Каб беларусы адчулі сябе беларусамі. Такую грандыёзную задачу ставілі перад собой дзесяць гадоў таму стваральнікі папулярнай сёння кампаніі  “Будзьма беларусамі!”. А прыйсці да разумення таго, што ў краіне існуе вялікая праблема з нацыянальнай ідэнтычнасцю, дапамагла шматгадовая праца з беларусамі замежжа. Пра тое, ці змаглі беларусы за гэты час стаць больш свядомымі, далучыцца да роднай культуры, зразумець і палюбіць яе, — наша гутарка з кіраўніцамі Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Аленай Макоўскай і Нінай Шыдлоўскай.

— Сёння пра кампанію “Будзьма беларусамі!” добра ведаюць. У некага яна асацыіруецца з яскравымі календарамі і паштоўкамі з запамінальнымі словамі і выразамі, у іншых – з канцэртамі сучасных музыкантаў у розных кутках краіны, а ў кагосьці з вышымайкамі і прынтамі на торбах. Раскажыце, калі ласка, пра шлях “Будзьма” ад ідэі да поспеху.

Аднойчы ўзнікла ідэя – быць беларусамі…
Алена Макоўская

Алена: — Калі гаварыць, з чаго ўсё пачыналася… Працуючы з беларускай дыяспарай, мы назіралі за  высокімі тэмпамі асіміляцыі нашых суайчыннікаў  у розных краінах. З’язджаючы з Радзімы, беларусы не так часта ствараюць свае арганізацыі ці далучаюцца да існуючых. Нас вельмі клапаціла гэтая тэма, мы шукалі прычыну такой моцнай асіміліцыі, як аслабіць гэтыя працэсы.  І зразумелі, што праблема зусім не ў замежжы, а ўнутры краіны. У беларусаў вельмі нізкі ўзровень нацыянальнай ідэнтычнасці. Сама ж ідэя кампаніі цалкам сфарміравалася і аформілася ў час падрыхтоўкі да святкавання 90-х угодкаў БНР.

Аднойчы ўзнікла ідэя – быць беларусамі…
Ніна Шыдлоўская

Ніна: — Сапраўды, у сувязі з моцнай асіміляцыяй беларусаў у замежжы, мы прааналізавалі ўсё тое, што рабілася ў краіне ў культурніцкай сферы і з сумам канстатавалі: за дзесяцігоддзі  незалежнасці Беларусі ніхто глыбока не засяроджваўся на пашырэнні ідэі нацыянальнай ідэнтычнасці па-за беларусаарыентаванае кола. Нават палітычныя партыі тады не ставілі гэта сваёй задачай. І стала відавочна: калі не мы, то хто? І вырашылі аб’яднаць  на пазапалітычнай ніве тых, хто разумее, што абвяшчэнне БНР трэба выводзіць з  апазіцыйнага кола ў шырокі дыскурс. Каб людзі ведалі, што без гэтай гістарычнай вехі не было б цяперашняй Рэспублікі Беларусь.

На здзіўленне, ідэю з ахвотай падхапілі многія культурныя арганізацыі, палітычныя партыі. Разам мы селі за адзін стол і спланавалі шырокае святкаванне юбілею БНР. І ўсё атрымалася! Але гэта быў юбілейны год, які скончыўся… А цікаўнасць да беларускай культуры была настолькі высокая, што мы проста абавязаны былі рухацца далей.

Алена: — Нам патрэбна была маштабная ідэя, доўгатэрміновая акцыя, якая б не заканчвалася з кожным каляндарным годам. Мы хацелі зрабіць нашу справу заўважнай і сталі шукаць аднадумцаў. Да нас далучыліся і Таварыства беларускай мовы, і Саюз пісьменнікаў Беларусі, і Таварыства аховы помнікаў і гісторыка-культурнай спадчыны, і іншыя. Разумелі: кожны з нас па-асобку робіць штосьці важнае, а калі аб’яднаемся, мы станем больш моцнымі і заўважнымі. З’явілася назва кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А ў ёй закладзены і сэнс, і кірунак дзейнасці.

Першыя складанасці, з якімі сутыкнуліся, былі ў саміх сябе. Трэба было змяняць фармат дзейнасці, выходзіць на больш шырокія прасторы. Каб ладзіць адкрытыя мерапрыемствы, разлічаныя на жыхароў горада, трэба было ісці размаўляць з гарадскімі ўладамі, з якімі даўно  не размаўлялі. Вучыліся пераступаць праз бар’еры, дамаўляцца. А мэта была пастаўлена амбіцыйная: зацікавіць беларускасцю небеларускамоўных і ўвогуле далёкіх ад сферы культуры людзей.

 — Як бачым, праз 10 гадоў глыба зрушылася. І ў вас з’явіліся паслядоўнікі…

Алена: — Зрушылася. Уплыў “Будзьма” бачны і ў сферы бізнесу, і рэкламы. Упэўнена, нашы ініцыятывы паўплывалі і на ўзнекненне вышываначнага буму. Але нашай галоўнай мэтай было паказаць, што беларуская мова, гісторыя і культура могуць быць моднымі, сучаснымі, пазітыўнымі, прывабнымі. Увогуле мы будавалі ўсю кампанію на пазітыве.

Аднойчы ўзнікла ідэя – быць беларусамі…

— Назавіце топ-3-5 мерапрыемтваў, за якія не сорамна.

Ніна: — Нам ні за якія не сорамна! Першы год мы працавалі ў рэгіёнах, праводзілі ў малых гарадах, пасёлках, вёсках літаратурна-музычныя сустрэчы. Туды ехалі празаікі, паэты, музыкі, мастакі. Выступалі ў максімальна публічным фармаце. Мы разбуралі дзесяцігоддзямі ўтворанае меркаванне аб тым, што ў беларускай сучаснай культуры няма нічога цікавага. І гэтыя першыя ганцы стваралі пазітыўны імідж кампаніі. Бо была ж праблема: у дзяржаўнай прэсе пра нашы мерапрыемствы не прачытаеш. З цягам часу пачалі ладзіць буйныя акцыі. Такія, як Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацый “Аднак”. Фэст праводзім ужо сем год запар. Памятаю, як складана было спачатку пераконваць бізнесоўцаў, што беларуская мова – якасны камунікацыйны сучасны інструмент. Цікава, што першымі, хто стаў выкарыстоўваць мову ў рэкламе, былі замежныя кампаніі  на айчынным рынку. Яны хутка зразумелі: знайсці ключык да беларускага пакупніка проста, калі гаварыць з ім на яго мове. Беларускія ж вытворцы з падазрэннем да гэтага ставіліся. А цяпер, праз сем год, адбылася кардынальная змена у поглядах – ад недаверу да ўпэўненасці: “А як інакш!”

Аднойчы ўзнікла ідэя – быць беларусамі…

Алена. – Праект “Не маўчы па-беларуску” доўжыцца некалькі год. Сутнасць яго ў тым, што кожны дзень чалавек вучыць новае беларускае слова, і за год вывучае мінімум 365. У складзе каманды Анатоль Лазар, Даша Мальдзік, мы з Нінай. На пачатку кансультаваліся з мовазнаўцамі Уладзем і Аленай Ленкевічамі. Знаходзім для кожнага дня календара адметныя, каларытныя, сочныя беларускія словы. Нядаўна выйшаў каляндар на 2019 год. Памятаю, калі выходзіў першы, мы сарвалі працу друкарні: яе супрацоўнікі захапіліся малюнкамі, разглядвалі іх, чыталі. А мы былі здзіўлены, што такога зрабілі? Проста намалявалі і падпісалі малюнкі. Друкуем таксама і паштоўкі з гэтай серыі. І цікавасць да праекта  вялікая. Ён  запатрабаваны. Календары замаўляюць у дзіцячыя садкі і школы. Настаўнікі часта самі купляюць іх, выкарыстоўваюць як ілюстрацыйны матэрыял на ўроках.

Аднойчы ўзнікла ідэя – быць беларусамі…

Аднойчы ўзнікла ідэя – быць беларусамі…

Адметны праект “Край|бай” – серыя фільмаў пра невялікія беларускія мястэчкі. Яны займальныя, з гумарам. Рэжысёрам выступіў Дзмітры Саладуха, а вядоўцам стаў Павел Харланчук-Южакоў з уласцівай яму харызмай. Пазітыўныя водгукі атрымалі і анімацыйны фільм “Гісторыя Беларусі за 5 хвілін”. Многія рускамоўныя людзі пасля прагляду прызнаваліся: ролік цалкам перавярнуў разуменне беларускай культуры і гісторыі. А наша камунікацыйная кампанія “Краіна цмокаў”? Калі пачыналі яе, за мэту ставілі прадэманстраваць, што наша культура і гіторыя – бязмежныя крыніцы для нэймінгу кампаній, брэндзінгу гарадоў і ўвогуле для пабудовы турыстычнай прывабнасці. Колькі на падставе гэтага ўзнікла сучасных брэндаў і ў спартыўнай, і ў камерцыйнай сферы…

Аднойчы ўзнікла ідэя – быць беларусамі…

Аднойчы ўзнікла ідэя – быць беларусамі…

— Апошняя калекцыя бонсцікаў на міфалагічную тэматыку ў гандлёвай сетцы “Еўраопт” – таксама ваша заслуга?

Ніна: —  Вельмі верагодна, гэта — наступствы паслядоўнай шматгадовай працы – і ўласна нашай, і партнёраў. Смела скажу, мы шмат у чым былі першапраходцамі і давалі прыклады-ўзоры розных фарматаў працы. Да прыкладу, мы першыя, без пахвальбы, зрабілі якасную вопратку з беларуска арыентаваным прынтом, якую можна насіць як штодзённую. І за апошнія гады гэты накірунак не проста быў падхоплены, але і працягвае актыўна развівацца.

Алена: — Пра вопратку дадам. Калі мы пачыналі, на майках была толькі чырвона-зялёная сімволіка ці Пагоня. Такім чынам можна было вызначыць палітычныя каштоўнасці чалавека. Але вялікая колькасць людзей знаходзіцца па-за гэтым, альбо не хоча публічна дэманстраваць свае палітычныя погляды. Узнікла пытанне, а як падкрэсліць беларускаць? Мы сталі рабіць майкі з арнаментам з чалавечкаў (лога кампаніі), торбы. Пасля было вельмі шмат дызайнаў, звязаных і з анімацыйным фільмам, і літарай “Ў” і інш, і з цмокамі.  Іх можа апрануць кожны, незалежна ад палітычных поглядаў. Гэты кірунак падхапілі фірмы, кампаніі, індывідуальныя прадпрымальнікі. Нават трыкатажныя фабрыкі выпускаюць цяпер адзенне з нацыянальнай сімволікай, традыцыйнымі ўзорамі.

— “Будзьма беларусамі!” і “Бацькаўшчына” – усё ж розныя рэчы, ці знаходзяцца ў цесным ўзаемаспалучэнні?

Ніна. — Не было б “Бацькаўшчыны”, не ўзнікла б і “Будзьма беларусамі!”. Статутныя задачы арганізацыі ніхто з нас не здымаў. Мы і далей працуем з беларусамі замежжа, прадстаўляем іх інтарэсы ў Беларусі. Дзейнасць “Будзьма!” скіравана на справы па папулярызацыі беларускай культуры ўнутры краіны. А “Бацькаўшчына” дзейначае і ў Беларусі, і па-за яе межамі.

— Вы казалі, што даводзілася ўпершыню стукаць у дзверы мясцовых уладаў, іншых дзяржаўных структур. З цягам часу прасцей стала дамаўляцца?

Алена: — Што датычыцца “Бацькаўшчыны”, пры міністэрстве замежных спраў створаны каардынацыйны савет беларусаў замежжа. Мы ўваходзім у  яго склад, выступаем як грамадская экспертная арганізацыя. Прапаноўваем ініцыятывы, яны выслухоўваюцца, разглядаюцца, некаторыя прымаюцца. Тэрмін “беларусы замежжа”, напрыклад, які выкарыстоўваецца ў Законе аб беларусах замежжа (прыняты ў 2014 годзе), прапанавалі мы. Але Закон носіць больш дэкларатыўны характар, і на апошнім З’ездзе беларусаў свету мы прапанавалі ставіць стратэгічныя дасягальныя мэты на 10, 20 гадоў. Зараз існуе падпраграма “Беларусы ў свеце”, якая ўваходзіць у праграму “Культура Беларусі” да 2020 года. На з’ездзе крытыкавалася яна менавіта самімі беларусамі замежжа за свой культурніцкі “цымбальна-саламяны” характар. Праграма сёння працуе на задавальненне запыту. Звярнуліся беларусы, напрыклад з Латвіі: дайце нам падручнікі. Даюць. Перадаюць, каму патрэбныя, і цымбалы.  Якую мэту ставім: каб усе бедарусы свету гралі на цымбалах? З беларусамі замежжа можна і трэба супрацоўнічаць не толькі ў сферы культуры, а ў розных: эканамічнай, ІТ, наладжваць інтэлектуальныя абмены…

— Заканчваецца год. Як водзіцца, усе складаюць планы на будучы. Што наперадзе ў “Будьма беларусамі!” і “Бацькаўшчыны”?

Ніна: — Дакладна будзем і далей праводзіць мерапрыемтвы ў рэгіёнах, дзе мы ўздымаем розныя сацыяльныя, культурніцкія тэмы, што цікавяць жыхароў. Будзем дапамагаць рэалізоўваць мясцовыя ініцыятывы, развіваць анлайн праекты.

Алена: — У наступным годзе, спадзяемся, атрымаецца правесці восьмы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацый “Аднак”.  Будзем далей працягваць выданне  кніг з серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Усяго выйшла ўжо 36 кніг, і кожная з іх — асобнае даследванне па дыяспары ў розных краінах. Увогуле, кепская прыкмета — загадваць. Лепш мы раскажам пасля, што зробім!