Указ кіраўніка дзяржавы быў падпісаны 16 лістапада.

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў 8 вайскоўцаў з 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл у Печах, дзе восенню мінулага года загінуў салдат Аляксандр Коржыч. Яны атрымалі медалі «за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў». Указ кіраўніка дзяржавы № 447 аб узнагароджанні быў падпісаны 16 лістапада. У аўторак, 20 лістапада, дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, перадае Еўрарадыё.

Медалём «За бездакорную службу» II ступені ўзнагароджаны старшы лейтэнант Аляксандр Ляўкоўскі, камандзір вучэбнага ўзвода вучэбнай роты 114-й гвардзейскай школы па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы. Медалём «За бездакорную службу» III ступені — лейтэнант Максім Габруковіч, камандзір вучэбнай роты 59-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў па эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў; падпалкоўнік Людміла Загорская, намеснік начальніка штаба па мабілізацыйнай рабоце аператыўна-мабілізацыйнага аддзялення; старшы прапаршчык Алег Лаўскі, ад’ютант начальніка 72-га вучэбнага цэнтра; прапаршчык Аліна Лаўская, начальнік сакрэтнай часткі, старшы спецыяліст спецыяльнай сувязі аддзялення забеспячэння вучэбнага працэсу вучэбнага ўзвода спецсувязі 12-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў падраздзяленняў сувязі; старшы прапаршчык Аляксандр Нікіфараў, старшы тэхнік, інструктар палігона батальёна забеспячэння цэнтра тэхнічнага забеспячэння; падпалкоўнік Дзяніс Траццяк, начальнік інжынернай службы; старшы прапаршчык Валерый Язерскі, камандзір аварыйна-рамонтнага тэхнічнага ўзвода 495-га асобнага батальёна матэрыяльнага забеспячэння.

Блогер Віктар Малішэўскі падлічыў, што ў 2018 годзе медаль за бездакорную службу атрымалі 20 вайскоўцаў са згаданага вучэбнага цэнтра. Адзін з іх — з 3-й гвардзейскай школы падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў. «Гэта перамога над дзедаўшчынай», — піша Малішэўскі.