Фота: Віктар Ведзень / catholic.by

Фэст у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, паведамляе прэс-служба МЗС.

Адпаведнае рашэнне было аднагалосна прынятае 28 лістапада Міжурадавым камітэтам па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, перадае Еўрарадыё.

Будслаўскі фэст праводзіцца штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня. Да цудатворнага абраза Маці Божай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, з’язджаюцца. як правіла, усе каталіцкія біскупы Беларусі, а таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій. Акрамя святароў на фэст прыходзіць мноства паломнікаў нават з іншых краін.

У Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўжо ёсць адзін беларускі элемент — святочны калядны абрад «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Міншчыны. Ён быў унесены ў гэты спіс у 2009 годзе.

Сёлета Беларусь таксама прапанавала ўключыць у гэты спіс вясновы абрад «Юраўскі карагод». Рашэнне па ім будзе прымацца ў снежні 2019 года.