Увечары 10 снежня двое студэнтаў Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі вырашылі высветліць адносіны ў курылцы. Скончылася бойка даволі жорстка.

Відэа ў сваім тэлеграм-канале апублікаваў блогер Максім Пушкін.

Адзін са студэнтаў упаў у бруд і страціў прытомнасць, яго пачало курчаць.

Хлопцу выклікалі хуткую, але ў бальніцу не забіралі. Медыцынскую дапамогу аказалі ў медпункце каледжа. Пасля пацярпелага, першакурсніка Дзмітрыя Ц., адпусцілі.

Жорсткая бойка навучэнцаў мінскага каледжа трапіла на відэа (18+). Мама ахвяры: Нічога страшнага
Пацярпелы хлопец, фота з сацсетак

«Усё з Дзмітрыем нармальна. Я прыехала, забрала яго з каледжа. Нічога страшнага: ранка, гематома ды і ўсё, — распавяла «Нашай Ніве» Алена, маці пацярпелага хлопца. — Пасля схадзіла з Дзімам да доктара, той таксама сказаў, што ўсё ў парадку».

Відэа, дзе яе сын ляжыць у брудзе, жанчына не бачыла. Але ўпэўненая, што ўсё нармальна.

«Прычын бойкі сын мне не сказаў: сказаў, ай, мама, не ўлазь. Але я лічу, што нічога такога не адбылося. Хлопцы маладыя, здараецца. У міліцыю мы звяртацца не плануем.

Каб там было штосьці сур’ёзнае… А так мы нічога раздзімаць не будзем. Такі ў іх узрост, гармоны гуляюць, ледзь зачапі — пачынаюць кулакамі махаць», — лічыць маці Дзмітрыя.

«Наша Ніва» звязалася з пацярпелым хлопцам, але ён не захацеў размаўляць.

«Са мной усё нармальна. Я не хачу каментаваць ніяк гэтую тэму. Пакарання для таго, з кім біўся, таксама не хачу», — паведаміў Дзмітры.

Біў Дзмітрыя 16-гадовы вучань Кірыл Г., таксама першакурснік.

Жорсткая бойка навучэнцаў мінскага каледжа трапіла на відэа (18+). Мама ахвяры: Нічога страшнага
Пацярпелы хлопец, фота з сацсетак

Ці будуць у Кірыла праблемы ў каледжы праз гэтую гісторыю, пакуль невядома. У адміністрацыі каледжа адмовіліся каментаваць сітуацыю.