Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пракаментаваў высылку з краіны прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай. «Няхай яна падумае сама і ацэніць свае паводзіны, — цытуе словы начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бягуна партал tut.by. — Калі чалавеку адзін, другі раз «стукаюць па носе» за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, то чалавек, калі ён не грамадзянін краіны, але хоча быць грамадзянінам, павінен натуралізавацца. Калі ён не натуралізаваўся і з’яўляецца замежным грамадзянінам, то павінен разумець, на што ён мае права, а на што не».

Па словах Бягуна, сёлета з нашай краіны выслалі каля 2500 замежнікаў. У асноўным прычынамі былі нелегальнае знаходжанне ў Беларусі, крымінальныя злачынствы і кіраванне транспартам у нецвярозым стане.

Ганна Красуліна жыве ў Беларусі з 2002 года. У яе расійскае грамадзянства, але муж і дзеці — беларусы. Прэс-сакратаром апазіцыйнай АГП Красуліна працуе з 2011 года. Некалькі тыдняў таму ёй паведамілі, што яна абавязаная пакінуць Беларусь да 30 лістапада на 1 год. Прычынай названыя тры адміністрацыйныя правапарушэнні: два з іх — удзел у «несанкцыянаваных масавых акцыях» (выбарчы пікет 19 жніўня 2016 года, штраф; сустрэча затрыманых падчас Дня Волі на Акрэсціна 21 красавіка 2017-га, штраф), яшчэ адно — штраф за неаплачаны своечасова праезд у аўтобусе 23 сакавіка 2018 года. У выніку яе высылаюць «у інтарэсах грамадскага парадку».

Мінская міліцыя разгледзела скаргу Ганны Красулінай і пакінула ў сіле рашэнне аб высылцы. Прэс-сакратар АГП звярнулася ў суд. Да прыняцця ім рашэння Красуліну з Беларусі не вышлюць.