27 лістапада ў Беларусі адзначаецца неафіцыйны Дзень герояў — свята ў гонар Слуцкага паўстання (Слуцкага збройнага чыну).

У лістападзе 1920 года на Случчыне ўзнялося паўстанне ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі. Аснову яго склалі падраздзяленні, сфармаваныя пераважна з сялянаў — па розных падліках іх было 5-10 тысячаў, перадае Еўрарадыё.

27 лістапада пачаліся баі паўстанцаў з войскам бальшавікоў. Баі случчакоў працягваліся да канца снежня 1920-га. Потым іх падраздзяленні адступілі на тэрыторыю, падкантрольную польскім войскам. Але частка паўстанцаў працягвала партызаніць у родных мясцінах яшчэ некалькі гадоў.