У Нацыянальным гістарычным музеі працуе выстава “Сава Сіўко (1888 – 1978). Фатограф Любчанскага краю. Да 130-годдзя з дня нараджэння”.

На выставе ўпершыню прадстаўлена творчая спадчына вясковага фатографа Савы Уладзіміравіча Сіўко (1888 – 1978), які нарадзіўся ў вёсцы Сенна каля беларускага мястэчка Любча і працаваў у гэтым рэгіёне больш за 30 гадоў. Прадстаўленыя матэрыялы з’яўляюцца ўнікальнай скарбніцай візуальнай інфармацыі пра паўсядзённае жыццё беларусаў – “заходнікаў” у складаную эпоху перамен – 20–50–я гады ХХ стагоддзя.

Любча 20-50-х гадоў. Унікальныя фотаадбіткі са старога чамадана

Але ж не так проста было высветліць імя аўтара ўнікальных фотаадбіткаў, якія выпадкова патрапілі ў Нацыянальны гістарычны музей. З чаго ўсё пачыналася, расказала на адкрыцці выставы яе куратар Надзея Саўчанка:

Любча 20-50-х гадоў. Унікальныя фотаадбіткі са старога чамадана

Паўтары гады мы ішлі да гэтай выставы. Аднойчы ў фонды музея патрапілі два невялікія чамаданчыкі са старымі шклянымі пласцінкамі міжваеннага часу. Прынёс іх адзін з беларускіх калекцыянераў, а купіў ён іх у Маскве. Здымкі былі настолькі прыцягальныя сваёй прастатой, расказвалі пра людзей, іх лад жыцця. Але ні аўтар, ні дакладныя месцы на фотаздымках былі невядомыя.

Музейшчыкі на адным са здымкаў убачылі вежы Любчанскага замка. З гэтага і пачала раскручвацца гісторыя. Пасля яшчэ на двух адбітках разабралі надпісы: “Двухкласная агульнаадукацыйная польска-беларуская школа ў Загор’і”, “Курсы рукадзелля ў Загор’і Сеннецкай, 1937 г.”. Потым разгледзелі некалькі храмаў. Зразумелі: цэрквы знаходзяцца ў Загор’і Сеннецкай, Лаўрышава. Такім чынам быў вызначаны рэгіён, куды ў хуткім часе і накіраваліся спецыялісты.

Любча 20-50-х гадоў. Унікальныя фотаадбіткі са старога чамадана

У час экспедыцыі ў Любчу, вёскі Купіск, Сенна, Нянькава на шляху музейшчыкаў сустракалася шмат цікавых людзей. Без іх дапамогі імя аўтара ніколі б не стала вядомае. Гэта – і былая настаўніца ангельскай мовы любчанскай школы Тамара Леанідаўна Гаўрытэнка, і 98–гадовы жыхар з вёскі Нянькава Іван Ігнацьевіч Комар, іншыя.

Дарэчы, менавіта Іван Ігнацьевіч Комар першым назваў імя аўтара ўнікальнага архіва Савы Уладзіміравіча Сіўко.

Аказалася, што ў вёсцы Сенно, адкуль быў родам фатограф, пражывае яго пляменнік Павел Паўлавіч Сіўко. Той і расказаў шмат цікавага пра дзядзьку.

Любча 20-50-х гадоў. Унікальныя фотаадбіткі са старога чамаданаА ў вёсцы захавалася хата Савы Сіўко, вялікая, светлая. І ў ёй на паддашы знайшлі яшчэ каля 400 шкляных негатываў. Сярод розных цікавых рэчаў была адна сапраўды ўнікальная — маляваны фатаграфічны экран, на фоне якога ў 1930–я гады рабіў партрэтныя фотаздымкі аўтар.

— Калі зразумелі, што гэта за тканіна такая, мы былі шчаслівыя, — прызнавалася Надзея Саўчанка. – Але фон быў у вельмі дрэнным стане. За яго рэстаўрацыю ўзялася мастак-рэстаўратар музея Юлія Дранец. Дзякуючы ёй, фон стаў адным з ключавых экспанатаў выставы.

І сапраўды, наведвальнікі з задавальненнем фатаграфаваліся на фоне адноўленага каляровага палатна.

Любча 20-50-х гадоў. Унікальныя фотаадбіткі са старога чамадана

Любча 20-50-х гадоў. Унікальныя фотаадбіткі са старога чамадана

Усяго на выставе прадстаўлены 170 фатаграфій Савы Сіўко. Большасць з іх – гэта сапраўдныя жэлаціна–срэбныя фотаадбіткі, надрукаваныя з арыгінальных фотанегатываў метадам кантактнага фотадруку сучасным фотамастаком Альбертам Цэхановічам. А ўсю калекцыю цалкам (а гэта больш за 1000 здымкаў) можна пабачыць на адным з манітораў, устаноўленым у выставачнай зале.

— Вельмі хацелася, каб тыя кранальныя гісторыі жыхароў краю, што чулі мы падчас вандроўкі, пачулі іншыя, — казала Надзея Саўчанка. — Таму зрабілі аўдыянарэзкі і “агучылі “ імі фотаздымкі. Так, 21 “жывая” фатаграфія мовай удзельнікаў распавядае сваю гісторыю. Іван Ігнацьевіч Комар расказвае, як хадзіў у школу, Надзея Дзмітрыеўна Раманчык згадвае сваю вучобу ў Купіску. Некалькі здымкаў і вітрын з асабістымі рэчамі Савы Сіўко агучваў Павел Паўлавіч Сіўко. Цяпер маюць магчымасць выслухаць гэтыя асабістыя гісторыі “з першых вуснаў” усе наведвальнікі выставы.

Любча 20-50-х гадоў. Унікальныя фотаадбіткі са старога чамаданаГаварылася таксама, што па матэрыялах экспедыцый адмыслова для гэтага выставачнага праекта была створана кароткаметражная відэаінсталяцыя (рэжысёр, аўтар сцэнарыя і аператар Андрэй Васкрасенскі). Стужка дэманструецца ў прасторы выставачнай залы ў рэжыме нон–стоп.

Цяпер у планах музейшчыкаў выдаць вялікі мастацкі фотаальбом Савы Сіўко на 270 старонак. Арыгінал-макет яго ўжо падрыхтаваны, а вось на выданне патрэбны грошы – больш за 20 тысяч беларускіх рублёў. У музеі спадзяюцца: знойдзецца спонсар, і вялікая мара ажыццявіцца.

З першых вуснаў

Павел Паўлавіч Сіўко, пляменнік фатографа:

Якая праца праведзена! Мы думалі, што гэтыя рэчы нікому не патрэбныя, у такім дрэнным стане яны знаходзіліся. Усё, што сам ведаў, расказваў… Вельмі ўдзячны супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага музея. Рады, што столькі людзей могуць пабачыць фоты, зробленыя маім дзядзькам. І гэта тое, што засталося пасля яго.

Іван Антонавіч Пячынскі, заснавальнік і дырэктар добраахвотнага фонду “Любчанскі замак”:

— Дзякуючы гэтаму фотаархіву, мы маем уяўленне пра цэлы пласт гісторыі 20-50-х гадоў мінулага стагоддзя. На асобных здымках знаходзім сваіх продкаў. Асабіста я знайшоў свайго дзядзьку Міхаіла. Хацеў бы яшчэ знайсці другога дзядзьку Івана, бо ніводнага здымка яго не засталося… Думаю, не толькі я, але ўсе, хто жыў у Любчанскім краі, іх нашчадкі, могуць звяртацца да архіва і “пісаць” гісторыю свайго роду.

Мне вельмі прыемна, што гэтай выставай да Любчы прыцягнулі ўвагу. З 2003-га аднаўляецца Любчанскі замак. Гэта вельмі карпатлівая, цяжкая праца. Ёй бы заняцца прафесійна… Сёння ж яна – на плячыма валанцёраў. Людзей, якія неабыякава адносяцца да гісторыі. Аднак мы ідзем па тым шляху, каб у Беларусі з’явіўся трэці (пасля Мірскага і Лідскага) замак, пабудаваны і адноўлены ў стылі Рэнесансу. Праз Любчанскі замак ужо афіцыйна прайшло больш за 2 тысячы валанцёраў. А як яны працуюць! Да ночы. Бо бачаць вынікі сваёй працы. Хацеў бы, каб Любча стала прыкладам для іншых беларускіх мястэчак па аднаўленні сваёй гісторыі. Ад гэтага мы больш станем беларусамі, альбо, я бы нават сказаў, ліцвінамі!

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук:

— Прыемна ў гістарычным музеі ўбачыць жывую гісторыю. Нарэшце сталі рабіць тое, што іншыя народы робяць гадоў 70. Немцы ўжо пасля Другой сусветнай збіралі лісты, рэчы канкрэтных людзей, сем’яў, выстаўлялі гэта. Цяпер вывучаць гісторыю простых людзей пачалі і мы. Жыхарам Любчы пашанцавала болей, чым, да прыкладу, майго роднага Мсціслаўля. У 30-я гады на Усходзе Беларусі ўсе хатнія архівы спальваліся, бо былі сталінскія рэпрэсіі, людзі баяліся. На ўсялякі выпадак знішчалася ўсё. На Захадзе ж неяк больш ацалела дакументаў, лістоў, фатаграфій.

У ХХ стагоддзі ў рэстаўратаў з’явіліся спецыяльныя методыкі раскопак на гарышчах, у падвалах. Не так даўно рабілі рэстаўрацыю Купалаўскага тэатра, разабралі дах. Адзін электрык прынёс мне цэлую тэчку папер, па яго – “смецця”. Там аказаліся дакументы 1-га Беларускага з’езда 1917 года, выява бела-чырвона-белага сцяга, газеты. На аснове гэтага “смецця” зладзілі выставу ў Купалаўскім музеі.

Добра было б, каб вопыт Нацыянальнага гістарычнага музея перанялі і мясцовыя краязнаўчыя музеі. Бо ў нас сёння назіраецца татальная змена пакаленняў. Вёскі паміраюць, а беларусы сталі гарадской нацыяй. Краіна займае 3-яе месца ў Еўропе па колькасці гарадскога насельніцтва. На першым месцы знаходзіцца Англія, на другім – Бельгія, на трэцім — мы. Вясковая краіна стала ультрагарадской, у адным Мінску пражывае 2 мільёны чалавек! Калі мы не будзем праводзіць раскопкі на гарышчах і ў падвалах, праз гадоў 10 усё знікне. Калі ж у мясцовых музеях, Клімавічах, Бешанковічах і іншых, пачнуць ладзіць выставы пра канкрэтныя сем’і, яны будуць поўныя. Глядзіце, як сёння шмат людзей ў гістарычным музеі.

Альберт Цэхановіч, фотамастак:

— Шкляныя негатывы Сава Сіўко купляў гатовыя ў фотамагазінах альбо заказваў. Павел Паўлавіч, пляменнік, расказваў, што дзядзька вельмі любіў кеды. І не таму, што аддаваў даніну модзе, а проста шмат хадзіў пешшу. Нават у Мінск, за 80 км, за фотарэактывамі і пласцінкамі. Такі лёгкі абутак, як кеды, быў найлепшым варыянтам, практычным. Фатаграфаваць жыхароў навакольных вёсак таксама хадзіў пешшу. Сава Уладзіміравіч быў вельмі лёгкі на ўздым. 5-10 км ад дома для яго былі невялікімі адлегласцямі.

Пра аўтара фатаархіва мы ведаем таксама, што у час Першай сусветнай вайны ён знаходзіўся ў палоне ў Германіі, быў на сельскагаспадарчых працах на зямлі Баварскай. А вярнуўся дадому з ведамі, уменнямі і нават з фотаапаратам. Па-першае, ён навучыўся ездзіць на трактары, закончыў у Баварыі сельскагаспадарчую школу, атрымаў прафесію, па-другое, навучыўся фатаграфаваць. Па-трэцяе, ён вырабляў такія сыры ды віна, што слава пра іх разыходзілася далёка за межы Сенна і Любчы.

Пра Саву Уладзіміравіча Сіўко можна расказваць доўга. Гэта быў сапраўды неардынарны чалавек, надзелены талентам у розных сферах. Але хачу засяродзіць увагу на наступным. Калі мы былі ў Сенна, Павел Паўлавіч адвёў нас на могілкі. На драўляным крыжы на магіле Савы Сіўко няма нават таблічкі з прозвішчам. Я лічу, што адна з найпершых нашых задач — усталяваць помнік Саве Сіўко, фатографу — самародку Любчанскага краю.

Фота аўтара