
Інфармацыя пра тое, што навучэнцы адзінай беларускамоўнай навучальнай установы за мяжой запрошаны на галоўны дзіцячы песенны конкурс Еўропы, які сёлета праходзіць у Мінску, з’явілася на старонцы беларускага пасольства ў Літве ў “Фэйсбуку”.
Мы звязаліся з дырэктарам Вільнюскай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны Дзіянай Стахновіч:
– На “Еўрабачанне” едуць 20 вучняў гімназіі. Білеты перадала нам Белтэлерадыёкампанія. Мы вельмі ўдзячны за гэта.
Спадарыня Дзіяна паведаміла таксама, што з 1919 па 1944 год у Вільні існавала беларуская гімназія. На другой хвалі адраджэння ў 1991-ым было вырашана: патрэбна, каб ў Вільні зноў з’явілася беларуская школа. Сёння цалкам па-беларуску ідзе навучанне ў пачатковай школе, ёсць прадметы “літоўская мова” і “літоўская літаратура”. У сярэдняй школе дзеці вучацца па праграме літоўскіх школ. Аднак некаторыя дысцыпліны выкладаюцца па-беларуску. Абавязковыя для вывучэння беларуская мова і літаратура.
У гімназіі навучаюцца больш за 200 вучняў розных нацыянальнасцяў, большасць з якіх – дзеці з беларускімі родавымі каранямі.
1 лютага Вільнюская беларуская гімназія імя Францыска Скарыны будзе адзначаць 100-годдзе.