
Калі глядзець з процілеглага боку паляны, добра бачны рэшткі палаца, які памірае ў адзіноце… А зусім побач удалеч бяжыць дарога, не прыпыняючыся, не звяртаючы ні на каго ўвагі…
Мы каля вёскі Рудня, недалёка ад Валожына, што на Міншчыне.
Уражвае дзівосны кантраст паміж белымі карнізамі ды філёнкамі з чырвонай цэглы на фоне ізумрудна-зялёнага лесу, што зачароўвае адразу.
Два летнія палацы прадстаўнікі шляхецкага роду Тышкевічаў збудавалі у гэтых мясцінах, недалёка ад Валожына, яшчэ на пачатку ХІХ ст.
Сёння для нашчадкаў застаўся толькі адзін палац, які ўтульна прыхіліўся сваёю цаглянаю спіною да берага р. Іслач.
Незвыклая пабудова ў стылі эклектыкі мае прасторную, адкрытую галерэю, якая глядзіць на вялізную клумбу…
…Якая ў савецкі час была прыстасавана пад бульбяное поле. Раз на год сціплыя яго кветкі цешылі руіны сваім белым колерам.
Частка лесу пры Тышкевічах была адведзена пад вялізны звярынец. Новая ўлада выкарыстоўвала яго да сярэдзіны ХХ ст. як дзяржаўны запаведнік.
Шкада, але ад былой велічы мінулага засталіся толькі руіны гэтага палаца. Але і яны кінуты без належнага дагляду.
Ад велізарнай архітэктурнай спадчыны краіны засталіся нейкія драбніцы. Не змясці б іх з нашага нацыянальнага стала… Мы ж руплівыя гаспадары? Так?
Аўтар праекта “Нашы Руіны” Уладзімір Цвірка.
Фотаздымкі аўтара