Сёння Лукашэнка ў Маскве сустрэнецца з Пуціным: што яны будуць абмяркоўваць

131
Фото с сайта euroradio.fm

25 снежня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правядуць перамовы ў Маскве. Сустрэча ёсць у графіку прэзідэнта Расіі. Як паведамляе прэс-служба Пуціна, у ходзе перамоваў кіраўнікі краінаў абмяркуюць “ключавыя пытанні двухбаковых адносін” і “перспектывы далейшага прасоўвання інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы”, перадае Еўрарадыё.

На нарадзе, якая прайшла ў Мінску 24 снежня, Лукашэнка назваў перамовы, якія маюць адбыцца, няпростымі. Чыноўнікам, якія сабраліся ў Палацы Незалежнасці: прэм’ер-міністру Сяргею Румасу, кіраўніку Савета Рэспублікі Міхаілу Мясніковічу, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку і кіраўнікам некалькіх міністэрстваў — ён прапанаваў абмеркаваць “далейшы рух у вырашэнні інтэграцыйных пытанняў, непахісна паважаючы суверэнітэт дзвюх краін і асабліва выбар народаў — расіян і беларусаў”.

Па словах Лукашэнкі, адкрытым застаецца “шэраг пытанняў у нафтагазавай сферы”: “У сярэдзіне гэтага года мы павінны былі пачаць і скончыць да канца года пытанні па цэнах на газ (мы ў Піцеры дамаўляліся з Уладзімірам Уладзіміравічам), вырашыць пытанні нафтавыя ў сувязі з падатковым манеўрам у Расійскай Федэрацыі. Аднак на ўсе нашыя прапановы Расія не пайшла, і гэтыя тэрміны фактычна сарваныя. І нашая частка дэлегацыі заўтра на перамовах, і расійская павінны будуць адказаць на пытанне, чаму прынятае двума прэзідэнтамі рашэнне не было выкананае ў гэтым годзе”.

Пры гэтым па газе на 2019 год цэны ўрэгуляваныя. Што да нафты, дык кіраўнік Беларусі настойвае, што за тры апошнія гады праз падатковы манеўр у нафтавай сферы Расіі Беларусь страціла амаль $4,5 млрд. “Мы разумеем, што ў бліжэйшыя гады, прыкладна да 2024 года, панясем страт яшчэ на $10,5 млрд”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, раней ўрад Расіі не адмаўляў гэтага факту, і было “жорстка абяцана”, што расіяне не дапусьцяць пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі і гатовыя кампенсаваць страты за кошт бюджэту. “І потым раптам усё спынілася. Я хацеў бы атрымаць адказ на пытанне: чаму спыніліся гэтыя перамовы, калі ў прынцыпе ўсё было гатова для прыняцця рашэння нават на саюзным Саўміне ў Брэсце? ” — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што варыянтаў падчас перамоваў у Крамлі — шмат, але “беларускі бок павінен выразна пазначыць і адстойваць сваю пазіцыю”.

Поделиться ссылкой: