
Пасля васьмі гадоў падарожжаў па Беларусі вядомы мастак-рэстаўратар, дызайнер, вітражыст Уладзімір Цвірка распрацаваў 200 турыстычных маршрутаў, якія назваў залатымі. А родную краіну, якую аб’ехаў літаральна ўздоўж і папярок, лічыць ён бясконца чароўнай.
– Беларусь – краіна незвычайная, не падобная ні на якую іншую ў свеце, – казаў Уладзімір Цвірка на адкрыцці сваёй фотавыставы “Сілуэты спадчыны” ў адной з мінскіх бібліятэк. – Яе прыгажосць трэба ўмець разглядзець, адчуць душой.
Вандраваць па Беларусі Уладзімір Андрэевіч пачаў проста таму, што вельмі хацелася. Як водзіцца, верным спадарожнікам яго быў фотаапарат. Калі збіраўся ў пэўную мясціну, даведваўся пра яе гісторыю, славутасці, чытаў пра людзей, якія там нарадзіліся. З цягам часу вандроўкі сталі нават не захапленнем, а стылем жыцця. Аднойчы ўзнікла ідэя: распрацаваць турыстычныя маршруты па Беларусі для такіх жа апантаных падарожжамі людзей, як ён сам.
– Я не лічу, што ў нас мала турыстычных кніг і даведнікаў. Наадварот, можа, іх ужо і залішне, – тлумачыць Уладзімір Цвірка. – Я ж распрацоўваю амаль што індывідуальныя маршруты для людзей, якія выпраўляюцца ў падарожжы самастойна, на асабістым транспарце. Усе яны – з дакладным указаннем каардынат, адлегласцяў, са звесткамі, якія кафэ і гатэлі знаходзяцца побач. Кожны маршрут па працягласці разлічаны на дзень-два, не болей.
Адразу ў планах падарожніка было распрацаваць 100 маршрутаў. Аднак хутка ён зразумеў, што іх будзе значна болей, і павялічыў колькасць да 150. Сёння канчатковая лічба, якая значыцца і ў назве праекта, – 200. Але і яна – умоўная.
– Проста трэба было недзе нарэшце паставіць кропку, – усміхаецца Уладзімір.


Маршруты ў падарожніка падзелены па абласцях. Самая багатая на славутасці – Гродзенская вобласць. Туды можна здзейсніць больш за 50 вандровак. Бяднейшая – Гомельская, у ёй Уладзімір вылучыў каля 12 маршрутаў.
Распрацаваны аўтарам таксама і тэматычныя вандроўкі. Напрыклад, “Каменныя крыжы”, “Крыніцы”, “Піраміды Беларусі”.

– Асаблівую цікавасць выклікаюць піраміды, – кажа Уладзімір. – Многія не разумеюць, што гэта, пытаюць: “Шкляныя піраміды? Такія, як на плошчы Незалежнасці ў Мінску?” Канешне, не! У нас ёсць піраміды сапраўдныя, гістарычныя помнікі, якім больш за 300 гадоў. У асноўным гэта – капліцы, а створаны яны ў выглядзе пірамід. Калі бачыш такое, хочацца даведацца, адкуль яны, калі і чаму ўзніклі?

Акрамя гэтых, ёсць маршруты, прысвечаныя беларускім знакамітасцям – Адаму Міцкевічу, Яну Чачоту, Напалеону Ордзе, Уладзіславу Сыракомле, Чэславу Неману, іншым.
– Часам кажуць, які ж Чэслаў Неман беларус. Гэта ж паляк! – кажа Уладзімір Цвірка. – А ён да 19 гадоў жыў у Беларусі: рос, вучыўся, ствараў, спяваў, выступаў. Ён – наш! Адзіны ў свеце музей Чэслава Немана – у Беларусі. Не шмат хто ведае, што і Напалеон Орда пахаваны на Радзіме.
Згадаў падарожнік і сваю першую вандроўку. Гэта быў аграгарадок Грозава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Аднак сёння з гэтым месцам у Уладзіміра Андрэевіча звязаны балючыя ўспаміны. Восем гадоў таму быў у Грозава прыгожы палац, пабудаваны ў класічным стылі. Але яго аддалі нейкай арганізацыі, а тая рабіла рамонт: на сцены палажылі металічныя балкі, а зверху цяжкія бетонныя перакрыцці. І дом рухнуў.
Той сядзібны дом сярэдзіны XIX ст. застаўся толькі на фота.

– Калі езджу ў Грозава, заходжу ў мясцовую адміністрацыю, – кажа Уладзімір. – Дабіваюся, каб накрылі дах. Будынак жа разбураецца…
А ўмоўна апошняя паездка аўтара праекта была ў пасёлак Відзы, што ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.

– Трэба ж было недзе паставіць кропку! Калі фатаграфаў Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, разумеў: гэта – мой апошні аб’ект. Аж мурашкі па спіне пайшлі, – прызнаваўся Уладзімір.
Увесь сабраны матэрыял – фотаздымкі, гістарычныя звесткі пра мясціны і іх жыхароў, легенды – аўтар называе пасланнем ў будучыню. Спадзяецца, што ўсё гэта спатрэбіцца архітэктарам, рэстаўратарам, мастакам.
Пасляслоўе
Уладзімір Цвірка: “Праект “200 унікальных залатых маршрутаў па маёй Беларусі” закончаны, ён атрымаўся. Гэта – вялізны аб’ём інфармацыі, толькі фотаздымкаў храмаў, сядзіб, замкаў, капліц – каля трох мільёнаў. Сёння ж перада мной наступная задача: падзяліцца здабыткам з іншымі. Думаю, хутка гэты скарб увасобіцца ў асобны сайт. Аднак і не вандраваць я больш не змагу. Беларусь – бясконцая… У ёй шмат нязведанага і цікавага”.








Фотаздымкі Уладзіміра Цвіркі.