Аляксандр Класкоўскі. Фота: euroradio.fm

“Гугл” усё расстаўляе на свае месцы. На запыт пра скульптуры гарадавога ў Расіі ён паведамляе, што такія статуі ўсталяваны ў Пецярбургу, Чалябінску, Елабузе, Навасібірску, Омску, Ржэве, Яраслаўлі, Ніжнім Ноўгарадзе, Ульянаўску, Калузе, Уладзікаўказе… Прычым у Пецярбургу, напрыклад, помнік быў адкрыты да 200-годдзя Міністэрства ўнутраных спраў Расіі.

І тут усё становіцца зразумела з геніяльным рашэннем айчыннага праваахоўнага начальства. Яно проста змалпавала ідэю ва ўсходніх суседзяў, вырашыўшы ў свой час паставіць падобны помнік у Мінску да стагоддзя айчыннай міліцыі.

Але тое, што выглядае натуральным для сённяшняй Расіі, якая падкрэслівае сваю пераемнасць з імперыяй, становіцца недарэчным сімвалам для незалежнай Беларусі. Бо ідэя нашай незалежнасці грунтуецца акурат на выхадзе з абдымкаў імперыі – спачатку расійскай, а потым савецкай.

Вось гэтага, здаецца, не разумее міністр Шуневіч, калі абураецца правакацыйнымі паводзінамі і нібыта вандалізмам тых, хто ладзіць розныя перформансы з той скульптурай. Міліцэйскаму начальству здаецца, што гэта проста хуліганства і непавага да праваахоўнага ведамства. Таму ў беларускім МУС думаюць, што, ганяючыся за свавольнікамі (апафеозам “выхаваўчай работы” сталі змушаныя выбачэнні падлетка перад помнікам), абараняюць гонар мундзіра.

Але ж мундзір не той – імперскі, панове праваахоўнікі! Прачніцеся, эпоха праклятага царызму даўно прайшла! А вобраз гарадавога – і над гэтым добра папрацавала класічная літаратура – трывала асацыіруецца шмат у каго менавіта з царскім самадзяржаўем, прыгнётам, здушэннем свабоды…

Поўны тэкст калонкі Аляксандра Класкоўскага чытайце ў газеце “Народная Воля” за 14 снежня