Фота: БЕЛТА

Ліквідацыя бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў на рынку ЕАЭС ідзе недапушчальна марудна. З такой заявай на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу выступіў Аляксандр Лукашэнка, перадае Еўрарадыё са спасылкай на  БЕЛТА.

Ён адзначыў, што на пачатку 2018 года Расія як старшыня ў органах ЕАЭС працягнула ліквідоўваць бар’еры і абмежаванні, якія перашкаджаюць фармаваць агульны рынак ЕАЭС. Але адбываецца гэтая праца надзвычай марудна. «Больш за тое, на змену прыбраным бар’ерам узводзяцца новыя. І гэта стала практыкай», — падкрэсліў кіраўнік Беларусі. Па яго словах, гэта парушае дасягнутыя дамоўленасці паміж дзяржавамі.

Лукашэнка мяркуе, што важна не толькі прыбіраць перашкоды, але і ствараць такія ўмовы, каб гэтыя бар’еры не ўзнікалі паўторна. «У гэтай сувязі прапаную даць нашай Еўразійскай эканамічнай камісіі паўнамоцтвы прымаць рашэнні ў выпадку паўторнага ўвядзення якой-небудзь дзяржавай-удзельніцай абмежаванняў ці падаўжэння ўжо дзейсных», — сказаў ён.