Міхась Скобла

Трыццаць пяць гадоў таму Мінск пачаўся для мяне з… могілак. Настаўнік Пятро Марціноўскі, з бацькоўскай апекай даставіўшы мяне ў сталіцу для паступлення ў БДУ, адразу пасля прыёмнай камісіі павёў свайго агаломшанага вулічным тлумам вучня на зацішныя Вайсковыя могілкі. І там мы няспешна хадзілі, як па вялікай камунальнай кватэры, з візітамі – ад Паўлюка Труса да Алеся Гурло, ад Кузьмы Чорнага да Валянціна Таўлая, ад Янкі Купалы да Якуба Коласа…

“Вайсковыя могілкі Мінска / не будуць варот зачыняць. / Спыніся, далёкі ці блізкі, – тут маршалы нацыі спяць…” Пры кожнай магіле настаўнік чытаў з памяці вершы, расказваў пра пісьменнікаў гісторыі, якія не маглі трапіць у школьныя падручнікі. Тлумачыў, чаму Купала і Колас – маршалы нацыі. І гэта быў самы запамінальны ўрок літаратуры ў маім жыцці!

Даўно няма на свеце майго настаўніка. Далёка ляжыць – не заўсёды і даедзеш на Дзяды ці Радаўніцу. А вось на Вайсковых могілках я стараюся бываць часцей. Едзеш міма, прыпынішся – з усіх вуліц вароты, як і раней, не зачынены.
Вось і сёлета напярэдадні памінальных дзён зайшоў я ў браму нацыянальнага некропаля з боку Даўгабродскай. І – не пазнаў яго. Не, магіла першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага пры самай браме была на месцы. Але за ёй… Леваруч ад галоўнай алеі могілкі нагадвалі спілаваны лес. Замест старых помнікаў і агароджаў цьмяна паблісквалі пакладзеныя проста на зямлю стандартныя мармуровыя пні-шыльдачкі. Пад імжой невыразныя надпісы на мокрым камені чыталіся з цяжкасцю, разбіраць іх давялося ледзь не навобмацак.

І гэта называецца добраўпарадкаванне? Прычым прыкладна на трэці шыльдачак надпісаў не было зусім. Затое паблісквалі залатымі літарамі некранутыя ўпарадкавальнікамі помнікі на магілах тэрарыста Івана Пуліхава, які ў 1906 годзе спрабаваў забіць мінскага губернатара Курлова, і “зампреда ГПУ Бел.” (так напісана) Іосіфа Апанскага, што загінуў “от руки контрреволюции” ў 1927-м. У тым жа шэрагу бачна ці не самая наведваная, мяркуючы па жывых кветках, магіла амерыканкі Рут Уолер, супрацоўніцы дабрачыннай місіі, якая памерла ў 1946 годзе. І як жа прыкра, што поруч з помнікам зроблены сметнік. Ну не знайшлося для яго больш прыдатнага месца…

Поўны тэкст чытайце у газеце «Народная Воля» за 2 лістапада.