Фота з сайта novychas.by

Ізраільскія археолагі выявілі схаваны 900 гадоў таму збан з залатымі манетамі на раскопках старажытнага горада Кесарыя.

Рэдкая знаходка была знойдзена ў шчыліне ў сцяне каменнага дома. У бронзавым збанку было 24 залатыя манеты, а таксама адна залатая завушніца.

Мяркуючы па ўсім, гаспадары скарба збіраліся вярнуцца і забраць яго, але зрабіць ім гэта па невядомых прычынах не ўдалося.

Ізраільскія археолагі кажуць, што гаспадары скарба павінны былі быць багатымі людзьмі, паколькі кожная з манет была эквівалентная гадавому даходу тагачаснага селяніна.

Па словах археолагаў, гаспадары манет маглі быць забітыя пасля таго, як Кесарыю захапілі крыжакі ў 1101 годзе.

«Гэта сведчанне аднаго з самых драматычных перыядаў гісторыі Кесарыі: яе заваяванне крыжакамі», — гаворыцца ў паведамленні аб знаходцы скарба на сайце Упраўлення старажытнасцяў Ізраіля.

Паводле летапісаў, амаль усе жыхары Кесарыі былі забітыя войскамі Балдуіна I Іерусалімскага, які кіраваў Святой Зямлёй паміж 1100 і 1118 гадамі.

«Можна меркаваць, што гаспадар скарба і яго сям’я альбо былі забітыя, альбо прададзеныя ў рабства, і так і не змаглі вярнуцца і забраць яго», — кажуць кіраўнікі археалагічнай экспедыцыі Петэр Гендельман і Махамед Хатар.

Манеты былі знойдзены паблізу папярэдніх выяўленых тайнікоў — чаркай з залатымі і срэбнымі манетамі, знойдзенай у 1960-х гадах, і калекцыяй бронзавых сасудаў, выяўленай у 1990-я гады. Гэтыя скарбы выстаўлены ў Ізраільскім музеі ў Ерусаліме.

У 2015 годзе аквалангісты выпадкова выявілі найбуйнейшую калекцыю залатых манет на міжземнаморскім узбярэжжы Ізраіля. На дне мора ляжалі больш за дзве тысячы залатых манет тысячагадовай даўніны.