Міхась Скобла

– Алесь, вы называеце Рамана Скірмунта «грамадзянінам Краю», палітыкам трох дзяржаў, гаспадарнікам, які стварыў «беларускі Ліверпуль у сваім маёнтку на Ясельдзе»… А кім ён сам сябе лічыў?

– Раман Скірмунт сапраўды быў палітыкам трох краін. Да 1917 года ён быў дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі і членам Дзяржаўнага Савета, у 1918-м фарміраваў урад БНР, а ў 1930-м быў абраны ў Сенат Польшчы. На пачатку ХХ стагоддзя ён называў сябе «беларусам польскай культуры». Гэта супольнасць заўсёды лічыла сваёй радзімай не Польшчу, а Беларуска-Літоўскі край. І Скірмунт быў адным з найбольш прыкметных «краёўцаў».

– Буйны землеўласнік, дзяржаўны дзеяч вялізнай імперыі, як ён прыйшоў у беларускі рух?

– Калі пасля 1905 года стала магчымай палітычная дзейнасць, Скірмунт кантактаваў з асяродкам «Нашай Нівы», з мінскім памешчыкам Эдвардам Вайніловічам, які быў для многіх узорам «літоўскага шляхціца» (пазней яны пасябравалі). Тады якраз пецярбургская суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» задумала выдаць папулярную кніжку па гісторыі Беларусі на роднай мове. З гэтай ідэяй звярнуліся да Канстанцыі Скірмунт (Раманавай стрыечнай сястры, аўтаркі трох кніжак пра гістарычную Літву). Яна адмовілася, і тады прапанова была перанакіравана Раману Скірмунту. Дарэчы, ён быў у сяброўскіх адносінах і з вядомай мецэнаткай Магдаленай Радзівіл. Ёсць інфармацыя, што якраз у яе маёнтку ў Кухцічах Скірмунт сустракаўся з нашаніўцамі.

– Вы пішаце, што і Максім Багдановіч у гэтым сэнсе паспрыяў Скірмунту.

– Так, гэта адбылося ў 1916 годзе, калі паэт працаваў у Мінскім губернскім харчовым камітэце сакратаром, а камітэтам кіраваў якраз Скірмунт. З кастрычніка 1916 года па люты 1917-га яны мусілі штодзённа кантактаваць. Пра тое спрыянне пазней згадваў Аркадзь Смоліч у сваіх паказаннях 1930 года, калі быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Смоліч пісаў, што Багдановіч вёў перамовы з памешчыкамі, з арыстакратамі і перацягваў іх на беларускі бок. І калі хворы на сухоты Багдановіч звярнуўся да кіраўніка камітэта аб дапамозе, то атрымаў двухмесячны адпачынак з захаваннем заробку і яшчэ 200 рублёў на лячэнне. І змог выехаць у Крым, адкуль ужо не вярнуўся.

– Радзіма Скірмунта – Парэчча на Піншчыне, дзе ў яго былі прамысловыя прадпрыемствы. Што там выраблялася?

– Асноўным прадпрыемствам была суконная фабрыка, заснаваная яшчэ ў 1830 годзе дзедам Рамана, Аляксандрам Скірмунтам. У часы Рамана тая фабрыка працягвала прыбыткова працаваць, на ёй былі задзейнічаны каля 250 рабочых. Яе прадукцыя прадавалася па ўсёй Расійскай імперыі, у Польшчы. Ёсць звесткі, што перад Першай сусветнай вайной Скірмунты падпісалі дамову з расійскім Міністэрствам абароны і пастаўлялі тканіну для афіцэрскіх шынеляў. Сукно Парэцкай фабрыкі атрымала шэсць медалёў на розных сусветных выставах, у тым ліку ў Парыжы, Лондане, Вене і Маскве. Дарэчы, у музеі Палесся ў Пінску можна пабачыць узоры парэцкага сукна. Там яно, праўда, прадстаўлена як народнае ткацтва… У Парэччы дзейнічалі таксама цукраварня і вінакурны завод. Вельці цанілася парэцкая гарэлка – скірмунтаўка.

Поўны тэкст Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 23 лістапада.