Ігар Лучанок. © Фото: Serge Serebro

Учора ў Мінску развіталіся з кампазітарам, народным артыстам Беларусі і СССР Ігарам Лучанком.

Пад мокрым снегам, які хутка пераўтварыўся ў дождж, да Дому афіцэраў бясконцай чарадой ішлі людзі. І былі сярод іх вядомыя – спевакі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, спартсмены, палітыкі. Сціпласцю вылучаліся асобы непублічныя: простыя, але шчырыя прыхільнікі творчасці Маэстра. І ўсе з кветкамі – вялікімі і маленькімі букетамі белых і чырвоных руж ды гваздзік.

На сцэну адно за адным узнімалі вянкі, перавязаныя чорнымі стужкамі з подпісамі: ад родных, калег, сяброў, гуртоў, удзячных слухачоў. Вянок ад прэзідэнта Беларусі ўсклала кіраўнік Адміністрацыі Наталля Качанава, якая наведала Дом афіцэраў яшчэ да пачатку паніхіды.

“Быць дабру!” – апошнія словы Ігара Лучанка сябру…
Фота аўтара

Людзей было столькі, што падчас жалобнага мітынгу многія нават стаялі ў праходах канцэртнай залы.

І кожнаму з тых, хто прыйшоў, было што сказаць пра Ігара Міхайлавіча, прыгадаць гісторыю знаёмства, падзякаваць за дапамогу, параду альбо добрае слова, якое стала пуцёўкай у жыццё.

Міхаіл Снітко, дырыжор Мінскага сімфанічнага аркестра “Алімпія класік”, расказаў “НВ”, як пазнаёміўся з Маэстра, пра адносіны Ігара Лучанка да дзяцей і жонкі, якое месца ў гісторыі сусветнай музыкі займае творчасць кампазітара:

– З Ігарам Міхайлавічам мы пазнаёміліся 30 гадоў таму ў горадзе Магдэбурге, калі я ўзначальваў ансамбль песні і пляскі Савецкай арміі, а ён як народны дэпутат БССР выязджаў з шэфскімі канцэртамі ў  заходнюю групу войск. Скажу шчыра, беларуская музыка (а я вывучаў музычнае мастацтва не адно дзесяцігоддзе ў трох кансерваторыях – у Мінску, Маскве і Санкт-Пецярбургу) дасягнула найвышэйшага росквіту менавіта ў яго творчасці. Шэраг песень – сапраўдныя шэдэўры сусветнага і гістарычнага значэння. Яны будуць жыць вечна. Ігар Міхайлавіч меў выдатную адукацыю. Да таго ж, яго самавыхаванасць… Ён быў жаўрук. Уставаў у 4 гадзіны раніцы штодзень. Ведаю: ноты, якія можна сёння набіраць на камп’ютары, пісаў ад рукі. Шмат рабіў для людзей, калі знаходзіўся на пасадзе старшыні Саюза кампазітараў Беларусі. Дапамагаў з атрыманнем ганаровых званняў, жылля, пуцёвак у санаторыі. У яго ёсць песня “Спадчына”. Трэба сказаць, што слова гэтае – глыбокафіласоўскае. Ён вельмі ўдзячны быў бацькам. Тата купіў яму трафейнае імпартнае піяніна, доўга пасля аддаваў даўгі за яго. У Ігара Міхайлавіча цудоўная жонка, Аляксандра Рыгораўна. У апошнія гады глядзела за ім, як за дзіцём. А ён хваліўся: жонка гатуе ўсё лепш ды смачней. Ганарыўся Лучанок і дзецьмі: сынам Андрэем і дачкой Святланай. Увогуле ў іх вельмі дружная, моцная, цудоўная сям’я.

Пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі прызнаваўся:

– Мне пашчасціла напісаць кніжку пра Ігара Лучанка, дакументальную аповесць “Басанож па зорках”. І гэта было пакутнае пісанне, трэба было пранікнуцца ў сутнасць генія. А Лучанок такі – геній! Апошнія два словы напісаў ён мне сёлета 6 жніўся, на сваё 80-годдзе: “Быць дабру”. Гэты надпіс застаўся на яго кнізе. Адчуваецца, рука была ўжо не такая ўпэўненая. Але два словы гэтыя вельмі моцныя. Я іх цяпер расшыфроўваю, як усім нам жывым наказ. Быць дабру нашай Беларусі, культуры, мове, прыгожым і таленавітым людзям. Такі быў яго дэвіз жыцця, яго праўда і жаданне. Ігар Лучанок адбыўся ва ўсіх іпастасях. А ўзнагароду – жыццё пасля жыцця – здабыў сабе сам. Ён жывы, і песні яго жывыя. На ўсе стагоддзі. Колькі будзе жыць Беларусь, столькі будуць жыць і песні Ігара Лучанка.

“Быць дабру!” – апошнія словы Ігара Лучанка сябру…
Фота аўтара

А народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Ханок здзівіў:

– У перыяд нашага абаюднага з Ігарам Лучанком служэння савецкай песні мы не былі сябрамі, а канкурэнтамі. Але гэта быў здаровы і карысны тып канкурэнцыі. Пасля мы, канешне, зблізіліся, пасябравалі. Ён заўсёды быў рады мяне бачыць і вельмі чакаў на каву. Нашы гутаркі былі цікавыя. Аднак нашыя адносіны назаўсёды застануцца ў гісторыі як прыклад здаровай творчай канкурэнцыі.

Заслужаная артыстка Беларусі, член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына Дарафеева песні Ігара Лучанка выконвала яшчэ ў дзяцінстве. А ўжо ў дарослым узросце атрымала творчае бласлаўленне Маэстра:

–  Узгадваю сябе маленькай дзяўчынкай, калі выходзіла разам з хорам на сцэну. Мы спявалі “Спадчыну”, “Мой родны кут”. Ужо тады ўражвалі глыбіня і шчырасць музыкі, якая пранікала ў самае сэрца. Праз гады пашчасціла пазнаёміцца з кампазітарам. Памятаю яго бадзёрым, энергічным. Заўсёды быў поўны творчасці. Аднойчы ён сказаў: “Іра, спявай ўсё, што табе падабаецца”. І я з задавальненнем выконваю яго песні, бясконца яму ўдзячна.

Заслужаны артыст БССР, саліст ВІА “Песняры” Леанід Барткевіч упэўнены:

– Ігар Лучанок – вялікі кампазітар, я ведаў яго больш за 50 гадоў. Ён стварыў “Песняроў” – гэта можна смела сказаць. А сваім мастацтвам праславіў Беларусь у свеце.

І сапраўды, калі б не творчае сяброўства Ігара Лучанка і Уладзіміра Мулявіна, і “Песняры” не былі б тымі “Песнярамі”. Пуцёўку ў жыццё даў творца многім сваім вучням – Віктару Вуячычу, Яраславу Еўдакімаву, Валерыю Кучынскаму, Уладзіміру Павалінскаму, іншым.

На жалобным мітынгу спачувальныя словы ад прэзідэнта Беларусі зачытаў міністр культуры Юрый Бондар. Пасля ад сябе дадаў:

– Маштаб страты нам яшчэ спатрэбіцца асэнсаваць. Ад нас сышоў чалавек, з якім звязана цэлая эпоха ў развіцці беларускага эстраднага мастацтва. Мы выраслі на яго песнях. Маё пакаленне з самага нараджэння было знаёма з бессмяротнымі творамі Ігара Міхайлавіча.

Выказвалі спачуванні родным, згадвалі сустрэчы з Ігарам Лучанком падчас мітынгу старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Панасюк, памочнік міністра абароны Леанід Касінскі, рэктар Акадэміі музыкі Кацярына Дулава, кампазітар Галіна Гарэлава, паэт Леанід Дранько-Майсюк, першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк, старшыня Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч.

“Быць дабру!” – апошнія словы Ігара Лучанка сябру…
Фота аўтара

У апошні шлях любімага кампазітара Ігара Лучанка праводзілі пад гукі пахавальнага маршу і апладысменты.

Пахавалі кампазітара на Маскоўскіх могілках.

Нагадаем, памёр Маэстра ў ноч на 13 лістапада. Было Ігару Лучанку 80 гадоў.