Міхась Скобла

Падводзячы вынікі футбольнага сезона на цырымоніі «Зорны мяч-2018», Сяргей Румас нечакана выступіў па-беларуску. Што гэта сталася неспадзяванкай для ўсіх прысутных, было відно па здзіўленых тварах вядоўцаў і – асабліва – па імправізаваным выступленні міністра спорту Сяргея Кавальчука. Трохі разгубіўшыся, ён (усё ж кадравы вайсковец) хутка узяў сябе ў рукі і прамаўляў таксама на першай дзяржаўнай, папярэдне агаварыўшыся: «Калі начальнік па-беларуску, то і я павінен».

У гэтай агаворцы – увесь наш нацыянальны характар. Можна прыняць дзесяць законаў у падтрымку беларускай мовы, але калі на ёй не загаворыць вярхоўная ўлада, то і народ не абзавецца. Хоць у апытальных лістах падчас перапісу назаве мову роднай, пры нагодзе – прыгожай і мілагучнай, але штодзённа карыстацца ёю не адважыцца. А вось калі прыклад пакажа начальнік – тады другая справа. Следам за дзедам і мы з суседам.

Прэм’ер-міністр – другая асоба ў дзяржаве. І хоць на ролю «дзеда» спадару Румасу ранавата (і па гадах, і на пасадзе ён усяго пару месяцаў), падначаленыя, як бачым, ісці за ім гатовы. Здавалася б, учынак прэм’ера заслугоўвае падтрымкі і з боку грамадства, асабліва той часткі, якая штодзённа «змагаецца за Беларусь». Маю на ўвазе розныя інтэрнэт-форумы, дзе паказаць геройства можна, не вылазячы з-пад коўдры. Аднак Румасава прамова выклікала больш крытыкі, чым пахвалы. І ад сваіх, і ад чужых. Свае папракалі прэм’ера за чытанне з паперкі і заіканне. Ды і выступаў ён, маўляў, не як кіраўнік урада, а як старшыня футбольнай федэрацыі.

Што ж, яшчэ гэткі не спаткаўся, каб усім спадабаўся. Як відавочца падзеі, хачу ўдакладніць: Сяргей Румас глядзеўся ўпэўнена і годна, у паперку заглядваў, але не трымаўся напісанага, як сляпы плоту, не заікаўся, бо ад прыроды не заіклівы. Што да статусу, то подпіс на тэлеэкране сведчыў адназначна – выступае прэм’ер-міністр. Гэта дадаткова пацвердзіў і міністр спорту, ужыўшы слова «начальнік». Бо як старшыня федэрацыі Румас для яго хутчэй падначалены.

Але ўся крытыка сваіх выглядае бяскрыўднай пóдмазкай у параўнанні з атрутнай слінай, у якой ледзь не захлынулася расійскае інфармагенцтва «Рэгнум». Рыгнула так, што захацелася папшыкаць асвяжальнікам паветра для прыбіральняў.

Беларускамоўнае выступленне Румаса «Рэгнум» назваў «бандеровским поступком»…

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 11 снежня