Як стала вядома «Нашай Ніве», страціў пасаду начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгій Яўчар.

Як патлумачылі «Нашай Ніве» крыніцы, Яўчар зняты за «агулам незадавальняючую работу», але, маўляў, апошняй кропляў стаў ягоны крэатыў з відэа, на якім падлетак выбачаўся перад скульптурай гарадавога.

«Падлетак рэальна існаваў, але ідэя зрабіць з гэтага спектакль прыйшла менавіта прэс-сакратару. Гэтае відэа і наступныя рэакцыі раз’юшылі міністра Шуневіча», — сказалі крыніцы.

Сам Яўчар у размове з «Нашай Нівай» сказаў, што цяпер знаходзіцца ў адпачынку, пасля выхаду з якога будзе зразумела, ці працягне ён службу ў МУС.

Цяпер ягоныя абавязкі выконвае Віктар Новікаў.

Начальнікам інфармацыйнага ўпраўлення Георгій Яўчар адпрацаваў трохі больш за паўгода.