У 25 кіламетрах ад Мінска пачалі будаваць новы горад. У беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень» стартавала будаўніцтва першага жылога дома. Яго ўзвядуць у 2019 годзе. Праз пяць гадоў там з’явіцца цэлы жылы квартал на 10 тысяч чалавек. Як адзначае тэлеканал «Беларусь 1», паводле генплану, на тэрыторыі, прылеглай да парку, будуць жыць больш за 120 тысяч чалавек. «Вялікі камень» стане горадам-спадарожнікам Мінска, перадае Еўрарадыё.

У першым доме будзе шэсць паверхаў, 156 кватэр. У ім жа прадугледжаныя памяшканні грамадскага прызначэння — пошта, банк, паліклініка, аптэка, крамы, салон прыгажосці і нават аддзяленне міліцыі.

«Вялікі камень» — асаблівая эканамічная зона, якая пачала будавацца ў Смалявіцкім раёне ў 2010 годзе ў адпаведнасці з пагадненнем паміж уладамі Беларусі і КНР. Плануецца, што ў індустрыяльным парку будуць у асноўным экспартна-арыентаваныя, высокатэхналагічныя вытворчасці.