Раман Пратасевіч. Фота: Facebook

Раніцай 5 лістапада журналіст Раман Пратасевіч патэлефанаваў галоўнаму рэдактару Еўрарадыё Паўлу Свярдлову і распавёў, што да яго прыйшлі з крымінальнага вышуку, і што ён ужо знаходзіцца ў службовым аўтамабілі. Прычынай затрымання быццам бы сталі хуліганскія паводзіны “ў аўтобусе месяц таму”.

Крыху раней журналіст напісаў пра сваё затрыманне ў твітары:

Ко мне в квартиру пришли сотрудники уголовного розыска. Забирают.

Якобы хулиганка.
7:17 AM — Nov 5, 2018

Зараз Пратасевіч знаходзіцца ў Першамайскім РУУС.

«Справа распачатая па ч.1 атрыкула 339 (Хуліганства), — распавёў Еўрарадыё затрыманы журналіст. — Нібыта ў 20-х чыслах верасня я ехаў да дзяўчыны ў Лошыцу і ўдарыў кіроўцу аўтобуса. Кіроўца нібыта апазнаў мяне па фота».

З 1 верасня 2018 года Раман Пратасевіч часова акрэдытаваны пры МЗС у якасці карэспандэнта Еўрарадыё. Тэрмін акрэдытацыі скончыўся 31 кастрычніка. У сярэдзіне кастрычніка мінскі карпункт Еўрарадыё звярнуўся ў знешнепалітычнае ведамства для працягу акрэдытацыі.