Фото: government.by

Нечаканая тэма была ўзьнятая падчас супольнага паседжаньня палат Нацыянальнага сходу: чаму ў Беларусі няма заводу для вытворчасьці бульбы фры?

Як сказаў старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, беларусы штогод спажываюць як мінімум 5,5 тысячы тон бульбы фры — менавіта столькі завозяць гэтага прадукту з-за мяжы, перадае Радыё Свабода.

«Я ведаю, што сёньня ў Польшчы працуюць пяць заводаў па вытворчасьці бульбы фры, прычым практычна ўсе яны арыентаваныя на Беларусь. Да чаго ж мы, бульбашы, дажыліся?» — абурыўся Міхаіл Мясьніковіч.

Паводле чыноўніка, у Беларусі ўжо нейкі час спрабуюць пабудаваць завод па вытворчасьці бульбы фры, у прыватнасьці ў Талачыне на Віцебшчыне. Аднак на розных этапах інвэстыцыйныя праекты зацягваюцца ці наогул згортваюцца. Мясьніковіч раскрытыкаваў за гэта старшыню Дзяржаўнага камітэту навукі і тэхналёгій Аляксандра Шуміліна.

Як выказаўся Мясьніковіч, ведамства мусіць хадзіць зь ліхтарыкам і высьвечваць любыя інвэстпраекты, а насамрэч усё заканчваецца на этапе абмеркаваньня.

Шумілін паспрабаваў апраўдацца: маўляў, праект абмяркоўваўся ня болей за тры месяцы, тэхнічныя ды іншыя пытаньні зьнятыя, але дзеля яго рэалізацыі ў бюджэце няма сродкаў.

«Мы ня можам знайсьці банк, які б крэдатаваў будаўніцтва такога прадпрыемства», — паскардзіўся кіраўнік Дзяржкамітэту навукі і тэхналёгій.

Тым часам Мясьніковіч выказаў перакананьне, што рэстараны «Макдональдс» ды іншыя фастфуды з задавальненьнем набывалі б бульбу ў Беларусі, чым мець клопат завозіць яе з-за мяжы.