
Наша вандроўка ў аграгарадок Шчорсы, што ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Адлегласць ад сталіцы не такая ўжо і вялікая, усяго нейкіх 140 км. Але Шчорсы таго каштуюць, каб пабываць у іх і дакрануцца да рэшткаў некалі квітнеючай гаспадаркі.
Як маёмасць магнацкага роду Храптовічаў, Шчорсы згадваюцца з 1471 года. Але ёсць успаміны пра іх і шмат ранейшыя: з 1265-га, калі недалёка ад тых мясцін вялікім князем Войшалкам быў заснаваны Лаўрышаўскі манастыр.
Для турыстаў цікавыя Шчорсы руінамі, што засталіся ад некалі магутнай, квітнеючай і заможнай гаспадаркі.
Гаспадарчы двор меў назву “Мураванка Храптовічаў”. Гэта вялізны комплекс розных будынкаў з чырвонай цэглы.
Вядома, што ўзніклі гэтыя пабудовы ў сярэдзіне ці нават у другой палове ХІХ ст. Адважуся нават назваць дату непасрэднага заканчэння будаўніцтва – 1847 год!
У гэтым, на сучасны лад кажучы, прамысловым раёне маёнтка XVIII – XIX стст. варылі піва, выраблялі колы і фурманкі. Займаліся племянной жывёлагадоўляй. Выраблялі смачныя сыры мясцовых гатункаў. Усе гэтыя прысмакі траплялі на сталы заможных літоўцаў і еўрапейцаў.
Ёсць у гаспадарчага комплекса ў Шчорсах адметная асаблівасць — яго вежы.
Не паверу, што руплівыя гаспадары будавалі іх толькі дзеля таго, каб гэты двор быў падобны, ці толькі здалёк нагадваў нейкі замак.
І вось пытанне да чытачоў: дзеля чаго ўзводзіліся вежы, у якім гаспадарчым кірунку яны выкарыстоўваліся?
Калі ёсць меркаванні, пакідайце свае здагадкі ў каментарыях.
Але каб цалкам ахапіць усе архітэктурныя каштоўнасці, якія яшчэ захаваліся ад былога гаспадарчага комплексу маёнтка “Мураванка Храптовічаў”, трэба, канешне, прыехаць сюды і на свае вочы пабачыць усю гэтую непаўторную і, на жаль, знікаючую прыгажосць…
Аўтар праекта “Нашы Руіны” Уладзімір Цвірка
Фотаздымкі аўтара