Алена Сіпакова

Пра падрыхтоўку да Міжнароднага форуму “Беларусы свету на Байкале”, раскол паміж землякамі Іркуцка і пра тое, чаму праз 100 гадоў нашы людзі зноў пераязджаюць у Сібір, расказвала старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова.

Пляцоўка для знаёмтсваў

Нядаўна ад сяброўкі ў “Фэйсбуку” з Іркуцка Алены Сіпаковай атрымала паведамленне: “Кацярына, я ў Мінску! Хачу сустрэцца-пагутарыць”.

З думкай, наколькі ўсё ж сацыяльныя сеткі спрыяюць развіццю стасункаў, сціраюць межы і значна палягчаюць жыццё, еду на сустрэчу з зямлячкай. У прыватнай бяседзе (але пад уключаны дыктафон) даведваюся: сёлетні прыезд спадарыні Алены ў Мінск звязаны з падрыхтоўкай да форуму “Беларусы свету на Байкале”. І хоць пройдзе ён у жніўні будучага года ў Іркуцку, з патэнцыяльнымі партнёрамі ды ўдзельнікамі мерапрыемства дамовы трэба заключаць ужо сёння. Сярод тых, хто падтрымаў ідэю, – Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма”, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, этнаграфічныя клубы, а таксама асобныя фалькларысты і музыканты.

Гэтыя дамоўленасці, растлумачвала Алена Сіпакова, патрэбныя ёй для напісання падрабязнага сцэнарыя форуму і атрымання Гранту на яго правядзенне. Думаю, у суайчынніцы ўсё зладзіцца. Тым больш што злёты беларусаў свету на Байкале становяцца традыцыйнымі: першая такая сустрэча прайшла ў 2015 годзе.

Вельмі хочацца, каб як мага больш было ўдзельнікаў з Беларусі, — сказала Алена. – Мы, беларусы замежжа, калі адрываемся ад Радзімы, шмат страчваем. Адчуваем патрэбу, каб нас падбадзёрылі беларускасцю. А Байкал – такое асаблівае месца, дзе адбываюцца цуды. Калі нешта добрае там ладзіцца, яно падпітваецца энергіяй прыроды, узмацняецца, праз час дае свае вынікі. Думаю, форум “Беларусы свету на Байкале” абавязкова стане месцам для знаёмстваў і наладжвання кантактаў паміж землякамі з розных краін, у тым ліку і прадпрымальнікаў.

Сібірачка беларускага паходжання

Алена Сіпакова – беларуска ў Сібіры ажно ў чацвёртым пакаленні. У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя перабраліся з тагачаснай Магілёўскай губерні ў Іркуцкую вобласць яе прабабуля і прадзядуля. Як тысячы беззямельных сялян ехалі яны па лепшую долю. А там абяцалі: колькі захочаш зямлі, столькі і возьмеш. Дарэчы, хваля перасяленняў 1920-30-х гадоў не першая. Самай масавай лічыцца міграцыя пачатку ХХ стагоддзя – па сталыпінскай рэформе. Аднак яшчэ да яе Сібір “асвойвалі” хадакі, якія самастойна адпраўляліся ў шлях, каб знайсці лепшае месца пад сонцам.

— Спачатку прабабуля і прадзядуля пасяліліся ў вёсцы Мяцёлкіна Заларынскага раёна, якую заснавалі “сталыпінцы”, выхадцы з Магілёўшчыны, — згадвала сямейную гісторыю Алена. – Пасля жылі ў Новамяцёлкіна. А ў сувязі з тым, што у тых месцах знайшлі радовішча графіту, жыхароў перасялілі ў вёску Марыінск. Там ужо і мая маці нарадзілася. Сёння, на жаль, гэтае сяло – выміраючае. З “нашых” там толькі адзін мамін стрыечны брат застаўся. У Новамяцёлкіна я была апошні раз у 2015-м на сустрэчы выпуснікоў школы, ад якой там – толькі фундамент. Цікава, што амаль усе з былых вучняў лічаць сябе беларусамі. А ў вёсцы той толькі тры хаты, і ў адной з іх жыла бабулька 1930-га або 1929 года нараджэння, дачка першых перасяленцаў.

Зямлю беларусам, як абяцалі, далі. І яны, шчаслівыя, працавалі на ёй з асаблівай апантанасцю. Так, што многім ў 30-я пагражала раскулачванне. Ледзь не трапіў пад рэпрэсіі і прадзед Алены. Але яго брат, які быў старшынёй калгаса, своечасова папярэдзіў: “Навум, уступай у калгас, а то ўначы за табой прыедуць…

А вось з якой вёскі Беларусі з’ехалі родныя, Алена дакладна не ведае. Аднак у архівах сямейных легенд захаваўся адрас: вёска Слаўня, Быхаўскі ўезд Магілёўскай губерні. Яго называюць і астатнія жыхары сібірскіх сёл Марыінск і Новамяцёлкіна… На сучаснай карце краіны – дзве вёскі з такой назвай: адна знаходзіцца на мяжы Магілёўскай і Гомельскай абласцей, другая – на Гомельшчыне.

Калі арыентавацца па тых жаночых строях, што засталіся ад перасяленцаў (адзін ад хадакоў — заснавальнікаў вёскі Марыінск, другі належыць сям’і, якая пераехала ў Сібір ў 30-ыя гады), то нашы продкі з’ехалі з вёскі Слаўня, што на мяжы Магілёўскай і Гомельскай абласцей, — дзялілася высновамі Алена Сіпакова. – Але я да той Слаўні яшчэ не даехала. Гэта ў планах чарговага майго падарожжа па Беларусі.

«У архівах сямейных легенд захаваўся адрас…»
Штогод беларусы Іркуцка праводзяць Купалле

Дарэчы, Алена Сіпакова ўпершыню пабывала на радзіме продкаў у 2001 годзе, калі ўдзельнічала ў экспедыцыі студэнцкага этнаграфічнага таварыства па адным з раёнаў Беларусі. Пасля былі з’езды беларусаў свету 2009, 2013 і 2017 гадоў, стажыроўкі на творчых курсах для кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў суайчыннікаў замежжа, удзел у фестывалях мастацтваў беларусаў свету і Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Зоў Палесся”, шмат чаго іншага.

У пошуках лепшай долі ў Сібір і сёння пераязджаюць беларусы     

Увогуле кажуць, што ў Сібіры жывуць каля 350 тысяч выхадцаў з Беларусі. І большая частка з іх – нашчадкі перасяленцаў з самай беднай вобласці краіны Магілёўскай, далей — з Гомельскай, Віцебскай, Мінскай…

Зразумела, ехалі ад беднасці, — удакладніла Алена Сіпакова. – Дабіраліся ў цяплушках, абозамі, пешшу. Першую зіму, бабуля расказвала пра сваіх бацькоў, зімавалі ў зямлянках. Па вясне ўжо будавалі хаты. Талакой: дапамагалі адзін аднаму. І не абы якія ўзводзілі, а дыхтоўныя, прыгожыя… Паказальная ў гэтым плане вёска Тургенеўка, што ў Баяндаеўскім раёне Іркуцкай вобласці. Дагэтуль там захаваліся хаты пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Што цікава, перасяленне працягваецца і сёння. Нядаўна далучылася да Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага сям’я Лабароў, якая два гады таму пераехала ў Іркуцк з горада Крычава Магілёўскай вобласці. На новым месцы жыхарства яны адкрылі салон прыгажосці, збіраюць грошы на кватэру. Да іх хутка збіраецца пераязджаць і бабуля.

Вельмі актыўная ў новых сяброў суполкі дачка Аляксандра.

— Саша Лабар узначаліла маладзёжнае крыло арганізацыі. У мяне на яе вялікія спадзяванні, — прызнаецца Алена Сіпакова. — Дзяўчынка і танчыць, і спявае. Гэта сапраўдная знаходка для нас, яна скончыла музычную школу, аддзяленне харэаграфіі, пераможца шматлікіх творчых конкурсаў. Аляксандра актыўна ўключылася ў дзейнасць суполкі, і яе лідарства я падтрымліваю. Мы стварылі гурток па традыцыйных побытавых і сучасных танцах. З сяброўкамі Саша ладзіць майстар-класы па танцах для моладзі, у тым ліку і ў беларускіх вёсках раёна і вобласці.

«У архівах сямейных легенд захаваўся адрас…»

«У архівах сямейных легенд захаваўся адрас…»
Беларускую культуру прэзентавалі сёлета ў вёсках Прыбайкалля

Летам актывісты таварыства здзейснілі праект “Беларускія вёскі Прыбайкалля”, у трох сёлах Іркуцкай вобласці праводзілі краязнаўчыя конкурсы, майстар-класы па традыцыйных рамёствах, ладзілі выставы мастацка-прыкладной творчасці. Так, пабывалі ў буйнейшай на сённяшні дзень беларускай вёсцы Андрушына Куйтунскага раёна, сёлах Жызнёўка Заларынскага раёна і Чарчэт Кайшэцкага раёна. І ўсюды да ўдзелу у прэзентацыях беларускай культуры Алена Сіпакова прыцягвала моладзь.

На наступны ж год у планах кіраўніцы таварыства адправіць маладых актывістак ў летнік “Беларусь”, які штогод праходзіць у Верхнядзвінску, якраз на мяжы трох дзяржаў – Беларусі, Расіі і Латвіі – і збірае ўдзельнікаў з розных краін.

Саша, ведаю, пасля школы збіралася ехаць у Маскву вучыцца ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, — казала Алена. – Але тата яе адгаварыў: будзе паступаць у інстытут чыгуначнага транпарту  ў Іркуцку на спецыяльнасць “мытная справа”. І я радуюся: на 4-5 гадоў дзяўчынка застанецца з намі. Я і так у апошні час страціла ажно пяць актывістаў: пераехалі ў Санкт-Пецярбург. Што казаць, там перспектыў болей…

Чаму беларус беларусу ў Іркуцку – не брат

Закранулі мы ў гутарцы з Аленай і балючае для яе пытанне – разлад з заснавальнікам і былым кіраўніком Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алегам Рудаковым.

Я змяніла Алега на пасадзе старшыні таварыства па дамоўленасці з ім жа. І тым выратавала, — згадвае Алена. – Было гэта ў 2012 годзе. Да нашай суполкі прыбіліся нейкія неадназначныя асобы, называлі сябе язычнікамі. А чырвонай лініяй у дзейнасці суполкі заўсёды былі і ёсць народныя абрадавыя святы, іх яны вельмі цікавілі. І вось у час Міжнароднага лагера “Байкал-2020”, у якім удельнічалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, з’явіўся дзіўны хлопец. Ён быў у чорных джынсах, на пражцы папругі — нямецкі арол, шынель са свастыкай на рукаве і ў… беларускай кашулі. Яго ўсе фатаграфавалі. А пасля былі вобыскі ў нашым офісе, у кватэры Алега… А ў нас справаздачна-выбарчы сход праз некалькі дзён: абралі мяне старшынёй, каб нікога не правакаваць. Алег мяне сам угаворваў стаць кіраўніком. Дагэтуль жа я была намеснікам, і мне гэтага хапала. Я і сёння ўпэўнена, што кіраваць павінен мужчына, а жанчына займацца пытаннямі культуры, наладжваць сувязі з грамадскасцю, прымаць гасцей. У нас жа дзелавы свет, мужчынскі, і поспех – за моцнай паловай чалавецтва. Таму абвінавачванні, што я “падсядзела” Алега, – несправядлівыя. Я хоць заўтра саступлю яму месца, калі ён выраша вярнуцца. Алег Рудакоў – гэта сапраўды асоба, велічыня, імя яго вядома далёка за межамі Іркуцка і Беларусі. Цяпер Алег у складзе рады Іркуцкага беларускага клуба “Крывічы”. Яны шмат чаго цікавага робяць. Аднак дзейнасць дзвюх беларускіх арганізацый горада ніяк не перасякаецца. На вялікі жаль!

Сэрцайкам жа Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага з’яўляецца сёння сямейны вакальны ансамбль “Ленушка”. Выступаюць у ім мастацкі кіраўнік гурта Таццяна Сіпакова, маці Алены, сама Алена і яе сястра Кацярына. А ў рэпертуары трыа ў асноўным тыя песні, якія прывезлі шмат гадоў таму з сабой ў Сібір продкі-перасяленцы.