Фота Андрэя Абрамчука. Адзін з незаконных кар’ераў на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты».

У рэдакцыю газеты «Народная Воля» прыйшло паведамленне ад грамадскай арганізацацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пра тое, што следчы камітэт Столінскага раёна распачаў крымінальную справу па факце несанкцыянаванай распрацоўкі кар’ераў на тэрыторыі заказніка «Альманскія балоты». Выявіла парушэнні Лясная рабочая група АПБ.

У арганізацыі паведамілі, што ўжо пацвердзіліся тры факты такіх парушэнняў, па якіх распачата крымінальная справа.

Несанкцыянаваная распрацоўка кар’ераў была заўважаная падчас маніторынгу месцаў пражывання ахоўных відаў жывёл, а спадарожнікавыя здымкі дапамаглі дадаткова выявіць некаторыя кар’еры і лакалізаваць дакладныя месцы размяшчэння ўсіх участкаў. Іх аказалася каля дзесяці. Для трох з іх упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі ўжо пацверджаныя факты незаконнай дзейнасці.

Сабраны экспертамі матэрыял па незаконных кар’ерах на Альманскіх балотах быў накіраваны для праверкі ў Міністэрства прыроды, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету.

Як удакладнілі ў Брэсцкім абласным камітэце Мінпрыроды, крымінальную справу па незаконнай распрацоўцы трох кар’ераў распачалі яшчэ ў 2017 годзе – факты парушэння дзяржаўныя органы выявілі падчас планавай праверкі ў лістападзе мінулага года.

Актывісты АПБ знайшлі, што на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» незаконна вядзецца здабыча пяску (альбо застаюцца нерэкультываванымі) яшчэ ў 5 кар’ерах. Яшчэ 5 кар’ераў распрацоўваюцца з парушэннем заканадаўства. Абласны камітэт Мінпрыроды паведаміў, што гэта інфармацыя падцвердзілася часткова.

Неабходна таксама падкрэсліць, што ў апошнія 2-3 гады на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» пры будаўніцтве памежнай і іншай дарожнай інфраструктуры незаконна або з парушэннем заканадаўства распрацоўвалася каля 10 кар’ераў з агульнай плошчай каля 20 га.

У шэрагу выпадкаў распрацоўка кар’ераў прывяла да поўнага знішчэння пясчаных выдмаў/дзюнаў (то бок да змены натуральнага ландшафту) з рэдкімі біятопамі.

Па пацверджаных фактах несанкцыянаванай распрацоўкі трох кар’ераў у Палескім лясгасе на тэрыторыі заказніка «Альманскія балоты» Следчы камітэт Столінскага раёна распачаў крымінальную справу і цяпер вядзе расследаванне.

Па астатніх фактах вядзецца праверка.

Сочыць за гэтым пытаннем і Камітэт дзяржкантролю.

Пракаментаваў сітуацыю дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі:
Вялікі дзякуй грамадскім эколагам, энтузіястам. Дзякуючы іх пільнасці яшчэ можна паспрабаваць выратаваць тэрыторыі. На дадзеным прыкладзе бачым, як нераўнадушныя людзі могуць дапамагчы прыродаахоўнікам у выяўленні парушэнняў. Чакаем вынікаў расследаванняў.