Ці атрымаюць беларусы да канца году сярэдні заробак у 500 долараў?

165
Фото: DW

Эканаміст Леў Марголін распавёў “Народнай Волі”, чаму ў Беларусі знізіліся заробкі.

Не так даўно прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас правёў рабочую нараду па заработнай плаце ў краіне. Падставай для нарады стала тое, што сярэднія заробкі беларусаў у верасні знізіліся амаль на 24 рублі і склалі па афіцыйнай статыстыцы 964 рублі.

Нагадаем, раней у Савеце міністраў заяўлялі, што, па дадзеных за верасень бягучага года, сярэдні заробак у краіне можа выйсці на ўзровень каля 1000 рублёў, а ў далейшым не будзе апускацца ніжэй.

– Калі казаць пра сярэдні заробак, то ёсць нейкая мяжа, ліміт, які можа вытрымаць беларуская эканоміка ў сёняшнім стане, – кажа эканаміст. – І гэта недзе – каля 450 долараў. Калі ж робяцца спробы пэўным чынам павысіць гэты ліміт (альбо прадпрыемствы прымушаюць працаваць над гэтым, альбо з бюджэта даюць больш фінансаў на заробкі), то справа звычайна заканчваецца тым, што беларускі рубель пачынае слабець. І хаця ў рублёвым вылічэнні заробкі растуць, але ў доларавым эквіваленце ўсё роўна вяртаюцца да тых самых 450 долараў.

– Чаму ў верасні знізіліся заробкі?

– Я мяркую, што старшыня ўрада нешта не ўлічыў, калі рабіў прагнозы. Магчыма, думаў, што напачатку восені пачнецца далейшы рост, не выключана, што ён апіраўся на статыстычныя дадзеныя мінулых гадоў. Але маем тое, што маем. Думаю, у снежні сярэдні заробак усё-такі дасягне тысячы рублёў, але ж мы бачым, што разам з гэтым расце і долар. Таму, па маіх прагнозах, 500 долараў да канца году не атрымаецца ўсё роўна.

Поделиться ссылкой: