветрана-дэсантнай аперацыі заходніх саюзнікаў «Маркет Гадэн» у Галандыі ў верасні 1944 года. Беларусы былі сярод экіпажаў ваенных судоў у Міжземным моры, пілотамі ваенна-паветраных сіл.

– Што сённяшняму пакаленню можа даць памяць пра гэтыя падзеі Другой сусветнай
вайны?

– Перш за ўсё ўсведамленне таго, што прадстаўнікі беларускага народа змагаліся з ворагам не толькі на ўсходнім фронце Другой сусветнай вайны. Усе цудоўна ведаюць пра гераізм беларусаў у радах Чырвонай Арміі. Але вобраз удзелу нашага народа ў барацьбе з нацызмам будзе няпоўны без ведаў пра іх подзвігі на Захадзе. Безумоўна, беларусаў там было значна менш, чым у Чырвонай Арміі, але ўсе яны варты павагі і ўдзячнай памяці нашчадкаў.

Размаўляў Віктар КОРБУТ.
Варшава.

Артыкул выйшаў у газеце «Народная Воля», № 100 (4352) за 18 снежня 2018 г.